Праўда, і Ван Гогу было не соладка адно толькі за харчаваньне і жытло выкладаў у школе Стоўкса асновы французскай і нямецкай моў, а таксама арыфметыку і даглядаў за вучнямі-хлопчыкамі пасьля заняткаў, а ў вольны час даваў яшчэ і прыватныя ўрокі. У сярэдзіне года школа тая пераехала ў прыгарад Лондана Айлворт, дзе Вінцэнта запрасіў працаваць у сваю школу пастар Джонс. Тым часам Ван Гог вельмі ўпадабаў творы Рэмбрандта на біблейскія сюжэты, чытаў і перачытваў Новы Запавет, задаваўся пытаньнем з «Пасланьня да рымлянаў сьвятога апостала Паўла»: «Няшчасны я чалавек! хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?» Ці не мроілася яму тады адна з пліт на могілках у родным Грот Зюндзерце, на якой было накрэсьлена ягонае імя?!
Неўзабаве пастар Джонс агледзеў у маладым чалавеку прапаведніцкі талент, вызваліў ад некаторых абавязкаў у школе і ў лістападаўскую нядзелю Вінцэнт прамовіў сваю першую казань. Заканчваў ён яе вобразамі сонца і сьвятла, і гэтае памкненьне да сьвятла суправаджацьме Ван Гога ўсё астатняе жыцьцё.
Тым часам ён так шмат і апантана працаваў у школе і ў царкве, што сваякі спалохаліся, калі ўбачылі яго на Каляды ў бацькоўскім доме. Яны здолелі ўгаварыць Вінцэнта не вяртацца ў Англію, а дзядзька Сэнт падшукаў яму месца гандляра ў кнігарні Дортрэхта. Вінцэнт пэўны час папрацаваў там, але напярэдадні свайго дваццацічатырохгоддзя высьпеліў рашэньне стацца сьвятаром.
У 24 гады, зьведаўшы не адзін занятак, чалавек нарэшце вырашыў, кім хоча быць насамрэч! І, заўважым, памыліўся. А ў нас такое лёсаноснае рашэньне мусяць прымаць падлеткі. Пасьля заканчэньня 89-ці класаў або атрымаўшы пасьведчаньне аб сканчэньні сярэдняй школы, а гэта значыць у 1415 або ў 1617 гадоў. Фактычна яшчэ дзеці без аніякага жыцьцёвага вопыту павінны ўзяць на сябе цяжкую адказнасьць вырашыць, куды паступацьмуць вучыцца далей, а значыць, і выбіраць прафесію, далейшы шлях па жыцьці
Але вернемся ў Галандыю. Цягніком даехаў Вінцэнт да Уданбаха, а потым дайшоў пехатою да вёскі, у якой нарадзіўся, абыйшоў там усе памятныя мясьціны. Завітаў і на кладзішча, дзе ўбачыў на магіле брата пліту з іх агульным іменем: «Вінцэнт Вілем Ван Гог, 30 сакавіка 1852 г.» У Ван Гога мог бы быць старэйшы брат! Уяўляеш сабе тагачасны Вінцэнтаў стан?! Пагадзіся, бывае, што пачуваешся ніякавата, нібыта і сам крыху вінаваты, калі дазнаешся, што нехта адыйшоў у раньнім узросьце або пражыў значна меньш за цябе. Хаця ніякай віны нібыта і не павінна быць
У Дортрэхт Вінцэнт вярнуўся з цьвёрдым намерам несьці людзям слова Божае. Але каб зрабіцца пастарам, трэба было паступіць на тэалагічны факультэт Амстардамскага універсітэта, а бацька не мог аплаціць падрыхтоўчыя заняткі. На дапамогу зноўку прыйшлі дзядзькі як з бацькоўскага, так і матчынага боку.
Вінцэнт спыніўся ў Амстардаме ў вялікім доме дзядзькі Ёхана, які меў адміральскі чын і займаў значны пост на верфях! А адмірал, дазволю сабе перафразіраваць знакамітае ў апошнія гады выслоўе, ён і ў Галандыі адмірал! Другі дзядзька, пастар Стрыкер, дапамагаў слушнымі парадамі.
Вінцэнт упарта вывучаў лаціну і старагрэцкую мову, алгебру і геаметрыю, а таксама гісторыю і геаграфію. Аднак вучоба давалася цяжка, і Ван Гог засумняваўся, ці хоча займацца на тэалагічным факультэце, і ўсё больш часу стаў прысьвячаць маляваньню. У кастрычніку 1878 года ён адмовіўся здаваць экзамены, да якіх рыхтаваўся цэлых пятнаццаць месяцаў, але не пакінуў надзеі стаць сьвятаром.
Вінцэнт вярнуўся ў Этан, зноў пачаў займацца, напісаў некалькі сачыненьняў на багаслоўскую тэматыку паводле твораў Рэмбрандта і ўрэшце пачаў вучобу ў школе па падрыхтоўцы місіянераў у Лакене, што пад Бруселем. Але і там праявіўся ягоны занадта ўспыхлівы і незалежны характар.
Тады Вінцэнт паехаў прапаведваць у Барынаж, у панылую шахцёрскую мясцовасьць на поўначы Бельгіі, і жыў там як звычайны вугальшчык. Ведаеш, калі згадваю данецкія або салігорскія тэрыконы, дык робіцца ніякавата, а самі шахцёры падаюцца мне людзьмі, якія штодня апускаюцца ў апраметную. Вінцэнт, з ягонай чуйнаю душою ўсяляк стараўся несьці ім палёгку. Аднак Евангелічнае таварыства ў Бруселі не ўпадабала занадта апантанае служэньне і забараніла Ван Гогу займацца місіянерскай дзейнасьцю, але той не зважаў на забарону. Нават бацька і брат Тэа не ўхвалялі Вінцэнтаву апантанасьць рэлігіяй і паўгалодны лад існаваньня. Зноў перапынілася ліставаньне з братам, гэтым разам на дзевяць месяцаў. Але Вінцэнт пакутліва працягваў шукаць сваё месца ў жыцьці.