Дазволю тут сабе адхіліцца ад тэмы, бо калі прамаўляю або прачытваю гэтае слова, дык пачынае гучаць увушшу «Абсэнт» ці не самая сьпеўная кампазіцыя, ці не самы хітовы тэкст з застольнага альбома «Крамбамбуля. Паўлітра добрага настрою».
Pardon, je ne parle pas français. Кавярня, прыцемкі, абсэнт Мігціць наперадзе расстаньне, І сьвечка на стале згасае
Рэфрэн:
Учора ці сёньня, Яшчэ ці ўжо Растуць парасоны
Пад цёплым дажджом. Усё летуценна, І веры няма сабе. Усё нерэальна, Нібыта ў сьне: Начная кавярня, Агні ў вакне, І водар расстаньня, Палынны напой абсэнт.
Усё ў жыцьці не назаўжды. Праходзяць летнія дажджы. Усё мінае, ўсё зьнікае, Тугою зьменіцца каханьне.
Рэфрэн.
Французы кажуць: cest la vie. Я буду жыць, і ты жыві. Запомнім мы кавярню гэту І пах расстаньня і абсэнту.
Рэфрэн.
Ня ведаю, наколькі даспадобы горкая настойка аўтару працытаваных словаў Лявону Вольскаму дарэчы, таксама выпускніку Менскай мастацкай вучэльні, але мне мімаволі згадваецца яшчэ і пікасава «Аматарка абсэнту», уся сіне-зялёная, як той самы напой. Але напраўду бывае ён і чырвонага колеру, а дакладней таіндзіга ружовага.
Сам я першы раз замаўляў абсэнт у маскоўскім прывакзальным павільёне сьпіртных напояў. Разгаварыўся з гаспадаром, армянінам паводле нацыянальнасьці, будаўніком паводле адукацыі, і зьдзівіўся, як ажывіўся ён пры маёй згадцы пра Ван Гога. Вось, уразіўся я, гандляр, а ведае еўрапейскі жывапіс! На самой справе ажывіўся ён, бо адгадаў у маёй асобе патэнцыйнага пакупніка дарагога элітнага напою з аднайменнай назваю! Аказалася, што і сёньня вырабляюць абсэнт на аснове экстракта палыну горкага (Artemisia absinthium) па ўсёй Еўропе, а найперш у Нідэрландах, Францыі, Чэхіі. У Расіі на ім сьпецыялізуецца цэлая фірма, ні больш ні меньш ТАА «Абсэнт Вінцэнт Ван Гог»! (Чорны гумар, пазьней зразумееш, чаму хай бы дадавалі да пляшкі брытву-галяк для абразаньня вушэй!) Кажуць яшчэ, што абсэнт робіцца ў нас модным, як была моднаю тэкіла мексіканская самагонка з кактусаў, на той час, як у некаторых краінах забаронена вырабляць і прадаваць яго, бо спажываньне нібыта вельмі хутка вядзе да прывыканьня і амаль наркатычнай залежнасьці. У склад напою ўваходзяць настоі з каранёў і лістоты анісу, бадзяну, дзягелю, душыцы, мяты, палыну, чабору і іншых траў, а таксама ванілін, цукар, эфірныя алеі. Але ці не найпершая прычына забароны ягоная моц ад 60 да 72 градусаў, а дакладней працэнтаў этылавага сьпірту?
Чуў, што досыць хутка абсэнт выклікае алкагольную залежнасьць, але ў ХІХХХ стагоддзях ён быў вельмі папулярны ў асяродку творчай багемы. Аднак мяркую, што Шарль Бадлер, Пабла Пікаса, Эрых Марыя Рэмарк, Эрнест Хэмінгуэй і іншыя спажывалі яго ў разнастайных кактэйлях, а не ў чыстым выглядзе. І ўсё ж, пагадзіся, каб спажываць такі кактэйль, як «Абсэнтнае вока» траціна мятнага лікёру на дзве траціны абсэнту з дадаткам лёду, таксама патрабуецца моц, калі не мужнасьць.
Як там ні было, але «Рэстаранны інтэрер», а таксама «Рэстаран Сірэны», дзе, мабыць, за «вогненнай вадой» заседжваўся з сябрамі наш вогненны Авен, адны з самых спакойлівых, на мой погляд, палотнаў парыжскага перыяду. І хаця не магу ўявіць Ван Гога завадатарам застольных песьняў або прамоўцам тостаў, думаю, што парыжскі перыяд творчасьці быў ці не самы шчасьлівы ў мастака. Там быў поруч брат Тэа, былі сябры, была акрыленасьць, вера ў свае сілы, новыя адкрыцьці ў тэхніцы жывапісу. Там ён старанна і прагна засвойваў тэхніку пуантылізму Сёра, перадачу формы з дапамогаю графічна акрэсьленых плямаў колеру і сінтэтызм Гагена.
Фактычна першы раз удзельнічаў Ван Гог і ў выставах прафесіяналаў. У фае Свабоднага тэатра поруч з палотнамі Сёра і Сіньяка выставіў ён некалькі сваіх твораў. Выстаўляўся Ван Гог разам з Эмілем Бернарам, а потым і з Полем Гагенам. Адна зь іх выстаў экспанавалася ў кабарэ «Тамбурын», з гаспадыняй якога ў мастака адбыўся шалёны раман з «самымі неверагоднымі і даволі непрыстойнымі амурнымі прыгодамі». Італьянка, чымсьці няўлоўным падобная да японкі, былая натуршчыца Агасьціна Сегаторы, калі яшчэ раз пакарыстацца тэрмінам з японскай паэтыкі, стала ягоным саторы духоўным абуджэньнем, прасьветленасьцю, азарэньнем На той час захапіўся Ван Гог і японскай ксілаграфіяй, а найболей прываблівалі яго такія майстры, як Кацусіка Хакусай, Кітагава Утамара і Анда Хіросігэ. Вельмі арганічна ўпісваюцца ў тыя ксілаграфіі іерагліфічныя подпісы або нават цэлыя паэтычныя радкі. Таму не магу тут не згадаць, што вельмі захапляўся з сябрамі такімі японскімі формамі вершаскладаньня, як танка і хоку. Напэўна ж, падпісаў і Табе кніжку «Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў»?