Эдгар Аллан По - Маска Чырвонае Смерці (зборнік) стр 16.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 117 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Хвароба лэдзі Мадэліны доўгі час бянтэжыла яе дактароў. Пастаянная апатыя, усё большая знясіленасць і шматлікія, хаця і непрацяглыя, прыпадкі, падобныя да каталептычных, складаліся ў незвычайны дыягназ. Да гэтага яна мужна змагалася з абвастрэннямі хваробы і не дазваляла сабе злегчы. Але ўвечары таго дня, калі я прыехаў, яна як з невымоўнай усхваляванасцю паведаміў мне яе брат саступіла спусташальнай сіле разбуральніцы, і я зразумеў, што той вокамгненны позірк, кінуты мною на яе, можа стаць апошнім і што я не ўбачу яе болей прынамсі, жывою.

Некалькі дзён ні я, ні Ашэр не згадвалі яе імя. Цягам гэтага часу я рабіў усё, каб развеяць тугу майго сябра. Мы малявалі або чыталі разам, а часам я, нібы ў сне, слухаў шалёныя імправізацыі ягонай гітары, якая быццам валодала дарам гаварыць. Па меры таго як расла і расла нашая блізкасць, адкрываючы мне доступ да таямніцаў ягонага сэрца, я з усё большай горыччу ўпэўніваўся ў марнасці сваіх высілкаў суцешыць душу, з якой змрок, нібы неадемная і абавязковая яе частка, выліваўся на ўсё духоўнае і матэрыяльнае, бесперапынна выпраменьваючы тугу.

Памяць пра шматлікія змрочныя гадзіны, праведзеныя мною сам-насам з уладаром Дому Ашэраў, ніколі не пакіне мяне. Але мне б ніколі не ўдалося хаця б даць уяўленне пра тое, чым былі заняткі, да якіх ён залучаў мяне, у якіх ён кіраваў мною. Хісткая і зменлівая, нерэальная атмасфера кідала на ўсё вакол пякельны водбліск. Ягоныя доўгія імправізаваныя пахавальныя плачы заўсёды будуць гучаць у мяне ўвушшу. Сярод іншага болем адгукаецца ўва мне ўспамін пра нейкую дзіўна вычварную варыяцыю на тэму шалёнай мелодыі апошняга вальсу фон Вэбера*. З карцінаў, якія нараджала ягоная буйная фантазія, якім кожны мазок дадаваў няяснасці і якія напаўнялі мяне трымценнем тым большым, што я не ведаў яго прычыны,  з гэтых карцінаў, што і цяпер стаяць перад вачыма, толькі маленькая частка падлягала слоўнаму апісанню. Строгая прастата лініяў, выразны, без прыхарошвання, малюнак усё забірала ўвагу і завалодвала гледачом даастатку. Калі якісьці смяротны і мог маляваць ідэю, то гэтым смяротным быў Родэрык Ашэр. Прынамсі, мне, у тых абставінах і ў тым атачэнні, бачылася, як з чыстых абстракцыяў, якія пад рукою майго сябра-іпахондрыка ўвасабляліся на палатне, нараджалася найглыбейшая і невыносная жуда, ні ценю якое я ніколі не адчуваў, сузіраючы безумоўна бліскучыя, але ўсё ж занадта канкрэтныя відзежы Фюзелі*.

Адзін з фантасмагарычных твораў майго сябра, не такі немагчыма абстрактны, як іншыя, можна, хоць і ў невялікай ступені, пераказаць словамі. Маленькая карціна выяўляла неймаверна доўгі прастакутны склеп або калідор, нізкі, з гладкімі белымі сценамі без аніякага ўзору або няроўнасці. Некаторыя дэталі малюнка давалі адчуць, што гэты склеп ляжыць вельмі глыбока пад зямлёю. Ніводнага выхаду не было відаць на ўсёй неагляднай яго прасторы, не было ніводнай паходні ці яшчэ якой-кольвек штучнай крыніцы святла. Тым не менш мноства яркіх прамянёў залівала ўвесь склеп, поўнячы яго дзіўным жудасным ззяннем.

Я толькі што згадваў пра хваравітасць слыхавога нерва, якая любую музыку рабіла для пакутніка невыноснай, за выняткам гучання некаторых струнных інструментаў. Магчыма, вузкая сфера, якою ён абмежаваў сябе,  гітара у значнай ступені абумовіла фантастычнасць ягонага грання. Але нечуваную лёгкасць яго імправізацыяў гэтым патлумачыць немагчыма. Неўтаймоўныя фантазіі, выказаныя і ў гуках, і ў словах (зрэдку ён суправаджаў музыку вершаванымі экспромтамі), мусілі быць і былі вынікам напружанай разумовай засяроджанасці, якую, як я ўжо казаў, можна было назіраць толькі ў асаблівыя моманты найвышэйшай, штучна выкліканай экзальтацыі. Словы адной з такіх рапсодыяў я лёгка запомніў. Магчыма, яе выкананне так моцна ўразіла мяне, бо акурат тады я, зразумеўшы яе найглыбейшы схаваны сэнс, упершыню выразна адчуў: Ашэр цалкам усведамляе, што трон яго высокага розуму пахіснуўся. Верш, які называўся «Закляты замак», гучаў прыблізна, а магчыма, і дакладна так:

У даліне, дзе ўрачысты
Хваласпеў-харал гучаў,
Маляўнічы й прамяністы
Замак велічна паўстаў.
Розуму была там воля
Над усім, І не асланяў ніколі
Лепшых земляў серафім.

Гордых вымпелаў палотны
Замкавы вянчалі дах
(Дзень згубіўся той зіхотны У вяках).
Там ветрык лёгкі над мурамі
Шукаў забаў
Сабе, гуляючы сцягамі,
Няўлоўны водар забіраў.

Хто ішоў праз дол спагадны,
Бачыў там агонь не цьмеў
Духаў танец пад суладны,
Меладычны лютняў спеў.
Там, у велічнай паставе,
Сын каралёў,
На троне ў асляпляльнай славе
Сядзеў уладца тых краёў.

Рубіны й перлы сноп праменняў
Слалі з замкавых дзвярэй,
З іх струменіў і струменіў,
І іскрыўся ўсё мацней
Хор галасоў; дзівоснай сілы
Яны былі, Іх песня караля хваліла
Не будзе лепшай на зямлі.

Ды змрочны дэман, скруха злая
Яго пазбавіла стальца.
О, плачце, бо яго адчаю
Ужо не прычакаць канца,
І слава болей не паўстане
Бліскучы шчыт;
Яна няяснае паданне,
Што адышло ў нябыт.

І хто пабачыць у трымценні
Чырвонае святло ў акне,
Дзе так бязладна скачуць цені,
Той спешна замак абміне.
Імкнецца вонкі жах суцэльны
Пачвараў плынь жывая.
Там можна рогат чуць пякельны,
А ўсмешак не бывае.

Я добра памятаю, што гэтая балада выклікала ў нас шэраг разважанняў, што рабілі яснай адну думку Ашэра, якую я згадваю тут не таму, што яна такая ўжо новая (бо так думалі і іншыя[9]), а праз настойлівасць, з якою ён яе трымаўся. У агульным гэтая думка зводзілася да таго, што ўсё жывое здольнае адчуваць. Але ў ягоным хваравітым уяўленні гэтая думка змянілася ў больш дзёрзкую, якая ў пэўных аспектах урывалася ў царства нежывой прыроды. Мне бракуе словаў, каб выразіць, як аддана ён трымаўся гэтай думкі і наколькі быў у ёй упэўнены. Гэтае ўяўленне, аднак, было звязанае (як я намякаў раней) з шэрымі камянямі замка ягоных продкаў. На ягоную думку, здольнасць гэтага дому адчуваць была абумоўленая спосабам злучэння камянёў і іх размяшчэннем, гэтаксама як і плесняю, што аплятала дом, і гнілымі дрэвамі, што яго атачалі, а перш за ўсё доўгаю, бестрывожнаю непарушнасцю ўсяго навокал і яго падваеннем у застылых водах возера. Доказам існавання гэтае адчувальнасці, казаў ён (і я ўздрыгнуў, калі ён гэта сказаў), ёсць паступовае, але бясспрэчнае згушчэнне адмысловае атмасферы вакол возера й дому. А наступствы гэтага, дадаў ён, бачныя ў тым невідочным, але неаслабным і жудасным уплыве, які стагоддзямі вылепліваў лёсы ягонага роду і яго самога зрабіў такім, якім я яго бачу цяпер, тым, кім ён ёсць. Такія меркаванні не патрабуюць каментароў, і я ад іх устрымаюся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора