Всего за 117 руб. Купить полную версию
У паводзінах майго сябра мяне адразу ўразіла нейкая непаслядоўнасць, супярэчлівасць. Хутка я зразумеў, што прычынай яе былі шматлікія марныя спробы змагчы пастаянную дрыготку, моцнае нервовае ўзбуджэнне. Да чагосьці такога я быў падрыхтаваны і ягоным лістом, і некаторымі дзіцячымі ўспамінамі, і высновамі, якія я зрабіў, назіраючы за яго фізічнымі асаблівасцямі і праявамі яго незвычайнага тэмпераменту. Ён то ажыўляўся, то зноў рабіўся прыгнечаным. Ягоны голас то няўпэўнена дрыжаў (калі бадзёрасць знікала даастатку), то раптам пераходзіў да энергічнае важкасці, да таго адрывістага, цяжкога, павольнага і гулкага вымаўлення, якое, са сваёй няспешнасцю, ураўнаважанасцю і бездакорнымі мадуляцыямі, уласцівае безнадзейным пяніцам або невылечным опіяманам падчас іх найвышэйшае ўзбуджанасці.
Вось такім чынам ён гаварыў пра мэту майго візіту, пра гарачае жаданне бачыць мяне і пра суцяшэнне, якога ён чакаў ад майго прыезду. Ён доўга расказваў мне пра тое, што лічыў прычынаю свае хваробы. Гэта была, казаў ён, прыроджаная спадчынная немач, сродак супраць якой ён зняверыўся знайсці. Звычайнае нервовае расстройства, тут жа дадаў ён, якое, без сумневаў, хутка пройдзе. Праяўлялася яно ў шматлікіх ненатуральных адчуваннях. Некаторыя з іх пасля ягонага апісання зацікавілі і збянтэжылі мяне, зрэшты, магчыма, на мяне паўплывалі асобныя яго словы і яго манера гаварыць увогуле. Ён неймаверна пакутаваў ад хваравітае абвостранасці ўсіх пачуццяў. Ён насіў адзенне толькі з пэўнае тканіны, мог трываць толькі ежу зусім без смаку, пах любых кветак быў для яго невыносны, ягоныя вочы не цярпелі нават цьмянага святла, і толькі асобныя гукі струнных інструментаў не поўнілі яго жахам.
Я зразумеў, што ім завалодаў нейкі ненармальны страх.
«Я загіну, казаў ён, я мушу загінуць ад гэтага неверагоднага варяцтва. Такі, менавіта такі, і ніякі іншы, канец мяне чакае. Я так баюся тых здарэнняў, што хутка адбудуцца не, не іх саміх, а таго, што яны за сабою пацягнуць. Я скаланаюся ад думкі пра любы, нават самы банальны, выпадак, здольны паўплываць на гэтую невыносную душэўную ўзбуджанасць. Мне агідная не небяспека, а яе скрайняя праява жах. Вось так, пазбаўлены мужнасці, у вартым жалю стане, я прадчуваю, што рана ці позна надыдзе імгненне, калі я страчу ўвадначас і жыццё, і розум у барацьбе са злавесным прывідам страхам».
З часам я з ягоных бязладных і няясных намёкаў даведаўся пра яшчэ адну асаблівасць ягонага душэўнага стану. Ім валодалі забабонныя ўяўленні што да ягонага дому, адкуль ён многія гады нікуды не выязджаў, пра нібыта моцны ўплыў (аб чым ён паведаміў такімі цьмянымі выразамі, што я не ў стане іх узнавіць), які пэўнымі асаблівасцямі архітэктуры і матэрыялу і з прычыны шматгадовае звычкі зрабіў на ягоную душу ягоны фамільны замак: выгляд шэрых сценаў і вежаў, цёмнае возера, у якое яны глядзеліся, усё гэта адбілася на духоўным боку ягонага жыцця.
Аднак ён прызнаўся, хоць і не адразу: надзвычайная прыгнечанасць, якая апанавала яго, была выкліканая прычынаю больш натуральнаю і нашмат больш значнаю цяжкой і доўгай хваробаю, а дакладней, відавочна блізкай смерцю пяшчотна любімай сястры, яго адзінага сябра на працягу доўгіх гадоў, апошняй на свеце з іхнай сямі. Яе скон, казаў ён з горыччу, якой я не магу забыць, пакіне яго (яго, роспачнага, кволага) апошнім са старажытнага роду Ашэраў. Пакуль ён гаварыў, лэдзі Мадэліна (менавіта так яе звалі) прайшла міма праз аддаленыя дзверы пакоя і, не заўважыўшы мяне, знікла. Я глядзеў на яе, неймаверна ўражаны і не без трымцення, не ў стане ўсё ж вытлумачыць гэтыя адчуванні. Я дранцвеў, сочачы за тым, як яна паступова знікала з вачэй. Калі ўрэшце за ёю зачыніліся дзверы, я інстынктыўна і нецярпліва павярнуўся да яе брата, але ён закрыў твар рукамі, і я заўважыў толькі, як яшчэ большая бледнасць разлілася па ягоных худых пальцах, скрозь якія няспынна цяклі гарачыя слёзы.
Хвароба лэдзі Мадэліны доўгі час бянтэжыла яе дактароў. Пастаянная апатыя, усё большая знясіленасць і шматлікія, хаця і непрацяглыя, прыпадкі, падобныя да каталептычных, складаліся ў незвычайны дыягназ. Да гэтага яна мужна змагалася з абвастрэннямі хваробы і не дазваляла сабе злегчы. Але ўвечары таго дня, калі я прыехаў, яна як з невымоўнай усхваляванасцю паведаміў мне яе брат саступіла спусташальнай сіле разбуральніцы, і я зразумеў, што той вокамгненны позірк, кінуты мною на яе, можа стаць апошнім і што я не ўбачу яе болей прынамсі, жывою.