Папера зробленая ў Багеміі, сказаў я.
Менавіта. А аўтар цыдулкі немец. Вы звярнулі ўвагу на незвычайную будову сказа «Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі»? Француз ці рускі такога б не напісаў. Толькі немцы могуць абыходзіцца з дзеясловамі так непачціва. А таму нам засталося толькі даведацца, чаго гэты немец, які піша на багемскай паперы і лічыць за лепшае хаваць свой твар пад маскай, ад нас хоча. А вось, калі я не памыляюся, і ён сам. Ён і адкажа на ўсе нашыя пытанні.
На гэтых словах мы пачулі рэзкі стук конскіх капытоў і грукат колаў, што зачапілі ходнік, а потым не менш рэзкі гук званка. Холмс прысвіснуў.
Парны экіпаж, мяркуючы па гуках, сказаў ён і, выглянуўшы з акна, працягнуў: Так і ёсць. Багатая карэта і пара прыгажуноў, сто пяцьдзясят гінеяў за кожнага. На благі канец, Ўотсан, справа будзе прыбытковая.
Думаю, Холмс, мне лепей сысці
Ні ў якім разе, доктар. Заставайцеся на сваім месцы. Куды я без майго Босуэла*? Да таго ж справа абяцае быць цікавай. Будзе шкада, калі вы яе прапусціце.
Але ж ваш кліент
Нічога страшнага. Мне можа спатрэбіцца вашая дапамога, і яму таксама. А вось і ён. Сядайце ў гэты фатэль, доктар, і аддайце нам усю вашую ўвагу.
Цяжкія марудныя крокі, чутныя на лесвіцы і ў калідоры, спыніліся перад самымі нашымі дзвярыма. Потым пачуўся гучны і ўладны грук.
Заходзьце! сказаў Холмс.
Увайшоў чалавек геркулесаўскага целаскладу, ростам наўрад ці ніжэйшы за шэсць футаў і шэсць цаляў. Апрануты ён быў так багата, што ў Англіі багацце гэтае прыпісалі б кепскаму густу. Закаўрашы і адвароты яго двухбортнага паліто былі аблямаваныя цяжкім каракулем, а накінуты на плечы цёмна-сіні плашч гарэў ярка-чырвонай аксамітнай падкладкай і мацаваўся на шыі спражкай з прыўкраснага берылу. Халявы ботаў, якія даходзілі да сярэдзіны лытак, былі аздобленыя шыкоўным карычневым футрам, што дапаўняла ўражанне варварскае раскошы, якое стварала ўсё яго аблічча. У руках ён трымаў шыракаполы капялюш, а ўсю верхнюю частку твару да самага нізу скулаў хавала чорная маска, відавочна, толькі што надзетая, бо калі ён увайшоў, рука яго ўсё яшчэ была паднятая. Ніжняя частка твару выдавала чалавека з моцным характарам, а тоўстая выпукленая губа і доўгае прамое падбароддзе сведчылі пра цвёрдасць, што межавала з упартасцю.
Вы атрымалі маю цыдулку? спытаў ён рэзкім і нізкім голасам з моцным нямецкім акцэнтам. Я папярэдзіў, што наведаю вас, ён пераводзіў позірк з мяне на Холмса, не ведаючы, да каго звяртацца.
Сядайце, прашу вас, сказаў Холмс. Гэта мой сябра і кампаньён доктар Ўотсан, які час ад часу дапамагае мне ў расследаванні. З кім маю гонар размаўляць?
Можаце называць мяне графам фон Крамам, багемскім арыстакратам. Я правільна разумею, што гэты джэнтльмен, ваш сябар, чалавек гонару і разважнасці, і я магу давяраць яму ў гэтай надзвычай сурёзнай справе? Калі не, я палічыў бы за лепшае перагаварыць з вамі сам-насам.
Я падняўся, каб сысці, але Холмс схапіў мяне за руку і пхнуў назад у фатэль.
Мы слухаем вас альбо разам, альбо ніяк, сказаў ён. У прысутнасці гэтага джэнтльмена вы можаце расказваць усё, што сказалі б мне сам-насам.
Граф паціснуў шырокімі плячыма.
Тады я пачну з таго, сказаў ён, што вазьму з вас слова трымаць усё ў таямніцы два гады пасля справа страціць сваё значэнне. Але я з поўнай упэўненасцю магу сказаць: цяпер яна такая сурёзная, што можа паўплываць на ўсю еўрапейскую гісторыю.
Я даю слова, сказаў Холмс.
І я.
Прабачце мне маю маску, працягнуў дзіўны госць. Найсвятлейшая асоба, што адправіла мяне да вас, пажадала, каб яе давераны застаўся невядомым, і мушу адразу ж прызнаць, што тытул, якім я назваўся, не зусім належыць мне.
Я зразумеў, суха зазначыў Холмс.
Абставіны справы такія далікатныя, што не варта грэбаваць любымі мерамі, каб пазбегнуць страшэннага скандалу, які можа моцна скампраметаваць адну з уладных семяў Еўропы. Бо, шчыра кажучы, справа датычыць вялікага дому Армштайнаў, спадчынных каралёў Багеміі.
Гэта я таксама зразумеў, прамармытаў Холмс, выгодней уладкаваўшыся ў фатэлі і заплюшчыўшы вочы.
Госць з непрыхаваным здзіўленнем паглядзеў на марудлівага лянотнага чалавека, якога, без сумневу, адрэкамендавалі яму як самага праніклівага мысляра і самага энергічнага ў Еўропе дэтэктыва.
Холмс марудна расплюшчыў вочы і нецярпліва зірнуў на свайго волата-наведніка.