Холмс ціха засмяяўся і задаволена пацёр доўгія нервовыя рукі.
Няма нічога прасцейшага, сказаў ён. Мае вочы падказваюць мне, што з унутранага боку вашага левага чаравіка, акурат там, куды падае святло каміна, па скуры праходзіць шэсць амаль паралельных драпінаў. Відавочна, хтосьці няўмела скроб край падэшвы, счышчаючы з абутку высахлы бруд. Адсюль я раблю падвойную выснову пра тое, што вы выходзілі ў кепскае надворе і што ў вас працуе самы зласлівы абутканенавіснік сярод усёй лонданскай прыслугі. Што да вашай практыкі, Ўотсан, то калі ў мой пакой уваходзіць джэнтльмен, ад якога за мілю патыхае ёдаформам, на чыім правым пальцы бачная чорная пляма ад ляпіснага алоўка*, а пукатасць з правага боку цыліндра сведчыць пра тое, што там схаваны стэтаскоп, то я буду сапраўдным дурнем, калі не пазнаю ў ім дзейнага прадстаўніка медыцынскай сябрыны.
Слухаючы, з якой лёгкасцю ён патлумачыў свае высновы, я не мог утрымацца ад смеху.
Калі я чую вашыя тлумачэнні, сказаў я, мне ўсё здаецца такім да смешнага простым, што я мог бы і сам лёгка здагадацца, хаця ў кожным наступным выпадку вашыя разважанні зноў ставяць мяне ў тупік, пакуль вы іх не патлумачыце. Аднак я думаю, што мой зрок не горшы за ваш.
Так яно і ёсць, пагадзіўся ён, запаліўшы цыгарэту і плюхнуўшыся ў фатэль. Вы бачыце, але не заўважаеце, а гэта вялікая розніца. Вось, напрыклад, вы часта бачылі прыступкі, якія вядуць з вітальні ў гэты пакой?
Часта.
Як часта?
Ну, разоў сто, не менш.
І колькі іх там?
Колькі? Адкуль мне ведаць?
Вось яно! Вы не заўважаеце, хаця і бачыце. Гэтым мы з вамі і адрозніваемся. Я ведаю, што прыступак сямнаццаць, бо я не толькі глядзеў, але і звяртаў увагу. Дарэчы, калі ўжо вы цікавіцеся рознымі дробнымі праблемамі і нават ласкава апісалі маё сціплае расследаванне адной ці дзвюх з іх, то гэтая таксама можа вас зацікавіць, і ён кінуў мне аркуш шчыльнай ружовай паштовай паперы, які ляжаў на стале. Гэта прыйшло з нядаўняй поштай. Прачытайце ўголас.
На цыдулцы не было ні даты, ні подпісу, ні адрасу.
«Сёння вечарам, без чвэрці восем, гаварылася ў ёй, вас наведае джэнтльмен, якому неабходна кансультацыю па адной вельмі сурёзнай справе атрымаць. Паслуга, якую вы нядаўна зрабілі аднаму з уладных дамоў Еўропы, даводзіць, што вы акурат той чалавек, якому можна спакойна даверыць справу, чыю важнасць нельга пераацаніць. Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі. Будзьце ў гэты час дома і не зразумейце няправільна, калі ваш госць будзе ў масцы».
Гучыць і праўда вельмі загадкава, заўважыў я. Як вы думаеце, што ўсё гэта значыць?
Пакуль у мяне няма інфармацыі. А тэарэтызаваць, нічога не ведаючы, вялікая памылка. У такім выпадку пачынаеш незаўважна падганяць факты пад тэорыю, замест таго каб падганяць тэорыю пад факты. Але вернемся да цыдулкі. Якія высновы вы можаце зрабіць?
Я ўважліва агледзеў сам ліст і паперу, на якой ён быў напісаны.
Аўтар паслання, імаверна, досыць заможны, адзначыў я, спрабуючы пераняць прыёмы майго сябра. Такая папера каштуе не танней чым паўкроны за пачак. Яна надзвычай шчыльная і моцная.
Надзвычай гэта вы правільна сказалі, пагадзіўся Холмс. Гэта ўвогуле не ангельская папера. Паглядзіце на яе супраць святла.
Я так і зрабіў і ўбачыў на паперы вялікую літару «Е» і маленькую «g», а далей вялікія «Р» і «G» і маленькую «t», уплеценыя ў фактуру паперы.
Якую выснову вы можаце зрабіць? спытаў Холмс.
Гэта, несумненна, імя вытворцы, а дакладней, яго манаграма.
Вы памыляецеся. Вялікая «G» і маленькая «t» гэта скарачэнне ад «Gesellschaft», што перакладаецца з нямецкай як «кампанія». Гэта звычайнае скарачэнне, якое адпавядае нашаму «К°». «Р», безумоўна, абазначае «Papier», то бок «папера». Цяпер «Eg». Давайце зірнем у наш «Геаграфічны даведнік Еўропы», ён зняў з паліцы цяжкі карычневы фаліянт. Элгаў, Элганіц* А вось і тое, што трэба: Эгер*. Гэта ў нямецкамоўным раёне, Багеміі, непадалёк ад Карлавых Вараў. «Вядомы як месца смерці Валенштайна*, а таксама дзякуючы шматлікім гутам і папяровым фабрыкам». Ха-ха, мой хлопча, якія высновы можаце вы зрабіць? яго вочы заблішчэлі, і ён пераможна выпусціў з цыгарэты вялікае блакітнае воблака.
Папера зробленая ў Багеміі, сказаў я.
Менавіта. А аўтар цыдулкі немец. Вы звярнулі ўвагу на незвычайную будову сказа «Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі»? Француз ці рускі такога б не напісаў. Толькі немцы могуць абыходзіцца з дзеясловамі так непачціва. А таму нам засталося толькі даведацца, чаго гэты немец, які піша на багемскай паперы і лічыць за лепшае хаваць свой твар пад маскай, ад нас хоча. А вось, калі я не памыляюся, і ён сам. Ён і адкажа на ўсе нашыя пытанні.