1
Для Шэрлака Холмса яна назаўсёды засталася «той жанчынай». Рэдка чуў я, каб ён называў яе неяк іначай. У яго вачах яна перасягнула і засланіла ўсіх прадстаўніц свайго полу. Не тое каб у яго было да Ірэн Адлер якое-небудзь пачуццё, падобнае да кахання. Любыя пачуцці, і ў прыватнасці гэтае, былі несумяшчальныя з яго халодным, дакладным і надзіва ўраўнаважаным розумам. На маю думку, такой дасканалай машыны, якая мысліць і назірае, свет яшчэ не бачыў, і ў ролі закаханага ён апынуўся б не на сваім месцы. Пра пяшчотныя пачуцці ён заўсёды згадваў толькі са зедлівасцю і насмешкай. Пяшчотныя пачуцці былі для яго цудоўным абектам для назірання, выключным сродкам сарваць покрыва з чалавечых пабуджэнняў і ўчынкаў. Калі трэніраваны мысляр дазволіць такім пачуццям уварвацца ў свой дакладна і бліскуча ўпарадкаваны ўнутраны свет, яны прынясуць туды бязладнасць, якая паставіць пад сумнеў усе дасягненні яго думкі. Пясчынка, што трапіла ў тонкі механізм, ці трэшчынка на адной з яго моцных лінзаў не зрабіліся б такім бедствам, як вялікае пачуццё для такога чалавека, як ён. І ўсё ж адна жанчына для яго існавала, і жанчынай гэтай была памерлая ўжо Ірэн Адлер асоба з цьмяным і вельмі сумнеўным мінулым.
Апошнім часам я рэдка бачыўся з Холмсам. Маё вяселле раскінула нас у розныя бакі. Усю маю ўвагу забрала бясхмарнае шчасце і прыемныя хатнія клопаты, якія зяўляюцца ў чалавека, што першы раз у жыцці робіцца гаспадаром свайго сямейнага агменю. Холмс жа, чыя цыганская душа пазбягала любога таварыства, застаўся ў нашых пакоях на Бэйкер-стрыт, занураны ў свае старыя кнігі, і з тыдня ў тыдзень кідаўся ад какаіну да бурнай дзейнасці, чаргуючы наркатычную дрымоту і ўласцівую яго натуры шалёную актыўнасць. Як і раней, ён быў глыбока захоплены расследаваннем злачынстваў і скіроўваў свае цудоўныя здольнасці і неверагодную назіральнасць на раскрыццё справаў і разгадку таямніцаў, ад якіх афіцыйная паліцыя адмаўлялася як ад безнадзейных. Час ад часу да мяне даляталі цьмяныя чуткі пра яго здзяйсненні: пра паездку ў Адэсу з нагоды забойства Трэпава, расследаванне загадкавай смерці братоў Аткінсанаў у Трынкамалі* і ўрэшце пра вельмі далікатныя і паспяховыя росшукі, праведзеныя на просьбу галандскай уладнай сямі. Аднак апроч гэтых урыўкавых сведчанняў пра яго дзейнасць, якія я атрымліваў разам з іншымі чытачамі з газет, пра былога сябра і кампаньёна я ведаў мала.
Аднаго вечару, дзесьці ў трэцяй дэкадзе сакавіка 1888 году, я вяртаўся ад пацыента (бо цяпер зноў меў прыватную практыку), і дарога мая ляжала праз Бэйкер-стрыт. Мінаючы незабыўныя дзверы, назаўсёды звязаныя ў маім сэрцы з перыядам жаніхоўства і са змрочнымі падзеямі, апісанымі ў «Эцюдзе ў пунсовым», я адчуў вострае жаданне зноў убачыць Холмса і даведацца, чым цяпер заняты гэты выбітны розум. У пакоі гарэла яркае святло, і калі я зазірнуў у акно, то ўбачыў яго высокую хударлявую фігуру, якая цёмным сілуэтам двойчы прамільгнула за гардзінамі. Апусціўшы галаву і склаўшы рукі за спінаю, ён узбуджана і імкліва мераў крокамі пакой. Я ведаў усе яго настроі і звычкі, а таму карціна гэтая шмат пра што мне сказала. Ён зноў узяўся за працу. Ён строс з сябе наркатычныя мроі і ішоў свежымі слядамі нейкай новай загадкі. Я пазваніў, і мяне праводзілі да пакоя, які калісьці часткова належаў і мне.
Ён сустрэў мяне без бурных эмоцыяў для яго яны былі рэдкасцю. Тым не менш я думаю, што ён быў рады мяне бачыць. Амаль нічога не кажучы, ён сардэчна запрасіў мяне сесці, падсунуў бліжэй каробку з цыгарамі і паказаў на вінную шафку і газаген* у куце. Потым стаў ля каміна і пачаў уважліва вывучаць мяне сваім незвычайным пранізлівым поглядам.
Сямейнае жыццё пайшло вам на карысць, зазначыў ён. Думаю, Ўотсан, што з моманту нашае апошняе сустрэчы вы паправіліся на сем з паловай фунтаў.
На сем, паправіў я.
Усё ж мяркую, што трошачкі больш. Зусім крышку. Вы, як бачу, зноў практыкуеце. Але вы не казалі, што плануеце ўпрэгчыся ў працу.
Як вы пра гэта даведаліся?
Я бачу гэта, я раблю высновы. Вось як я даведаўся, што днямі вы моцна вымаклі і што вашая служанка страшэнна няўмелая і няўважлівая?
Дарагі мой Холмс, сказаў я, гэта ўжо занадта. Пару стагоддзяў таму вас проста спалілі б на вогнішчы. Я і праўда быў у чацвер за горадам і вярнуўся дадому ўвесь выпацканы, але цяпер на мне зусім іншая вопратка, і я не ўяўляю, як вы гэта вылічылі. Што да Мэры Джэйн, то яна насамрэч безнадзейная, і мая жонка паведаміла ёй пра звальненне, але я зноў жа губляюся ў здагадках, адкуль вы гэта ведаеце.