Всего за 78 руб. Купить полную версию
«Сырть бросает икру в конце июня или в начале июля. Ни одна рыба пресных вод не готовится к этому торжеству так, как щука или подуст (сырть). Ещё недели за две до течки подуст начинает окрашиваться и становиться пестрее, блестящее и красивее. Обыкновенно бело-серебристый цвет его чешуи принимает оттенок нежно-палевого и бледно-розового с золотистыми оливами около краёв жабр и при соединении плавников» (Терлецкий).
Магу толькі дадаць уласныя ўражанні ад карцінкі пачатку 70-х ад трафея, вылаўленага вудай прама ў межах Вілейкі ва ўрочышчы Дынамка (раней Восем таполяў), дзе да 1939 г. быў іпадром для трэніровак у джыгітоўцы польскай кавалерыі, цяпер Ніжні парк). Асабліва багатай палітрай у толькі што злоўленай цырты вылучаліся часткі вільготнай далікатнай скуры на галаве, не пакрытыя луской, вялікія вочы і ў першую чаргу ярка расфарбаваныя як вясёлка жабравыя покрыўкі. Калі цырту крышку паварушыць туды-сюды вакол васі, то покрыўкі пачыналі пералівацца і блішчэць, быццам вялізныя перламутравыя гузікі-пялёсткі: яны былі расфарбаваны ўсімі адценнямі колераў ад чорна-фіялетавага, блакітнага, ізумруднага, зялёнага да чырвонага і аранжавага. Прычым на паветры, па меры высыхання, колеры мяняліся, згасалі і цямнелі прама на вачах. У першую чаргу знікалі цёплыя колеры гэтых адценняў, некаторыя станавіліся бялёса-шэрымі і прападалі зусім. Праз гадзіну большасць адценняў на галаве і жабравых покрыўках зніклі, залатыя абадкі вачэй страцілі бляск і сталі шэрымі і сухімі. Тушка сцямнела. Раптам настолькі стала шкада страчанай прыгажосці, што ўпершыню ў жыцці мне, надзвычай азартнаму хлопцу-рыбалову, захацелася адпусціць гэтую рыбу назад у ваду, але ўжо было позна, бо не зрабіў гэтага своечасова.
Ніжэй за Міхалішкі, у вёсцы Малыя Свіраны (былая Фэрма), гэтую рыбу ці то за прыгажосць, ці то за колер брушка і плаўнікоў, часткова жабравых покрывак, жыхары называюць чырвонай рыбай.
І рыбец (цырта), і падуст (свінка) занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Падуст таксама ў Чырвоную кнігу Літвы, цырта (рыбец) Польшчы.
Цырта, згодна з апавяданнямі мясцовых жыхароў, падымалася па Віліі значна вышэй Сосенкі (по К. Тышкевічу), да в. Камена аж да 1965 г.
Улюбёныя нерасцілішчы цырты перакаты (мясцовыя жыхары называюць іх заборамі) з цвёрдым (жвір) або камяністым дном у наступных месцах на Вяллі: крыху ніжэй вусця р. Нарачанкі (Тапчак), на перакатах ў Швядах, у Трапалаве, на рагу ракі на глінянай заборы крыху вышэй в. Раздоры, ля чыгуначнага моста каля в. Красны Беражок, каля Перавалкі ў Вілейцы, ля в. Сосенка і сутокаў Віліі з Сэрвачам. Таксама лавілася на перакаце р. Нарачанкі пад назвай Скок у млына ля в. Ганута і ля «млына» в. Людвінова (в. Двор Кастыкі) у р. Сэрвач і ў в. Камена. У 80-я гг. цырта з-за пагаршэння якасці вады, выкліканага наступствамі цвіцення сіне-зялёных водарасцяў у вадасховішчы, практычна на два дзесяцігоддзі знікла з Вяллі. Пра яе ўспаміналі толькі жыхары Малых Свіранак. Цяпер цырта на Вяллі, па сведчанні рыбаловаў, сустракаецца ў раёне в. Мель, аг. Міхалішкі, а ў апошнія гады нават пачала вяртацца ў вярхоўі: нерасцілася на «заборы» (перакаце) ля в. Раздоры (2011 г., «аж вада кіпела»); перакаце ля в. Елажычы (2016 г.) на р. Нарачанка. Варта адзначыць, што ў левыя прытокі, Ілію і Ушу, цырта (бялюга або свіння, як яе называюць мясцовыя жыхары) не заходзіла (згодна з успамінамі тых жа мясцовых жыхароў).
Ганец(жэрах). Жэраха лавілі значна вышэй за Жодзішкі, як расказана ў манаграфіі, аж да Вілейкі і вышэй за Сосенку ля вусця р. Сэрвач. У 80-я гг. быў участак ад вадасховішча і Вяллі ніжэй вадаскіду да Міхалішак, дзе жэрах перастаў сустракацца. Але пасля таго, як вада ў Вяллі стала чысцейшая, жэрах зноў сустракаецца на рацэ ніжэй за Вілейскае вадасховішча (в. Даманава, ур. Ясьбішча, вадаскід ВМВС), так і вышэй (Сутокі, Кастыкі). Але найбольшую яго колькасць цяпер убачыш не ў Жодзішках, як было даўней (згодна з манаграфіяй Тышкевіча), а каля Міхалішак.
У спісе рэдкіх, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі прахадных рыб, што жывуць цяпер толькі ў Вяллі, маецца рачная мінога (мясц. сямідырка, вугрыца). Знешне рачная мінога падобная да больш шматлікіх і шырока распаўсюджаных ў Віліі і яе прытоках сваіх субратоў украінскай і ручаёвай міног (кроўж, громж, верацяніца). Адрозніваецца ад іх буйнымі памерамі (дарослыя асобіны рачной міногі дасягаюць даўжыні 4050 см) і дакладна раздзеленымі спіннымі плаўнікамі. Сямідырка і раней дастаткова рэдка сустракалася ў Вяллі, цяпер яе колькасць невядомая. Верагодна толькі тое, што яе колькасць рэзка знізілася паўсюдна з прычыны забруджванняў вады. Але усё ж яшчэ нядаўна сустракалася ля Міхалішак, у вусці р. Страчы, у 1970 г. у Вілейцы і прытоку Віліі рацэ Ілія.