Уключыў святло. Зноў ухапіў «Крыніцу». Знайшоў «Планіду» Пятровіча Чытаю Тое ж самае І ён ведае! У яго тое ж кола, з якога трэба вырвацца. Тыя ж праблемы: зачараванае кола, кругаварот жыцця, замкнуты ланцуг падзей і здарэнняў, кругавая парука людзей і дзеяў, парука ў хлусні і няшчырасці словам, квадратура круга, і для таго каб выжыць, трэба рашыць гэтую задачу. Я плакаў
Пачуў, што нехта ходзіць у суседнім пакоі. Жонка? Асцярожна падкраўся да дзвярэй і зачыніўся на замок. Здаецца, не чула майго галашэння? Дяблава кола! У кожнага чалавека гэта падобна. Як лёгка дыхалася «Глінай» Разанава, але ж ён нейкі там рэрыхавец Ці ходзіць у царкву Пятровіч?
Дастаў дзённік. Што ж было ў мяне ТОЙ восенню? Чытаў, перагортваў старонкі, пераконваўся: усё тое ж самае! Паўтараецца!!! Я зноў ступаю на свае сляды. Я пазнаў іх: такія ж хісткія і безнадзейныя, акропленыя потам і крывёю, такія ж спешныя і адпакутаваныя я на сваіх слядах! Гэта мае, пакінутыя калісьці, калі я спяшаўся, уцякаючы ад сябе самога, калі хацеў збегчы ад свайго лёсу, і жыццё наноў завярнула мяне на старую дарогу: я ступаю след у след, я пазнаю сваю мінулую хаду вось сляды, да краёў поўныя чырвонай вадзіцы то кроў мая, цёплая, і пара падымаецца над слядамі, і паветра яшчэ не ахалодала ад колішняй ліхаманкі Я зноў на сваіх слядах.
«Значыць, вясною?!» бліснула думка. Не! Не Не хачу! Мяне ловяць у пастку! Яны хочуць залыгаць мяне. Хто яны не ведаю, але адчуваю іх чорныя цені за спінаю збоку яны вісяць над маім ложкам, адбіраюць словы малітваў чытаюць мае думкі, сочаць за кожным рухам
Столькі супадзенняў сёння. А ўчора? Падумаў пра Жука і праз пяць хвілін сустрэўся з ім у метро Пра Трафімчука падумаў, што добра было б убачыць яго, і вось спадкаў адразу ж каля Дома літаратара. Што гэта? Усё робіцца само сабою. Канешне, другую ноч не сплю. Столькі супадзенняў за той дзень! За тую ноч і за гэты дзень, і за гэтую ноч, што не хочацца класціся спаць. Цёмная ноч-зладзейка забярэ ўсё. І ці можа паўтарыцца ТОЕ ж імгненне яшчэ раз? І ці будзе залежыць ад мяне?
Я ўхапіў чарнавік і таропка пачаў пісаць.
7
І тут нешта грукнулася на вуліцы. Я ўскочыў, доўга трывожна ўглядаўся ў акно нічога: цёмная ноч. Цішыня. Гора «спіць»? А чаму ж маю душу раздзіраюць крыкі?
Ухапіў чарнавік, каб прачытаць напісанае, доўга круціў яго ў руках і не мог разабрацца: дзе ж пачатак? Мяне здзівіла, што радкі былі выраўнены не з таго боку, як звычайна. Гэта азадачыла, і ў той жа час мурашкі забегалі па спіне, ад чагосьці нетутэйшага стала страшнавата, пакуль я не зразумеў усё проста: калі пісаў, на чарнавіку ляжаў тоўсты слоўнік, а я настолькі быў захоплены, што не заўважаў гэтага і рука, даходзячы да перапоны, аўтаматычна адскоквала на пачатак. «Я магу вырвацца з кола сваім словам!» падумаў я.
«Дык мы ўсе разам, ці кожны паасобку? На гэтым трымаюцца сусветы. Ці кожны асобна, думаў я, у дамавіне-кокане? У сваёй шкарлупіне? Калі разам дык давайце нешта рабіць! А калі кожны ў сваёй шкарлупіне дык трэба трушчыць і выходзіць на свет Божы. Пакуль не разарвецца кокан матыль не навучыцца лётаць», падумаў я і пачаў пісаць далей. Словы клаліся як заўгодна.
Анатоль Сыс: «Напішы абвяржэнне!» Ага, але ж тваё імя па бацьку ЦІХАнавіч? Гэта значыць: ціха, ціха цьшш Абы ціха, абы асцярожна і не ўпасці куды ў яям-уу!
У-уух!!!
Мне зноў зрабілася страшна, жах заварочаўся ў душы. Няўжо я адзін такі ненармальны? Няўжо адзін нічога не разумею? Усе людзі як людзі, адзін я нібы пракажоны Хіба мне больш за ўсіх трэба? Страшна кранаць свае вершы: што там бездань душы, ці зеўра, праз якую адчыняецца прадонне космасу?
«Замрите, проклятые книги!»
Калі сляпы вядзе сляпога, ці не ўпадуць яны разам у ЯМУ? Яму трэба верыць Трэба верыць, заплюшчу вочы І вось яно, бяздонне, перада мною: яны навучыліся хлусіць і падманваць я не развучыўся гаварыць параўду. Як выблытацца з гэтага? Я пісаў і, пішучы, заўважыў, што ў літарах часта паўтараецца «я», «м» і «а», што значыць я м а, і пачаў выдзяляць іх пры друкаванні, чым далей пісаў, тым цяжэй мне было выбрацца, дапісацца да кропкі, тым глыбей я загрузаў у сэнсе ямы. Я доўга не мог скончыць той верш, атрымлівалася, што я сцвярджаў, выдзяляючы літары: Я яма, або вінаваціў людзей, у тым, што яны ямы, а мне не хацелася ні таго, ні другога. І было там яшчэ выслоўе: Яму вер і не трапіш у яму, можа яно і ўратавала мяне, таму што душа, нібыта правальвалася ў бездань.