У Вілейскай рускай гімназіі, пачынаючы з трэцяга класа, вучыўся паэт Максім Танк. У вёсцы Варонічы правяла сваё дзяцінства паэтэса Ганна Новік. Вось чый лёс прыняў на сябе ўсе калізіі суровага пераломнага часу. Мяркуйце самі. Нарадзілася ў 1914 годзе ў Аўгуставе былой Сувалкаўскай губерні (сучасная Польшча). У 1932 годзе скончыла сем класаў Куранецкай школы. Працавала батрачкай. Удзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху. Неаднаразова арыштоўвалася. Два гады, з 1936 па 1938-ы, правяла ў зняволенні ў вілейскім астрозе. Як вызвалілі Заходнюю Беларусь, была абрана дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. У Вялікую Айчынную партызанская сувязная. Пасля вайны спрабавала набыць адукацыю ў Марінагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Працавала старшынёй калгаса ў вёсцы Варонічы. Моцна хварэла. Займалася літаратурнай творчасцю. У 1961 годзе выдала вершаваны зборнік Мае вёсны. Полымя друкавала фрагменты яе аўтабіяграфічнай аповесці Другая сустрэча. Ліставалася з Максімам Танкам. Памерла Ганна Новік у 1997 годзе. Ужо пасля яе смерці вілейскія бібліятэкары выдалі невялікую кнігу яе творчай спадчыны.
Жыве і працуе на Вілейшчыне паэт Мікола Кутас. Калегі па працы дапамаглі яму зараз творца загадвае бібліятэкай у вёсцы Суднікі выдаць кніжачку вершаў Перазвоны. Ёсць там такія радкі:
Там, дзе Вілія змейкаю
Атачыла бары,
Месца клічуць Вілейкаю
3 дзён мінулых, старых.
З размовы з музейшчыкамі ведаю, што экспедыцыя Вілія і яе берагі праходзіла быццам у святле той гісторыка-краязнаўчай памяці, што кнігай Вілія і яе берагі пакінуў нашчадкам граф Тышкевіч. Ёсць там і такія словы: З Вілейкі адплывалі 10 чэрвеня ў 6 гадзін раніцы. Пан Янушэвіч зрабіў малюнак від горада з боку ракі: убогія халупы, агароды. Вёска, горадам названая А сёння Вілейка сапраўдны горад, сучасны раённы цэнтр са шматпавярховымі дамамі, з сурёзнымі прамысловымі прадпрыемствамі. І галоўнае з людзьмі, якія ведаюць і шануюць сваю гісторыю ў самых розных яе праявах.
Святло Шагала і Пэна
Штораз збіраючыся ў Віцебск, узгадваю свайго знаёмага мастака Пятра Явіча. Ведаю, што ў яго была даўняя мара пакінуць роднаму гораду напісаныя на працягу многіх дзесяцігоддзяў палотны. Віцебск сапраўды горад мастакоў і паэтаў
Пётр Максавіч Явіч, чые творы знаходзяцца не толькі ў музеях і галерэях Беларусі, а яшчэ і ў Траццякоўскай галерэі, адзін з апошніх вучняў Юдэля Пэна, легендарнага віцебскага жывапісца, які заснаваў у горадзе на Дзвіне адмысловую мастацкую школу. Працавала прыватная школа-майстэрня Пэна ў 18981918 гадах. Звычайна мастак набіраў ад 10 да 25 дзетак. У праграму заняткаў уваходзілі маляванне з натуры, маляванне геаметрычных прадметаў, арнаментаў і гіпсавых фігур, работа на пленэры. У 1907 і 1914 гадах адбыліся выставы прац Ю. Пэна і яго вучняў. У школе займаліся Заір Азгур, Марк Шагал, Саламон Юдовін, Якаў Мінін Вучні майстра, без якога нельга ўявіць гісторыю беларускага мастацтва, разышліся па ўсім свеце. І сярод іх першая зорка, канешне ж, Марк Шагал. Многія віцебскія адрасы канца дзевятнаццатага пачатку дваццатага стагоддзя звязаны з імем гэтай славутасці. А многія работы Шагала партрэты Віцебска, няхай сабе і са сваімі прыдумкамі, фантазіямі, усё ж такі партрэты горада, якія мы адкрываем і на старых паштоўках. Вядомы нам па іх выявах Віцебск гэта і Віцебск цэлага сузоря мастакоў, якія авалодвалі азамі майстэрства ў мясцовым мастацкім вучылішчы. У розныя гады яно называлася па-рознаму. Прыкладам, скульптар Заір Азгур паспеў павучыцца і ў Віцебскім мастацка-праектным інстытуце, і ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. А выкладаў тады, у 1920-я, скульптуру ўраджэнец Санкт-Пецярбурга Міхаіл Аркадзьевіч Керзін. Пазней ён пакіне Віцебск, вернецца ўжо ў Ленінград. Але беларускі горад надоўга застанецца ў памяці Керзіна. Як і мастак пакіне ў Віцебску нямала сваіх слядоў. Дарэчы, і званне заслужанага дзеяча мастацтваў Керзіну прысвояць у Беларусі.
Віцебск. Гогалеўская вул.
Віцебск мастацкі гэта і лёсы жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сцэнографаў Монаса Манасзона, Мікалая Міхалапа (гэта ён стварыў у Віцебскім тэхнікуме керамічнае аддзяленне ў 1925 годзе), Аляксандра Мазалёва, Залмана Марынгофа, Міхаіла Навумава, Віктара Лукянава, Міхаіла Міхайлава, Валерыя Лябедзькі, Уладзіміра Напрэенкі, Наталлі Лісоўскай, Валерыя Магучага, Аляксандра Мядзвецкага, Віктара Міхайлоўскага, Яўгена Нікалаева, Альберта Някрасава, Васіля Несцярэнкі, Мікалая Образава, Аляксандра Падалінскага Безліч імёнаў! Школа магутнага гарту! Не, нават некалькі школ! Пакаленні і пакаленні творцаў, якія прыйшлі ў вялікае мастацтва, пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, прыйшлі ў першай палове ХХ стагоддзя, прыйшлі ў 19501980-я гады. Па-рознаму склаўся лёс кожнага з гэтых рупліўцаў на ніве мастацтва. Але кожны, літаральна кожны са згаданых асоб трымаў у полі зроку, у сваім мастацкім светапоглядзе Віцебск. Малюючы сваіх Плытагонаў, відавочна, думаў пра горад свайго творчага сталення і народны мастак Беларусі Валянцін Волкаў. Ён выкладаў у Віцебску ў 1920-я У 19251930 гадах вучыўся ў мастацкім тэхнікуме яго сын, славуты кніжны графік Анатоль Волкаў. Калі сустракаюся з Сяргеем Анатольевічам Волкавым сынам і ўнукам вядомых майстроў, у нас часам заходзіць размова пра Віцебск, яго адметнасць у гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі.