Віцебск. Гогалеўская вул.
Віцебск мастацкі гэта і лёсы жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сцэнографаў Монаса Манасзона, Мікалая Міхалапа (гэта ён стварыў у Віцебскім тэхнікуме керамічнае аддзяленне ў 1925 годзе), Аляксандра Мазалёва, Залмана Марынгофа, Міхаіла Навумава, Віктара Лукянава, Міхаіла Міхайлава, Валерыя Лябедзькі, Уладзіміра Напрэенкі, Наталлі Лісоўскай, Валерыя Магучага, Аляксандра Мядзвецкага, Віктара Міхайлоўскага, Яўгена Нікалаева, Альберта Някрасава, Васіля Несцярэнкі, Мікалая Образава, Аляксандра Падалінскага Безліч імёнаў! Школа магутнага гарту! Не, нават некалькі школ! Пакаленні і пакаленні творцаў, якія прыйшлі ў вялікае мастацтва, пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, прыйшлі ў першай палове ХХ стагоддзя, прыйшлі ў 19501980-я гады. Па-рознаму склаўся лёс кожнага з гэтых рупліўцаў на ніве мастацтва. Але кожны, літаральна кожны са згаданых асоб трымаў у полі зроку, у сваім мастацкім светапоглядзе Віцебск. Малюючы сваіх Плытагонаў, відавочна, думаў пра горад свайго творчага сталення і народны мастак Беларусі Валянцін Волкаў. Ён выкладаў у Віцебску ў 1920-я У 19251930 гадах вучыўся ў мастацкім тэхнікуме яго сын, славуты кніжны графік Анатоль Волкаў. Калі сустракаюся з Сяргеем Анатольевічам Волкавым сынам і ўнукам вядомых майстроў, у нас часам заходзіць размова пра Віцебск, яго адметнасць у гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі.
Нездарма ж і цяпер яшчэ мастацтвазнаўцы, аглядаючы творчую спадчыну Волкавых, пішуць пра Віцебск, расказвае заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей Анатольевіч Волкаў. Вось, калі ласка, цытую з артыкула Наталлі Жоглы: Нямала графічных работ зрабіў і сын Валянціна Віктаравіча Анатоль Волкаў. Ён супрацоўнічаў з часопісам «Вожык», вядомы як цікавы плакатыст, ілюстратар. У экспазіцыі можна пазнаёміцца з яго выдатнымі партрэтамі дзяцей. Малюнкі дакладныя, востра схоплены партрэтныя рысы. Моцная школа малявання спадчына бацькі і вынік навучання ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, ля вытокаў якога стаяў разам з М. Керзіным і В. Волкаў.
А я дадаю ў нашу размову і тое, што старажытны горад хвалюе і Сяргея Волкава як графіка, кніжнага ілюстратара. Мастак пагаджаецца з такой высновай. У Віцебску ў другой палове 1920-х гадоў працаваў цікавы графік Зіновій Гарбавец. Выкладаў у мастацкім вучылішчы і педагагічным тэхнікуме. Стварыў цыкл гравюр на дрэве, прысвечаных гораду. Вядомыя архітэктурныя пейзажы Зіновія Гарбаўца Віцебск і Вадакачка ў Віцебску, партрэт віцебскага мастацтвазнаўца І. Фурмана. У 1927 годзе пабачыла свет і кніга З. Гарбаўца Гравюры на дрэве. Калі ўжо зайшла размова пра 1920-я гады, то згаданы Марк Шагал, які пасля вядомых кастрычніцкіх падзей знаходзіўся пад уплывам рэвалюцыйных перакананняў, стварыў мастацкую школу новага рэвалюцыйнага ўзору. Яна дзейнічала ў 19191923 гады. Існаваў некаторы час пры школе і музей сучаснага мастацтва. Фонд налічваў больш за 120 твораў авангардысцкага характару работы Д. Бурлюка, П. Канчалоўскага, М. Ларыёнава, Н. Альтмана і іншых майстроў новай генерацыі. Права на эксперымент, пошукі новага Віцебск адстойваў ва ўсе часы. У 19201923 гады дзейнічала арганізацыя Сцвярджальнікі новага мастацтва. Пройдуць дзесяцігоддзі і ў Віцебску 19801990-х свае новыя праекты будзе рэалізоўваць арыгінальны мастак Аляксандр Дасужаў.
Развітваючыся з Віцебскам мастацкім, я думаю пра тое, што выдатным праектам узнаўлення гістарычнай памяці мог бы стаць альбом старых паштовак, дзе поруч з выявамі фатаграфічнага кшталту былі б паказаны мастакоўскія ўражанні пра Віцебск пачатку першай паловы ХХ стагоддзя. Чаму б і не?..
3 горада на Сожы
Шукальнікаў новых дарог і новых адкрыццяў нямала і сярод ураджэнцаў Гомеля. Вучоныя, мастакі, палітыкі, акцёры, пісьменнікі Яны не толькі ўзбагацілі радзімую старонку сваімі здабыткамі, але і свету падарылі шмат новага і да іх нязведанага
У 1888 годзе ў Гомелі нарадзіўся Аляксандр Уклонскі. Пройдуць дзесяцігоддзі і ў энцыклапедычных фаліянтах яго назавуць выдатным савецкім і ўзбекскім геолагам, мінералогам, геахімікам. Вучоным, які ўнёс значны ўклад у даследаванне Сярэдняй Азіі. У 1901 годзе ён разам з бацькамі пераязджае ў Ташкент: Сяргея Уклонскага прызначаюць выкладчыкам ташкенцкай гімназіі. У 1908 годзе Уклонскі-малодшы паступае ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Спецыялізацыяй абірае геалогію. Сярод настаўнікаў будучага вучонага славуты У. Вярнадскі, які да 1912 года загадваў кафедрай мінералогіі. Пасля вучобы Уклонскага пакідаюць ва ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1920-м, калі савецкі ўрад арганізаваў першы ў Сярэдняй Азіі Туркестанскі ўніверсітэт, Уклонскі едзе ў Ташкент. У Расіі, у Маскве, застаецца жонка з трыма дзецьмі. Як паказаў час, разяднанне сямі адбылося назаўжды Аляксандр Сяргеевіч стварае ва ўніверсітэце кафедру мінералогіі і мінералагічны музей. На працягу амаль года працуе ў Афганістане кансультантам савецка-афганскай камісіі па пытаннях геалогіі. Адно з буйнейшых пытанняў, якім займаўся наш суайчыннік, гэта тэарэтычнае палажэнне пра геахімію вады. Вучоны прапанаваў свой графічны метад адлюстравання характару вады. Распрацаваў таксама метад вызначэння розных варыянтаў генезісу вады, зыходзячы з яе хімічнага складу. За гэтыя працы па рэкамендацыі акадэмікаў У. Вярнадскага і А. Ферсмана Уклонскаму ў 1927 годзе прысвоілі званне прафесара. Аляксандр Сяргеевіч таксама напісаў падручнік Мінералогія, які неаднойчы перавыдаваўся. Сярод навуковых здзяйсненняў Уклонскага і вылучаная ім арыгінальная мінералагічная гіпотэза ўзнікнення Зямлі. Памёр Уклонскі ў Ташкенце ў 1972 годзе. Між іншым, у 1957-м, калі акадэміку было амаль 70 гадоў, у яго нарадзіўся сын.