Эх, каб каня! Аддаў бы каралеўства за каня! апераджаючы Рычарда III гадоў на дваццаць і Шэкспіра на добрую сотню гадоў, усклікнуў Ягайлавіч.
А мо Вол прыдасца? спытаў спадарожнік уладара, усцягваючы яго сабе на спіну.
Многа добрых і слаўных спраў засталося за каралём і вялікім князем Казімірам Ягайлавічам. З такім аўтарытэтам яго сынам няцяжка было апынуцца на першых пазіцыях сярод кандыдатаў на каралеўскую і велікакняжацкую пасады. Магчыма, нейкую ролю адыграла тое, што, паміраючы ў Гародні, Казімір шчодра раздаваў направа і налева свае даволі вялікія зберажэнні, каму больш, каму менш. «Хто мае грошы, той мае і розум», як гаварылі ў сярэднявеччы. А мо кароль меў на ўвазе іншае выслоўе: «Сёння за грошы, а заўтра задарма». Адным словам, старэйшы, Альбрэхт, стаў каралём, а вялікім князем Аляксандр, наступны па старшынстве. I ўсё ў іх прайшло гладка, без асаблівых клопатаў. Клопаты будуць потым.
Акурат у той час вельмі ўзмацнела Маскоўская дзяржава і пачала адбіраць у Вялікага Княства Літоўскага землі і гарады. Таму Аляксандр паспрабаваў адразу ж памірыцца з гаспадаром маскоўскім Іванам Васільевічам. Мала таго, папрасіў аб сваім усынаўленні і адначасова пасватаўся да яго дачкі Алены. З такой просьбай і прыехалі ў Маскву віленскія паслы.
Агледзіны нявесты і прэзентацыя жаніха дакладна пададзены ў памянёнай «Хроніцы».
«Выйшла панна да бацькі свайго і стала, пакланіўшыся. А калі ўбачылі яе паслы, падумалі, што гэта анёл у чалавечым абліччы, і, разгубіўшыся ад такое пекнаты, сталі як укапаныя. А потым упалі да яе ног, просячы, каб князя і гаспадара іх у ласцы сваёй захавала, а яна заплакала. Тут вялікі князь маскоўскі спытаў іх, ці маюць яго маляваную выяву з сабою, за якою зараз жа паслалі і прынеслі. А быў той вялікі князь літоўскі вельмі пекны, твару белага, шчок румяных, вока чорнага, а вус толькі-толькі яшчэ засеяўся». Партрэт Івану Васільевічу спадабаўся, хаця напісаны быў даўнавата. Што ж зробіш, кожны хоча выглядаць у падобных выпадках маладзейшым. Рэзалюцыя маскоўскага гаспадара прыводзіцца ў той жа «Хроніцы»:
«Мне няхай застаецца гэты партрэт, а дачку маю Алену хай жывы князь літоўскі бярэ на ўсё жыццё».
Не прайшло і некалькі гадоў, як цесць і зяць, забыўшыся пра сыноўне-бацькоўскі дагавор, пасварыліся і сталі ваяваць. Ці тут разважаць аб звычайных сямейных адносінах! Розніца ў тым, што сваяцкія спрэчкі на дзяржаўным узроўні выходзяць бокам простым людзям: «Паны бюцца, мужыкам ілбы трашчаць».
А з польскага боку хутка прыйшло традыцыйнае запрашэнне вялікаму князю літоўскаму на трон. Справа ў тым, што Альбрэхт памёр, а попыт на Ягайлавічаў трымаўся. Хаця і ў самога Аляксандра са здароўем было не вельмі, усё ж каралём ён стаў.
Ёсць старажытная ўсходняя прымаўка: «Сустракаюцца стогадовыя сяляне, не сустрэнеш стогадовага чыноўніка». Такое, відаць, траплялася і ў нас.
Кароль і вялікі князь Аляксандр Ягайлавіч паехаў на паляванне ў Налібоцкую пушчу і сустрэў там лесніка, якому, як казалі, было ўжо даўно за сто, але выглядаў ён даволі маладжава.
Ці наведвала цябе калі хвароба? спытаў старога Аляксандр.
Не, найяснейшы пане. Хвароба не гасціла ў мяне, бо я не меў чым яе частаваць, адказаў ляснік.
Пражыў Аляксандр усяго сорак пяць гадоў. Але дынастыя Ягайлавічаў на ім яшчэ не канчалася. Справы ў Кароны і Літвы ішлі больш-менш нармальна, і гэта ставілася ў заслугу чарговаму іх прадстаўніку. А нястомны Час цягнуў за сабою даўжэзны абоз перамен. Сярэднявечча паступова размывалася Рэнесансам. Людзі станавіліся больш дасціпнымі, што не абмінула і каранаваных асоб.
Прыправа да гуманізму
Рэнесанс, Адраджэнне, гуманізм Гэтыя паняцці добра вядомы і ў нашай гісторыі, іх звычайна звязваюць з часамі панавання апошніх двух Ягайлавічаў Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста. Але, заўважце, у Італіі ў герцагствах і рэспубліках, якія там існавалі, адраджалася тое, што ўжо некалі было ў старажытных Грэцыі і Рыме. А для іншых краін, напрыклад, пра якія ідзе ў нас гутарка, то, шчыра кажучы, тут адбывалася Нараджэнне. Нараджэнне нечага зусім новага, чаго ў гэтых мясцінах і блізка не назіралася. Але хай сабе будзе Адраджэнне, Залаты век і іншыя карысныя зявы. Невядома, ці называў сябе «адраджэнцам» альбо «рэнесансістам» наш славуты Францішак Скарына, а што гуманістам ён быў, гэта сумнення не выклікае.