Леў Раманавіч Казлоў - З дазволу караля і вялікага князя стр 8.

Шрифт
Фон

Гуманізм найбольш наглядна праявіўся ў простых людскіх адносінах. Чалавек менш стаў пазіраць на нябёсы, а больш аглядацца вакол сябе. Ён падабрэў і смялей выказваўся адносна свайго калегі, разлічваючы на такую ж дабрату і разуменне. Але галоўнае акрыяла і паступова распаўсюдзілася пачуццё гумару. Вось тут і адыгралі сваю выдатную ролю выцягнутыя з самых разнастайных, цудам уцалелых крыніц антычныя анекдоты. Аднавіліся класічныя сюжэты з галоўнай дзеючай асобай чалавекам. Не, не проста безыменным чалавекам, а гістарычнай персонай.

Крыху пазней, мо напрыканцы Залатога веку, у нас зявіўся, бадай, самы першы збіральнік анекдотаў і розных забаўных гісторый Беняш Будны. Хаця пра асобу гэтага «калекцыянера» вядома яшчэ не вельмі шмат, але ягоныя «Апафегматы» сталі шырока вядомымі і ў той, і ў больш позні час. Нават апынуліся сярод першых друкаваных грамадзянскім шрыфтам расійскіх кніжак часоў Пятра I, але гэта ўжо потым. У часы ж беларускага Адраджэння «Апафегматы» друкаваліся ў Вільні, у Любчы (непадалёк ад Новагародка) у вядомага друкара Пётры Бластуса Кміты і ў Кракаве.

Аднак вернемся да нашых аўгусцейшых асоб. Колькасць іх павялічваецца. Ды і побач з каралём і вялікім князем усё часцей мільгаюць іншыя прадстаўнікі «вышэйшага свету», якія таксама размножыліся. Узрасла, і гэта важна, цікавасць да слова, пісанага і друкаванага. Звычайнай справай становіцца перапіска паміж людзьмі, і кожнаму ахвота паведаміць нешта інтрыгуючае, даведацца штосьці цікавае. Асабліва калі гаворка заходзіла пра загадкавы, маладаступны для назірання, бо высока пастаўлены, экзэмпляр чалавечае пароды.

Невядома, як доўга прыстасоўваліся б жыхары Кароны і Вялікага княства да Рэнесансу, калі б Жыгімонт Казіміравіч не ажаніўся другі раз з Бонай, дачкой міланскага герцага Джавані Сфорца. Яна не толькі нарадзіла каралю гуманістычнага наследніка Жыгімонта Жыгімонтавіча, але шмат на што завяла новую моду. Кароль-бацька проста млеў ад радасці з нагоды такіх падзей. З негаваркога і ўраўнаважанага манарха ён ператварыўся ў дасціпнага чалавека. Праўда, яго італьянская жонка не забывалася нагадваць яму пра карону на галаве. Кажуць, ён меў добрае сэрца, чым звычайна любяць пакарыстацца розныя энергічныя тыпы.

Перад абедам кароль Жыгімонт мыў рукі, зняўшы свае пярсцёнкі, якія даў патрымаць двараніну, што абслугоўваў яго вялікасць падчас туалету. Разважаючы ў думках аб розных справах, кароль забыў пра тыя пярсцёнкі і ні ў гэты дзень, ні пазней не ўспамінаў пра іх. Дваранін зрабіў вывад, што Жыгімонт, відаць, зусім не памятае, дзе падзеліся яго каштоўнасці, а паколькі пры двары аціраецца столькі людзей, то і не трэба аб гэтым напамінаць.

Праз нейкі час той жа дваранін зноў прыслугоўваў каралю. Але Жыгімонт, на руках якога красаваліся ўжо іншыя пярсцёнкі, і не падумаў іх здымаць. А на разгублены погляд свайго «асістэнта» сказаў: «Для вас дастаткова тых, што вы ўзялі раней, а гэтыя могуць спатрэбіцца каму іншаму».

Па старым звычаі кароль і вялікі князь Жыгімонт час ад часу наведваў Літву, дзе цешыў сябе паляваннем. Асабліва ён любіў назіраць за тым, як сабакі змагаюцца з мядзведзем. Аднойчы падчас такой сцэны пан Халецкі, староста чаркаскі, што стаяў каля яго вялікасці, здзівіўся, што сабакі чамусьці без асаблівага жадання ідуць на звера.

 Відаць, іх занадта абкармілі перад гэтым,  выказаў меркаванне кароль,  таму і не бяруць яго.

 Тады, найяснейшы пане,  параіў староста,  пусці на мядзведзя сваіх пісараў, бо як яны ні абядаюцца, а ўсё бяруць і бяруць.

З якой прычыны Жыгімонт I, сын Казіміра Ягайлавіча, стаў называцца «Стары»? Мо таму, што жыў 81 год? Але дзеду яго Ягайлу пераваліла аж за 83, і ніхто не дадумаўся ў дапаўненне да імя ахрысціць таго яшчэ і «Старым». А можа, што доўга насіў карону і велікакняжацкую мітру? I зноў жа не, бо дзед быў польскім каралём ажно 48 гадоў! А ўнук аддаў «манаршыя шапкі» свайму сыну, якому ледзь споўнілася 10 гадоў. Каралеўскі стаж Жыгімонта-сеньёра налічваў у той момант у два разы менш гадоў у параўнанні з дзедаўскім. Праўда, яму ўжо стукнула шэсцьдзесят тры, і, відаць, у гэтым салідным узросце ён палічыў, што такія цацкі, як карона ці мітра, больш падабаюць яго дзіцяці, Жыгімонту-юніёру. А каб не блытаць, па прапанове каралевы Боны, апошняму надалі яшчэ адно імя «Аўгуст». Можа, пад уплывам Рэнесансу? Пра ўплыў Боны Сфорцы мы яшчэ паразважаем, але да матэматычных разлікаў больш вяртацца не будзем, прынамсі на гэтай старонцы, каб не змарыць адных чытачоў і не адбіць ахвоту ў другіх. Скажам толькі па сакрэту, што ў нейкай невядомай яшчэ хроніцы ўпамінаецца мімаходзь, як каралева звярталася да свайго мужа-караля: «Паслухай, стары!». Здаецца, тут усё зразумела. А што тычыцца этычнага боку гэтай формы звароту, то нагадаем, што каралева была маладзей за яго усяго на 27 гадоў. Не, хопіць, хопіць! Пара вярнуцца на наш гуманістычна-гумарыстычны шлях.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3