Коллектив авторов - Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) стр 11.

Шрифт
Фон

 Ды ні каліўца,  крыкнуў Блаўнт, ужо дужа захоплены.  Прасцей за арлекінаду мы нічога і не надумаем, і на тое дзве прычыны! Па-першае, вярзці можна ўсё, што ў галаву прыйдзе, а па-другое, спатрэбіцца толькі тое, што ў любым доме і так ёсць сталы, вешалы, кашы для бялізны ды іншае падобнае.

 А і праўда,  Крук з захапленнем заківаў і захадзіў па пакоі. Але дзе ж узяць паліцэйскую форму? Я апошнім часам аніводнага палісмена не забіў.

Блаўнт у задуменні нахмурыўся, але тут жа ляпнуў сябе па сцягне.

 Знойдзецца!  усклікнуў ён.  Фларыянаў тэлефон тут ёсць, а Фларыян у Лондане ўсіх касцюмераў ведае. Зараз пазваню яму ды й папрашу захапіць сюды паліцэйскую форму,  і ён рынуўся да тэлефона.

 Хіба не цудоўна, хросны?  ледзь не скакала ад радасці Рубі. Я буду Каламбінай, а вы Панталонэ.

Мільянер ні на хвілю не страціў паганскай велічнай непахіснасці.

 Думаю, мая мілая,  адказаў ён,  што вам трэба знайсці іншага Панталонэ.

 Калі хочаш, я буду Панталонэ,  першы і апошні раз умяшаўся ў размову палкоўнік Адамс, дастаўшы з рота цыгару.

 Вам помнік трэба паставіць!  усклікнуў канадзец, які акурат вярнуўся, ззяючы, ад тэлефона.  Ну вось усіх і знайшлі! Містэр Крук будзе клоунам ён журналіст і ведае ўсе найстарэйшыя жарты. Я магу быць Арлекінам, для гэтага толькі і трэба, што мець даўгія ногі ды жвава скакаць. А мой сябар Фларыян кажа, што прыхопіць касцюм палісмена і дарогаю пераапранецца. Зладзім усё ў гэтым самым холе, вунь там на прыступках рассадзім гледачоў у некалькі шэрагаў. А дзверы будуць выдатным заднікам, хоць зачыненыя, хоць расчыненыя. Зачыніш вось табе ангельскі пакой, расчыніш вось табе сад у месяцавым святле. Выдатна ўсё атрымліваецца, нібы начараваў хто.

Ён выцягнуў з кішэні кавалак крэйды, што заставаўся там з апошняй гульні ў більярд, і доўгаю рысаю раздзяліў пакой на дзве часткі: адну, з дзвярыма,  для сцэны, а другую, са ступенямі, для публікі.

Як яны змаглі за тыя кароткія гадзіны падрыхтаваць спектакль, хоць бы і такі ёлупскі, суцэльная загадка. Але яны ўзяліся за справу з сумессю няўрымслівасці й руплівасці, якая прыходзіць, калі ў доме жыве маладосць. А ў доме ў той вечар жыла маладосць, хоць, можа, і не ўсе адгадалі два твары й два сэрцы, дзе яна гарэла. Як звычайна, задума рабілася ўсё дзічэйшаю й дзічэйшаю праз тыя самыя будзённыя звыкласці, з якіх даводзілася ствараць патрэбнае. Незвычайная спадніца чароўнай Каламбіны дзіўна нагадвала вялікі абажур з гасцінай. Клоўн і Панталонэ выбеліліся мукою, узятаю ў кухара, ды начырвонілі шчокі румянамі, падаўца якіх застаўся (як усе праўдзівыя хрысціянскія дабрадзеі) невядомым. Арлекіна, які апрануўся ўжо ў срэбную паперу з цыгарных скрыняў, ледзьве здолелі утрымаць, калі ён прымерваўся разбіць старую віктарыянскую люстру ды аздобіцца зіхоткімі крышталямі. Ён абавязкова давёў бы справу да канца, калі б толькі Рубі не адкапала дзесьці ўзамен фальшывыя дыяменты ад даўняга маскараднага касцюма Дамы Звонкаў. Увогуле, з яе дзядзькам, Джэймсам Блаўнтам, ніякага зладу не было: у захапленні ён гарэзнічаў, нібы школьнік. Ён знянацку насунуў папяровую асліную галаву на айца Браўна, які цярпліва гэта стрываў і нават вынайшаў нейкі спосаб варушыць яе вушамі. А асліны хвост жартаўнік узнамерыўся прычапіць ажно да фрака сэра Леапольда Фішэра, але пад хмурным позіркам фінансіста гэтая задума згасла.

 Нешта дзядзька ўжо праз меру дурэе,  усклікнула Рубі, з сур'ёзным выглядам чапляючы каралі з сасісак на шыю Круку.  Што гэта з ім?

 Ён Арлекін у пáру вашай Каламбіне,  сказаў Крук.  А я толькі клоўн са старымі жартамі.

 Лепей бы вы былі Арлекінам!  адказала дзяўчына, і сасісачныя каралі павіслі ў Крука на плячах.

Айцец Браўн, які ведаў усё да драбнічкі пра гэтую падрыхтоўку і ўжо нават атрымаў сваю долю апладысментаў, ператварыўшы падушку у бутафорскае немаўлятка, сеў, тым не менш, сярод публікі і ўрачыста чакаў пачатку, нібы хлопчык, упершыню прыведзены ў тэатр. Гледачоў было няшмат: сваякі, некалькі добрых суседзяў ды слугі. Сэр Леапольд рассеўся наперадзе, і ягоная грузная фігура, дагэтуль у футравым каўняры, амаль зусім закрыла сцэну ад караценькага святара. Але тэатральным крытыкам так і невядома, ці шмат святар ад гэтага страціў. Пантаміма была суцэльным вэрхалам, але не безнадзейным: яе пранізвала шаленства імправізацыі, якая паходзіла галоўным чынам ад клоуна Крука. Ён быў здольным наогул чалавекам, а ў гэты вечар яго ахінула дзікая ўсёведнасць, бязглуздасць, мудрэйшая за мудрасць свету, што прыходзіць да юнака, які прыкмеціў на імгненне пэўны выраз на пэўным твары. Паводле задумы ён граў клоуна, а на справе быў яшчэ амаль усім астатнім аўтарам (наколькі там увогуле быў аўтар), суфлёрам, дэкаратарам, работнікам сцэны і, самае галоўнае, аркестрам. Калі ў заліхвацкай весялосці наступаў раптам няўдалы перапынак, клоун як ёсць, у ёлупскім строі кідаўся да фартэпіяна ды вытарабаньваў на ім папулярныя песенькі, адначасова недарэчныя і цалкам прыдатныя да моманту.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3