Святым, адказаў айцец Браўн.
Думаю, сказаў сэр Леапольд з паблажліваю ўсмешкаю, што Рубі мела на ўвазе сацыяліста.
Раяліст не абавязаны граць на раялі, крыху раздражнёна адазваўся Крук, а кансерватар не заўсёды гатуе на зіму варэнні. А сацыяліст, завяраю вас, зусім не прагне таварыства ўсякага, каго заве таварышам. Сацыяліст проста хоча, каб усе коміны былі пачышчаныя, а ўсім камінарам за гэта заплацілі.
Але нікому не дазволіць валодаць уласнаю сажаю, нягучна дадаў святар.
Крук зірнуў на яго з цікавасцю і нават павагаю.
А хтосьці хоча валодаць сажаю? спытаў ён.
Хтосьці, можа, і хоча, задумліва адгукнуўся Браўн. Я чуў, садоўнікам яна прыдаецца. А я аднойчы на Каляды вельмі ўсцешыў шасцярых дзяцей, якія не дачакаліся фокусніка, і мне спатрэбілася для гэтага выключна сажа ужытая вонкава.
Як цудоўна! усклікнула Рубі. Вось бы і нам на такое паглядзець.
Шумны канадзец, містэр Блаўнт, адразу ж узвысіў свой гучны голас у падтрымку гэтай задумы, а ўражаны фінансіст узвысіў свой, задуму досыць рашуча асуджаючы, і тут у вялікія ўваходныя дзверы нехта пагрукаў. Святар адчыніў, ізноў адкрываючы від на пярэдні сад, дзе вечназялёныя дрэвы і араўкарыя між імі цямнелі цяпер на фоне раскошнага фіялетавага заходу. Гэтая карціна ў раме расчыненых дзвярэй была такою яркаю і такою дзіўнаю, нібы тэатральная дэкарацыя, што ў першае імгненне ніхто не звярнуў увагі на непрыкметнага чалавека на ганку. Гэта быў, відавочна, звычайны пасыльны запылены ды ў паношаным паліто.
Ці ёсць сярод вас містэр Блаўнт, джэнтльмены? спытаў ён, няўпэўнена працягваючы ім ліст.
Містэр Блаўнт асекся на паўвоклічы, так і не скончыўшы сваіх ухваленняў. З яўным здзіўленнем ён разадраў канверт і стаў чытаць. Яго твар крыху спахмурнеў, пасля зноў пасвятлеў, і канадзец павярнуўся да свайго швагра й гаспадара:
Мне прыкра так вам назаляць, палкоўнік, сказаў ён з бадзёраю каланіяльнаю пачцівасцю, але ці дужа вас засмуціць, калі сёння ўвечары да мяне зазірне па справе стары прыяцель? Гэта, уласна кажучы, Фларыян, той самы славуты французскі акрабат і комік. Мы пазнаёміліся калісь даўно за акіянам, ён родам з французскай часткі Канады, а цяпер вось у яго да мяне справа каб я толькі ведаў, якая.
Канечне-канечне, не раздумваючы адказаў палкоўнік. Дарагі мой, вашым сябрам я толькі рады. І ён тут, не сумняюся, будзе дарэчы.
Ён вычарніць твар сажаю, калі вы пра гэта, са смехам усклікнуў Блаўнт, і высініць усіх сінякамі. Мне што, я не дужа выкшталцоны. Старая добрая пантаміма мне акурат да густу, і каб актор яшчэ на цыліндр сеў!
Толькі, калі ласка, не на мой, з годнасцю прамовіў сэр Леапольд Фішэр.
Годзе, годзе, бесклапотна ўмяшаўся Крук, не будзем сварыцца. Бываюць жарты й безгустоўнейшыя за чалавека на цыліндры.
Непрыязнасць да юнака ў чырвоным гальштуку, народжаная драпежніцкімі перакананнямі апошняга ды ягонымі відавочна цёплымі адносінамі з Фішэравай слаўнай хросніцаю, змусіла дзялка прамовіць самым саркастычным і ўладным тонам:
Вам, не сумняюся, сапраўды вядомыя жарты і безгустоўнейшыя за чалавека на цыліндры. Ці не зробіце ласку прывесці прыклад?
Ды вось хоць цыліндр на чалавеку, адказаў сацыяліст.
Ну, ну, ну! закрычаў канадзец з заўсёдашняю варварскаю зычлівасцю. Не будзем псаваць такі слаўны вечар. Я проста кажу, давайце неяк пацешым таварыства! Не будзем чарніць твары і сядаць на капелюшы, калі нехта супраць, але чагосьці такога ўдумаем. Чаму б вось не зладзіць сапраўдную ангельскую пантаміму каб усё як след, каб з клоунам, і з Каламбінаю, і што там яшчэ трэба. Калі я з'язджаў з Англіі, у дванаццаць гадоў, я такую бачыў, і яна палае ў маёй памяці, як святочнае вогнішча. А ў мінулым годзе я вярнуўся і выявілася, што такога ўжо не сустрэнеш. Усюды толькі слязлівыя казачкі. Мне б паглядзець, як махаюць гарачаю качаргою ды збіваюць на порхаўку паліцэйскага, а на сцэне толькі прынцэсачкі, што гавораць казані пры месяцовым святле, ды Сінія Птушкі, ды астатняе ў тым жа духу. Калі ўжо нешта сіняе, то хай гэта будзе Сіняя Барада, ды й таму б лепей перавярнуцца ў Панталонэ.
Збіць паліцэйскага на порхаўку гэта мне даспадобы, сказаў Джон Крук. Гэта лепшае вызначэнне сацыялізму, чым тое, што тут сёння гучала. Але зладзіць гэта ўсё будзе немалою працаю.
Ды ні каліўца, крыкнуў Блаўнт, ужо дужа захоплены. Прасцей за арлекінаду мы нічога і не надумаем, і на тое дзве прычыны! Па-першае, вярзці можна ўсё, што ў галаву прыйдзе, а па-другое, спатрэбіцца толькі тое, што ў любым доме і так ёсць сталы, вешалы, кашы для бялізны ды іншае падобнае.