І, як кульмінацыя гэтага шаленства, ды і ўсяго наогул, дзверы ў глыбі сцэны раптам шырока расчыніліся, і адкрыўся сад у месяцавым святле, а на фоне саду іх знакаміты госць, вялікі Фларыян, апрануты палісменам. Клоун зайграў хор паліцэйскіх з Піратаў Пензанса, але музыка патанула ў аглушальным плясканні гледачоў, бо паставу і манеры сапраўдных палісменаў вялікі комік пераймаў хоць і стрымана, але да дробязяў бездакорна. Арлекін падскочыў да яго ды грукнуў па шлеме, піяніст тарабаніў песеньку Гэта што ў цябе за шапка, а Фларыян азіраўся па баках у надзвычай пераканаўчым здзіўленні. А тады непаседлівы Арлекін стукнуў яго яшчэ (піяніст найграў кавалачак з прыпеўкі І пасля яшчэ разочак). А тады Арлекін кінуўся ў абдымкі да палісмена й паваліў яго на падлогу пад гром апладысментаў. Вось тады заезджы актор і паказаў тую знакамітую клаунаду з удаваннем мерцвяка, пра якую дагэтуль не сціхла слава ў ваколіцах Путні. Ледзь магчыма было паверыць, што жывы чалавек можа гэтак абмякнуць.
Дужы Арлекін гайдаў яго туды й сюды, як мех, круціў ды падкідваў, бы жанглёрскі дручок, і ўсё гэта пад зухаватыя бязглуздыя гукі піяніна. Калі Арлекін не без цяжкасці адарваў канстэбля-коміка ад падлогі, клоун граў Я ўстаю ад сноў пра мілую, калі ўзваліў на спіну, загрымела Рушу з клункам за плячыма, а калі ўпусціў нарэшце палісмена на дол з вельмі пераканаўчым грукам, шаленец за інструментам затарабаніў звонкую песеньку тую самую, як дагэтуль лічыцца, песеньку, з якою дзеці ў гульні кідаюць на падлогу насоўку: Напісаў я мілай ліст, але згубіў на вуліцы.
І вось недзе падчас гэтага найвышэйшага свавольства айцец Браўн зусім перастаў бачыць, што робіцца на сцэне, бо магнат з Сіці, які сядзеў перад ім, падняўся ў поўны рост і пачаў апантана рыцца ў кішэнях. Тады нервова сеў, не пакідаючы сваіх пошукаў, а тады зноў падскочыў. Спачатку ён нібыта хацеў неадкладна ўварвацца на сцэну, пасля ўтаропіў злы позірк у клоўна, а пасля, нічога не сказаўшы, кінуўся прэч з пакоя.
Айцец Браўн толькі і паспеў некалькі хвілін паназіраць за бязглуздым, але не пазбаўленым зграбнасці танцам Арлекіна-аматара над захапляльна бязрушным супраціўнікам. З праўдзівым, хоць і грубым, мастацтвам Арлекін упрыскок спінаю наперад выбраўся праз дзверы ў сад, поўны месяцавым святлом і цішынёю. Арлекін танцаваў усё далей, і самаробны касцюм з бліскучай паперы й маскарадных аздобаў, задужа зіхоткі ў святле рампы, у ззянні месяца рабіўся ўсё срэбнейшым і ўсё чароўнейшым. Гледачы грымнулі апладысментамі і кінуліся бліжэй да дзвярэй, і тут нехта крануў айца Браўна за рукаў і шэптам папрасіў прайсці ў кабінет палкоўніка.
Святар пайшоў следам за слугою, узмацняючыся ў благіх прадчуваннях, і зусім не супакоіўся ад урачыста-камічнай карціны, што адкрылася яму ў кабінеце. Там сядзеў палкоўнік Адамс, па-ранейшаму ў касцюме Панталонэ, і ківаў рогам з кітовага вуса, але ў яго старых вачах было досыць тугі, каб ацвярозіць любую пагулянку. Сэр Леапольд Фішэр абаперся на камін і цяжка дыхаў у напышлівым перапудзе.
Здарылася вельмі вялікая непрыемнасць, айцец Браўн, сказаў Адамс. Разумееце, выглядае, што тыя дыяменты, якія мы ўсе сёння бачылі, зніклі з кішэні фрака майго сябра. І паколькі вы
Паколькі я, працягнуў айцец Браўн, разусміхаўшыся, сядзеў акурат за ім
Нічога падобнага ніхто і ніколі не скажа, запярэчыў палкоўнік Адамс і ва ўпор паглядзеў на Фішэра, выдаўшы тым самым, што нешта падобнае ўсё ж было ўжо сказана. Я толькі прашу вас, як прасіў бы любога джэнтльмена, аказаць мне дапамогу.
Іншымі словамі, вывернуць кішэні, адказаў айцец Браўн і не адкладаючы так і зрабіў, паклаўшы перад суразмоўцамі сем шылінгаў, шэсць пенсаў, зваротны білет, маленькае срэбнае ўкрыжаванне, невялікі брэвіярый ды плітку шакаладу.
Палкоўнік доўга глядзеў на святара, а тады сказаў:
Ведаеце, змесціва вашай галавы мне нашмат цікавейшае за змесціва вашых кішэняў. Мая дачка з вашых прыхаджанаў, і вось апошнім часам яна ён замоўк.
Апошнім часам, выкрыкнуў стары Фішэр, яна адчыніла дзверы бацькоўскага дома галаварэзу-сацыялісту, які адкрыта хваліцца, што ў багацейшага чалавека скраў бы што хочаш. А вось вам і вынік! Вось вам багацейшы чалавек, які сёння не пабагацеў.
Змесціва маёй галавы я ад вас таксама не хаваю, крыху стомлена адказаў айцец Браўн. А чаго яно вартае, вырашыце самі. Вось першае, што я выцягну з гэтай падзапамятаванай кішэні: хто збіраецца скрасці дыяменты, той не стане ўслых хваліць сацыялізм. Вось асуджаць, рахмана дадаў ён, гэта магчыма.