Всего за 88 руб. Купить полную версию
Пасля вячэры Вераніка з Андрэем вырашылі прагуляцца за брамку санаторыя, паглядзець курортны гарадок. Аказалася, што глядзець там асабліва няма чаго: невялікае гарыстае паселішча ў паўтара дзясятка звычайных шэрых пяціпавярховікаў і некалькі нешырокіх цяністых вулачак з прыватнымі дамамі, дзе жывуць людзі, якія абслугоўваюць санаторый медперсанал, кухары, афіцыянты, прыбіральшчыкі, гандляры, а заадно здаюць пакоі «дзікім» адпачываючым. Уся прыгажосць і вірлівае курортнае жыццё фактычна засталіся за высокай агароджай санаторыя. Там, на тэрыторыі велізарнага шыкоўнага парку, поўнага дзівосных раслін, побач з лячэбнымі і жылымі санаторнымі карпусамі месціліся кафэ, рэстаранчыкі, атракцыёны, крамы, танцавальныя пляцоўкі, а ўздоўж мора цягнулася доўгая добраўпарадкаваная паласа пляжаў.
Расчараваныя Вераніка з Андрэем вельмі хутка вярнуліся ў цывілізаваную санаторную зону. Адзіным суцяшэннем было тое, што па дарозе назад яны купілі на мясцовым кірмашы бутэльку таннага вінаграднага віна і духмяную дыню. Пакуль данеслі дыню да свайго нумара, ледзь не сышлі слінай.
Вінаграднае віно і цукровая дыня што можа быць смачней за такую вячэру, асабліва, калі гэта вячэра на курорце?.. Яны таксама вырашылі выцягнуць з нумара маленькі столік з крэсламі і павячэраць удваіх на балконе з відам на марскі захад сонца.
Удваіх павячэраць не атрымалася. На сваім балконе сядзеў сусед. Перад ім на століку па-ранейшаму стаяла шклянка з віном, у руках ён трымаў цыгарэту. Быццам нікуды і не сыходзіў з учарашняга дня.
Далучайцеся да нас! Андрэй шчыра запрасіў суседа падзяліць з імі вячэру і паказаў рукой на разлітае па шклянках віно і парэзаную на часткі дыню.
Не, гэта вы да нас далучайцеся! у тон яму жартліва адказаў сусед і паказаў рукой на свой стол.
Так і пілі ўтраіх побач, але праз перагародку, кожны сваё віно. Вераніка з Андрэем закусвалі апетытнай дыняй, Сяргей цыгарэтамі. Ад дыні ён катэгарычна адмовіўся. Мужчыны курылі і гаварылі пра службу, пра парадкі ў войску, ва Украіне і ў Беларусі, пра савецкую армію, дзе распачынаў ваенную кареру Сяргей Яны вялі няспешную размову і назіралі за тым, як вялікае распаленае сонца апускаецца ў мора ды залівае чырванню ўсю ваду, і Чорнае мора становіцца ўжо не сінім, а чырвоным-чырвоным, падобным да нагрэтай патэльні. І дзіўна было, што не чуваць, як мора шыпіць ад гэтага гарачага дыска. Мора тушыла сонца, і на ўзбярэжжа патроху прыходзіла вячэрняя прахалода.
Калі Вераніка з Андрэем пайшлі спаць, сусед яшчэ заставаўся сядзець на балконе. Таму балконныя дзверы яны прадбачліва зачынілі, хаця ў нумары было душнавата І так павялося з дня ў дзень. Зранку, адразу пасля сняданку, Вераніка з Андрэем ішлі на пляж купаліся, пякліся на сонцы, ляжалі ў цяньку на сваіх тапчанах, потым вярталіся ў нумар, прымалі душ, вывешвалі сушыцца на балконе ручнікі, купальнік і плаўкі, а затым ішлі на працэдуры, пасля чаго сытна і смачна абедалі ў вялікай прахалоднай, дзякуючы кандыцыянеру, сталоўцы і адпачывалі ў ціхі час у нумары, шчыльна завесіўшы шторамі вокны і адчыніўшы балконныя дзверы, а потым зноў ішлі на пляж Увечар, прыгожа апрануўшыся, гулялі ў парку і па набярэжнай, любаваліся на ружы, канны, магноліі, алеандры, рададэндраны ды мноства іншых прыгожых раслін і кветак, назвы якіх ім былі невядомыя, слухалі музыку, глядзелі выступленні розных артыстаў, танцавалі на адкрытых пляцоўках, пілі шампанскае і елі экзатычныя марскія салаты ў шматлікіх адкрытых рэстаранчыках, якія наскрозь прадзьмуваліся свежым марскім ветрам, некалькі разоў каталіся па вячэрнім моры на прагулачных цеплаходах і шкадавалі толькі аб тым, што ў гэтым раі няма іх дзяцей Санькі і Марынкі. Яшчэ на пачатку летніх канікул яны адправілі сваіх младшакласнікаў у родную вёску пад нагляд бабуль і дзядуль.
Штораз, калі позна ўвечары Вераніка з Андрэем вярталіся ў свой нумар, на суседнім балконе яны бачылі суседа. Сяргей не хадзіў на пляж, не гуляў у парку, здаецца, нават не спускаўся ў сталоўку. Ён цэлы дзень сядзеў у сваім крэсле, пацягваў віно, курыў адну за адной цыгарэты і задумліва глядзеў на мора. Ён быў увесь у сваіх думках. У яго была нейкая таямніца. І гэта вельмі цікавіла Вераніку і не давала ёй спаць душнымі начамі пасля таго, як яны з мужам нарэшце стамляліся ад гарачай ласкі і Андрэй засынаў.
Чаму сусед адпачывае ў санаторыі адзін?.. Дзе яго жонка?.. Чаму так шмат курыць?.. Няўжо ён, доктар, не разумее, што гэта шкодна для здароўя?.. Можа, з-за чагосьці перажывае?.. З-за чаго?..