Коллектив авторов - Ева ў пошуках Адама (зборнік) стр 19.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 88 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

 Добры дзень, мора!  усклікнула Вераніка і ўскінула ўгару рукі, як у кіно.

Хтосьці б сказаў, што яна зрабіла гэта ненатуральна, занадта артыстычна, а на самой справе ўсё было шчыра. Яе сэрца перапаўняла радасць. Нарэшце яна на моры ды яшчэ разам з мужам, і наперадзе амаль два тыдні адпачынку!

 І вам добры дзень!  адказаў прыглушаны мужчынскі голас.

Вераніка войкнула і азірнулася. Вялікі і шырокі балкон быў зроблены адразу для двух нумароў, і злева, за невысокай драўлянай перагародкай, сядзеў на крэсле сталы мужчына з сівымі, коратка стрыжанымі валасамі і смуглым тварам. Адчувалася, што загар не свежы, курортны, а даўнішні: мусіць, мужчына паўднёвы жыхар.

 Выбачайце, я вас не заўважыла!  прамовіла Вераніка, радуючыся, што, узняўшыся з ложка, не забылася накінуць на голае цела шаўковы халацік. А то ж магла б пасля рамантычнай ночы з мужам на новым месцы выскачыць на балкон голая: апошні паверх, рагавы нумар, маўляў, хто тут убачыць?!.

Яна падышла да перагародкі і ўсміхнулася:

 Значыць, мы з вамі суседзі?.. Будзем знаёмыя!

Назвала сваё імя і сказала, што прыехала з Мінска.

 Сяргей,  мужчына адказаў прыязна, але з крэсла не ўзняўся.

Ён быў значна старэйшы за Вераніку, і, безумоўна, лепей было б даведацца адразу і яго імя па бацьку, але перапытаць яна пасаромілася. Ды і на курорце усе роўныя.

Перад Сяргеем на маленькім століку стаяла шклянка з віном. У руцэ ён трымаў цыгарэту.

«Сем гадзін раніцы»,  міжволі адзначыла ў думках Вераніка.

 Цудоўнае мора, праўда?  спытала яна суседа, каб завязаць гаворку.

 Звычайнае,  адказаў Сяргей.

 Вы, напэўна, тутэйшы, з поўдня?.. Калі мора для вас не дзіва

 З поўдня, але не тутэйшы,  ён назваў адзін невялікі, але добра вядомы паўднёвы ўкраінскі горад і глытнуў віна са шклянкі. А мора для мяне звычайнае, таму што я ўжо дваццаць гадоў езджу адпачываць у гэты санаторый і дваццаць гадоў гляджу на мора з гэтага балкона.

 Вы таксама ваеннаслужачы?  пацікавілася Вераніка.

Хаця было зразумела, што сусед не толькі ваеннаслужачы, але і немалы начальнік, калі дваццаць гадоў запар ездзіць кожнае лета ў ваенны санаторый, які яшчэ з савецкіх часоў носіць статус «генеральскага» і па сённяшні час застаецца прэстыжным месцам адпачынку. Яна са сваім Андрэем, маёрам па званні, патрапіла сюды ўпершыню толькі тады, калі муж пасля ваеннай акадэміі стаў служыць у Міністэрстве абароны. Вядома, можна было б купіць пуцёўку ў турфірме на любы курорт, але адпачынак у ваенным санаторыі таннейшы, да таго ж тут і лячэнне ёсць.

 Ваенны ўрач,  адказаў мужчына і зацягнуўся цыгарэтай.

Вераніка здзівілася: доктар вёў нездаровы лад жыцця.

 Мы з мужам перад сняданкам на пляж збіраемся, хочам месцы бліжэй да мора заняць. Можа, і вам тапчан забраніраваць?  шчыра прапанавала яна.

 Я не хаджу на пляж,  адказаў сусед.  Ды і месцы там не трэба займаць: вам дадуць пастаянныя на ўвесь тэрмін адпачынку. Так што ідзіце спакойна ў сталоўку.

 А-а-а Дзякуй за падказку,  Вераніка трохі збянтэжылася.  А вы дзе купаецеся у басейне?

 Я наогул не купаюся.

 А на працэдуры ходзіце?..

Сусед толькі хмыкнуў у адказ.

Вераніцы стала няёмка. «Дзівак-чалавек,  падумала яна.  Навошта ж прыязджаць у санаторый на моры, калі не купаешся і не лечышся?»

З нумара выглянуў муж: «Ты хутка?» Але тут Андрэй убачыў суседа і выйшаў на балкон. Мужчыны павіталіся, паціснулі адзін аднаму руку і адрэкамендаваліся. Сусед аказаўся палкоўнікам медыцынскай службы, начальнікам стаматалагічнага аддзялення ваеннага шпіталя. Праўда, знаёмячыся, з крэсла ён так і не ўзняўся.

Праз гадзіну Вераніка з Андрэем смачна паснедалі ў прасторнай шматлюднай сталоўцы, потым, узяўшы пад пахі прыгожыя ручнікі, купленыя спецыяльна для паездкі на курорт, і прыкрыўшы галовы ад сонца вялікімі капелюшамі, пашыбавалі ў бок санаторнага пляжа.

Зразумела, што за ўвесь першы дзень у санаторыі яны пра суседа ніводнага разу і не ўспомнілі. Спачатку купаліся шчаслівыя ў цёплым моры і ляжалі разамлелыя пад тэнтам на сваіх тапчанах, якія і сапраўды ім выдзелілі на ўвесь адпачынак. Потым бегалі, як падстрэленыя, па санаторнай паліклініцы з кабінета ў кабінет з прызначэннямі дактароў. Потым, стомленыя пасля мора, працэдур і сытнага абеду, адпачывалі ў сваім нумары, перабываючы спёку. А потым, зеўшы на полудзень смачную булку і выпіўшы кампот з абрыкосаў, зноў пасунуліся на пляж.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3