Всего за 88 руб. Купить полную версию
Пасля таго здарэння мінуў год. Я тым часам сама збіралася замуж.
Вяселле планавалася праз паўгода, калі мой жаніх мусіў скончыць сваю навучальную ўстанову. Адносіны нашы былі роўныя, цёплыя, даверлівыя, без нейкіх шалёных жарсцяў. Я не сумнявалася, што такім будзе і сямейнае жыццё. На маёй далоні красавалася доўгая, глыбокая лінія шлюбу.
Праўда, Эдзіку, майму нарачонаму, не падабалася мая праца з яе частымі камандзіроўкамі, але я думала звольніцца адразу пасля вяселля. Эдзік пераехаў у маю двухпакаёўку, і гэта было для мяне дарункам лёсу. Адразу ж стала адчувацца, што ў хаце зявіўся гаспадар: адрамантаваў усе паломкі, давёў да ладу ўсе недаробкі, замяніў старыя вокны на шклопакеты, разгроб заўсёдны мой бардак і ператварыў кватэрку ў сапраўдны райскі куток. Мяне ж па вяртанні з чарговай камандзіроўкі заўсёды чакала гарачая кава ды смачная вячэра.
Аднойчы раніцай, адчыніўшы дзверы, я была здзіўлена: на кухні за сталом побач з Эдзікам сядзела Нэлька. Яны пілі каву. Нэлька адразу кінулася да мяне абдымацца: не бачыліся ж год з лішкам. Яна яшчэ больш распаўнела, але выглядала шчаслівай.
Дзякуй богу, што ты вярнулася! Туся, даражэнькая, я па тваю дапамогу! Ты мне тады так добра ўсё наваражыла, і цяпер у мяне аж два жаніхі, толькі вось не ведаю, якога выбраць. Паваражы мне яшчэ раз, калі ласка!
Тут я здзівілася яшчэ больш. Але ўзяла яе далонь, паглядзела. Малюнак яе ліній заставаўся без зменаў. Я сказала ёй некалькі агульных фраз, накшталт таго, што будзе дарога (яна ж паедзе пасля дадому), што дома чакае сюрпрыз (калі там котка акацілася ці ж не сюрпрыз?), што спяшацца рабіць выбар не варта час сам расставіць усе кропкі над «і». Пэўна, гэта можна было б сказаць каму заўгодна і не памыліцца, але яна знайшла тут нейкі асаблівы, адметны для яе адной сэнс, узрадавалася, па-дзіцячы непасрэдна пляснула ў ладкі, і, перш чым я паспела апамятацца, падзякавала за ўсё і пачала развітвацца. Эдзік памкнуўся яе праводзіць, але яна хуценька чмокнула яго ў шчаку, пасля мяне, павіншавала з недалёкім вяселлем (куды ўжо была запрошана Эдзікам) і пабегла.
Час сапраўды расставіў усе кропкі над «і». У той дзень, калі мы з Эдзікам збіраліся падпісваць запрашальнікі на наша вяселле, ён сказаў мне, што кахае іншую, не можа без яе жыць і зязджае да яе. Узяў загадзя сабраны чамадан і сышоў. Ува мне быццам скончыліся словы, думкі, пачуцці і ўсё запаланіла нейкая нязвыклая пустэча. Слёз не было таксама. Але пачало рэзка не ставаць паветра, быццам яго трэба было ў шмат разоў больш, каб запоўніць сабою ўсю тую бязмежную пустэчу ў маёй душы. Я чула, як за Эдзікам шчоўкнуў замок у дзвярах. Потым узяла чайнік з рэштаю ранішняй гарбаты, заваранай Эдзікам, і бразнула аб падлогу. Паглядзела на свае рукі. На абедзвюх далонях, у тым месцы, дзе раней знаходзілася лінія шлюбу, была гладкая, роўная скура. Такая самая, як калісьці ў Нэлькі. Калісьці
Загадкавая сустрэча
Той восеньскі дзень нічым не вылучаўся з ланцужка астатніх. Хіба толькі было нязвыкла цёпла сонца нібыта вырашыла ўраз аддаць зямлі ўсё належнае цяпло, на якое паскупілася ўлетку, прадчуваючы, што больш шансаў не надарыцца. Таму займацца ў бібліятэцы, рыхтавацца да семінараў не хацелася. Збольшага, наколькі ставала сілы волі, я занатавала патрэбны матэрыял, здала кніжкі і выйшла на двор. У прызначаным месцы мяне ўжо чакала сяброўка.
З ёю мы не бачыліся даўно, таму падрабязна абмяркоўвалі апошнія навіны, не спяшаючыся, бадзяліся па алеях парку, дзе было шматлюдна: закаханыя парачкі, семі з малымі дзецьмі і проста самотныя мінакі.
У нейкі момант я спінай адчула чужы позірк. Спыніўшыся, азірнулася. Метры за тры ад мяне знаходзілася высокая худая постаць, захутаная ў чорны доўгі плашч. На галаву быў накінуты чорны капюшон. І толькі калі я зразумела, што пад капюшонам нічога няма пустата замест твару, мяне працяў жах, цалкам, да апошняй клетачкі. Я стаяла, глядзела ў тую пустату пад капюшонам і не магла зрушыцца з месца. Не ведаю, як і чаму, але я зразумела, што гэта Смерць. І яна адчула маё разуменне.
Ведай, я пазначыла цябе! гэтыя словы прагучалі, напэўна, толькі ў маёй галаве, бо сяброўка, як нічога не было, прыспешваючы, узяла мяне за руку. Тон яе расповеду ніяк не змяніўся значыць, яна не ўбачыла тое, што ўбачыла я. Слаба памятаю, як мы з Іркай развіталіся, яна, пэўна, вырашыла, што я ператамілася і мне блага, бо я не магла больш падтрымаць размовы і недарэчна адказвала на пытанні.