Всего за 88 руб. Купить полную версию
Такіх «добразычліўцаў» як бруду. Але яны не ведаюць, з кім ім давядзецца мець справу. Мой сын зойме бацькаў пасад, калі прыйдзе час, і да таго моманту ён дасягне дасканаласці ў пытаннях дзяржаўнага кіравання ды вайсковай справы.
Слёзы зноў і зноў наварочваліся на вочы. Сын зрабіў сабе дзіду з прамога доўгага дубца і на кагосьці «паляваў». Галоўка яго з ільнянымі валасамі мільгала ў зеляніне. Паменшаная бацькава копія.
Сын найдаражэйшае, што ў мяне ёсць, але я не павінна яго любіць. Каб не зваряцець, калі страчу і яго. Каб мець на той момант халодны розум і спакой у сэрцы ды зрабіць усё, што належыць у такіх выпадках. Я з самага пачатку ведала, што страчу і яго. Як і цябе, мой княжа. Твой лёс і яго лёс. Але нават калі б я магла пазбегнуць гэтых пакут коштам іншага ўласнага лёсу, іншага жыцця, праведзенага ў манастырскіх мурах, дзе я ніколі цябе не сустрэла б, я нічога не стала б мяняць (чуеш, ні-чо-га!) дзеля хоць бы аднаго імгнення поўнай паглыбленасці ў цябе і паглынальнасці табою, поўнай еднасці з табою ва ўсім.
А ў мяне такіх імгненняў было аж сем гадоў бязмежнага шчасця! Я адчувала яго, майго князя, нейкім звышнатуральным чуццём, бачыла скрозь сцены, калі яму добра, калі кепска, ведала, пра што ён думае, калі яго вязуць параненым. Найсаладзейшая ж эйфарыя агортвала мяне тады, калі ён браў мае далоні і прыхінаў да свайго твару, удыхаючы скрозь іх паветра, а потым, ледзь дакранаючыся вуснамі, цалаваў мой шнар на правым запясці (след даўняга, яшчэ дзіцячага падзення з каня на камяні).
Бог мой, пашлі мне які-небудзь востры фізічны боль, якую-небудзь хваробу, што заўгодна, каб толькі не адчуваць таго болю Я расплюшчыла вочы, калі нехта з усяе моцы тузаў мяне за руку.
Таська, што з табой? голас мужа быў нязвыкла ўстрывожаны. Гэта ты сваімі дыетамі сябе да непрытомнасці даводзіш, а як я без цябе з малымі буду?
Нясцерпна балела галава. Я ў сваёй чырвонай піжаме ляжала на стылай плітачнай падлозе кухні. Паспрабавала ўзняцца. Валасы былі мокрыя ад крыві: падаючы, я пабілася патыліцай аб рог стала.
Трэба, мусіць, да дзяжурнага хірурга ехаць, Вячык. Патэлефануй маме, хай возьме таксі і прыедзе пабыць з малымі, пакуль мы ўправімся.
Чаргі з бамжоў і пяных «шчасліўцаў» у лякарні не аказалася, і хірург хутка разабраўся з маёй ранай, наклаўшы тры швы. На месцы раны давялося састрыгчы валасы. Нічога, адрастуць шнара відаць не будзе.
Дябал з ім! Адным больш, адным менш, іх і без таго нямала
Калі мы вярнуліся дадому, дзеці яшчэ спалі, але са мной здарылася істэрыка: маці выкінула сінюю кветку. Ёй не спадабаўся яе пах. Я гатова была бегчы на памыйніцу шукаць маю кветку, але толькі што ад падезда адехала машына смеццявоз з поўным кузавам.
У той дзень я не пайшла на працу. Выпіўшы жменю таблетак валярянкі, тупа правалялася на канапе да самага вечара, гартаючы ўсемагчымыя даведнікі па батаніцы. Так і не знайшла таго, што шукала.
А потым разбалеўся шнар. Не на патыліцы на правым запясці. Медыкі ніяк не могуць гэтага патлумачыць: стары, з дзяцінства яшчэ, шнар час ад часу пачынае моцна балець, і тады я згадваю зусім іншае жыццё, якое робіцца для мяне на пэўны час больш існым за маё звычайнае, са штодзённымі варыяцыямі на адзін і той жа матыў.
Плата за хлусню
Ніхто нізавошта не здагадаецца, якая была першая прачытаная мной кніжка. Самавучыцель па хірамантыі. У доме дзядулі ў глухой палескай вёсцы, дзе прайшло маё дзяцінства, іншых кніг не было, а гэтую забылася аднойчы мая цётка, дзядулева сястра, якая страшэнна любіла ўсялякія містычныя штучкі. Дзед мой чытаў толькі газеты з дробным шрыфтам ды без карцінак, мяне яны зусім не цікавілі. Затое ў самавучыцелі было шмат малюнкаў далоней самых розных формаў і памераў са шматлікімі лініямі на іх. Дзядуля гэтую кнігу не чытаў ніколі, яе гартала толькі я. Магла вечарамі не выпускаць яе з рук, мне падабалася разглядаць тыя малюнкі. Часам я чаплялася да дзядулі:
Скажы, а гэта якая літара? А гэта якая?..
Так я і вывучылася чытаць, шмат разоў «прайшоўшы» тую навуку хірамантыі ўздоўж і ўпоперак. Спрабавала я разабрацца і ў газетах, але мяне хапала толькі на загалоўкі.
Калі ж бацькі забралі мяне ў горад і я пайшла ў школу, то ўжо добра ведала, дзе на далонях знаходзяцца лініі сэрца, жыцця і розуму. Бывала, аднакласнікі на перапынках не давалі мне праходу, прасілі паваражыць:
А колькі ў мяне дзяцей будзе?
А ў якім горадзе я буду жыць, калі вырасту?