Всего за 88 руб. Купить полную версию
Спіць і дзяўчынка Іра з вялікімі чырвонымі стужкамі ў валасах. Дождж змыў яе класікі каля падезда, і заўтра яна іх зноў намалюе. Усе спяць. Адна яна не спіць і слухае свой няправільны гадзіннік.
Недзе мокрая шыпшына плача ў вясковым агародчыку, вада стыне ў калодзежы ад ранніх вераснёвых халадоў Чаму ж яно так сталася?.. Хіба яна зрабіла каму-небудзь зло ў гэтым свеце?.. Яна магла б знайсці патрэбныя словы для рыб і птушак, злодзеяў і анёлаў Яна магла б жыць з пракажонымі, карміць іх хлебам, абмываць іхнія раны Яе не палохаюць чужыя хваробы і беднасць Хай толькі ён вернецца!.. Яна не святая, так. Святы гэта той, праз каго свеціць сонца Хай толькі ён вернецца!
А ён не вяртаецца, бо яна зрабіла нешта не так Чаму было не нарадзіць?..
Бяда гэта калі ты паміраеш ад чакання і гадзіннік убівае табе ў галаву свае хвіліны-цвікі І нікому нічога да таго, нават таму, каго ты так чакаеш
Ніхто ў гэтым свеце не падыходзіць да цябе выпадкова гэта закон усіх светаў Вельмі важна, хто падыдзе першы. І вельмі важна яго пазнаць. Ён падышоў да яе на той плошчы з галубамі, залітай сонцам Яна пазнала яго, і ён застаўся побач на цэлыя тры гады
А раніцай трэба некуды ісці, трэба нешта рабіць. А ёй не хочацца нават і выходзіць з кватэры. Раптам ён прыйдзе, а яе няма
Чаму ж яна не нарадзіла?..
Раніцай усё будзе, як заўжды. Дождж, нарэшце, скончыцца. Каціная Каралева выведзе на прагулку сваё бела-шэрае вусатае сямейства. Аляксандр адвядзе сына да школы і пабяжыць у паветку будаваць шхуну, а Ала будзе развешваць бялізну пад вербамі і спяваць. Ірынка з чырвонымі стужкамі паскача па зноў намаляваных клетках.
Але гэта будзе заўтра. А цяпер яшчэ ноч, яшчэ дождж, і яна не спіць. І хай ідзе гэты дождж, ідзе і не сціхае. Яна будзе ляжаць і слухаць яго. Хай ён вісіць цёмнай вільготнай заслонай над усім светам, над восенню, над яе акном. Бо ўжо нічога няма: ні зямлі, ні агню, ні яго, ні яе Хай ідзе дождж і пахне тым, чаму ніколі, мабыць, не збыцца.
Паветраны змей не ўзляціць: хіба можна запускаць папяровую птушку ў неба ў такое надворе?..
Аляксандр І. Бацкель
Муза
я асабіста ніколі не слухаў і не карыстаўся ісцінамі з двароў альбо ад старых пакаленняў, бо тады мяне варта было б ажаніць з качаргой і забыцца на дзівака, які раней жыў тут. я ніколі не ацэньваў сябе звонку, калі справа даходзіла да кахання. я лічыў, што варты любой жанчыны, якая мне спадабаецца, і ўсе гэтыя «ён ёй не пасуе, ён стары, тупы, занадта малады, бедны, непрыгожы, тоўсты, валасаты, невысокага росту» амаль усё з пералічанага пасавала б і мне, кожнае ў свой час.
я верыў і веру толькі ў моц мужчынскага мозгу, у ягоную інтэлектуальную гнуткасць і магчымасць загадзя спланаваць шляхі дасягнення той ці іншай жанчыны.
у мяне каханкі былі розныя, і я ніколі не ствараў сабе нейкі вобраз, які шукаю; здаралася, што мяне маглі завабіць адно бровы, і я больш нічога не бачыў, альбо высокі рост, і я ўжо рыхтаваў прылады, каб караскацца да сваёй перамогі. Былі выпадкі, калі я месяцамі мусіў дабівацца жанчыны, і, як толькі яе атрымлівалася пацалаваць і ўзяць за руку, я страчваў да яе цікавасць, або наадварот, мяне магла трымаць доўгі час жанчына на кароткім ланцугу толькі праз тое, што сама ўзяла ініцыятыву ў свае рукі.
усё залежыць ад настрою: часам я жадаю быць заваёўнікам, часам, наадварот, аддацца і ўсё. і ніколі не верце, што мужчыны гэта толькі фізічная моц. мужчыны складаныя і капрызлівыя ў стасунках і каханні. здаралася, я мог нервавацца праз тое, што мая каханка сядзіць на лаўцы і хоча пасядзець далей, а мне нецікава, але ж для яе гэта важна, альбо я псіхаваў і потым псаваў увесь вечар, калі дзяўчына спазнялася на паўгадзінкі.
разумею, што я скроены не толькі з цягліц, у мяне тонкая ўнутраная канструкцыя, якая часта паводзіць сябе непрадказальна. вось і тое, што са мною адбылося ў дзевятнаццаць, я магу лічыць рамантыкаю і глупствам, але рэччу неабходнаю для таго, хто піша.
з ёй я пазнаёміўся каля чыгуначнага вакзала. я вучыўся на першым курсе, першы семестр, яна проста ішла кудысьці. я ніколі не знаёміўся на вуліцы, але тут мяне працяла па ўсім целе моцным разрадам і літаральна штурхнула да яе.
праз хвілін так дваццаць угавораў яна дазволіла правесці сябе дадому я ішоў шчаслівы, цягнуў вялізны заплечнік з кнігамі і
раздрукоўкамі па тэорыі рэлігіі, верз ёй розную бязглуздзіцу, спрабаваў жартаваць, яна ўсміхалася і зачароўвала мяне сваёй мяккай хадой і ямачкамі на шчочках, я квітнеў і рассыпаўся ў кампліментах ды распавядаў неверагодныя гісторыі.