З Юляй сустрэліся на цэнтральнай плошчы, ля помніка. Дзяўчына прыйшла крыху пазней, ён ужо хацеў тэлефанаваць ёй на мабільнік. Раптам, як ужо не аднойчы было ў апошні час, заўважыў, што яна амаль зусім дарослая: раздаліся па-жаночаму клубы, аформіліся грудзі. Толькі з твару была падлетак, і ад таго яшчэ больш мілавідная і пекная.
Бралася ўжо на вечар. Сонца на даляглядзе занырнула ў хмары, частка з тых хмар апынулася проста над галавой. Пырснула дробным летнім дажджом.
Пайшлі ў кафэшку, пасядзім, пагаворым, прапанавала дзяўчына.
Згода, падтрымаў яе Максім і абмацаў у кішэні праверыў, ці захапіў з сабой грошы. Цётчыны грошы былі пры ім: усё, што засталося ад бацькоўскага наведвання.
У кавярні селі за свабодны столік. Дзяўчына замовіла каву і марозіва. Максім ад марозіва адмовіўся, сказаў, што толькі паеў дома. У цеснаватым памяшканні было няшмат наведвальнікаў, хіба што за здвоеным сталом у куце ўладкавалася шумная кампанія моладзі. Былі сярод іх і дзяўчаты. З музычнага аўтамата звыкла гучала расійская папса, якая даўно набіла аскоміну.
У мяне навіна, адразу пачаў Максім. Ён вырашыў не адкладваць размову на потым. Палавіна яе добрая, другая дрэнная. З якой пачынаць?
А ты яе раздзялі на дзве часткі. Дрэнную выкінь.
Не выпадае. Карацей кажучы, я буду залічаны ў інтэрнат спартыўнага профілю. На поўнае забеспячэнне. Жыць буду ў абласным цэнтры, трэніроўкі амаль штодня. Там і школу давядзецца заканчваць. Гэта першая палавіна.
А дрэнная?
Тое, што будзем рэдка бачыцца.
А я адразу і не падумала, крыху памаўчаўшы сказала дзяўчына. Дык не ўвесь час ты будзеш у свой футбол ганяць. А то тут на мяне ўжо, як кажуць, запалі.
Гэта хто яшчэ? насцярожана спытаў Максім.
Ды так. Да Кірыла заходзіць той-сёй.
Спадзяюся ты мяне ў архіў не здасі?
Не здам, Максімка. Супакойся.
Яны доўга гаманілі ні пра што перайшлі на іншыя тэмы, гаварылі пра настаўнікаў, дырэктара школы па мянушцы Цыркуль, пра тое, як паедуць на выхадныя на возера, але ў душы хлопца ўжо засяліўся цьмяны неспакой, і зноў на нейкія імгненні ён адчуў сябе самотным.
Хіба я падобны на аўтыста? спытаў раптам ён у дзяўчыны.
Што так?
Нешта не зусім мне файна бывае часам сярод людзей. Калі іх зашмат. Калі шуму многа.
І бацькоў сваіх я не паважаю. Навошта жывуць?
Ні сэнсу, ні мэты.
І ў мяне дома не ўсё гладка. Кірыл арганізаваў па-за школай рок-гурт. Прыходзіў у хату пад кайфам. Сябры ў яго такія: на шмаль ці на калёсы могуць падсадзіць.
Танэлі ў вушы ці ў губы яшчэ не паўстаўлялі? нядобра зяхіднічаў Максім. Дрэды не заплялі?
Ну, такіх прыдуркаў я побач не пацярплю, ты ж мяне ведаеш.
Між тым, за кутным сталом рабілася ўсё больш неспакойна. Афіцыянтка аднесла пустыя бутэлькі з-пад віна, прынесла новыя. Адтуль збегалі ўжо да музычнага аўтамата, зрабілі музыку грамчэй.
Пачалі танчыць, але не сурёзна, а з прыхаваным сцёбам, па-дурному крыўляючыся і перацвельваючы адзін другога.
Адзін з іх скуласты, чарнявы, доўгавалосы, з дэгенератыўнымі рысамі твару падышоў да іх століка.
Не супраць, калі я запрашу вас на танец? хіснуўшыся, спытаў у Юлі, знарок не зважаючы на Максіма.
Супраць. Вы пяныя.
Ты б спачатку патлы свае падстрыг ды пазногці пачысціў, прапанаваў Максім.
Усталявалася нядобрая паўза.
Доўгавалосы нейкі час абдумваў.
Што, не даганяеш?
Ды ты чё, апух внатуры? нібы схамянуўся і зароў доўгавалосы. Праблему хочаш? Будзе зараз табе праблема. І ўжо зрываючыся на істэрыку, закрычаў: Пацаны! Мяне гэтыя смаркачы пакрыўдзілі!
Да іх століка заспяшаліся яшчэ двое. Максім ужо і так зразумеў, што бойкі не пазбегнуць.
«Тупалобцы, мільганула ў галаве, нідзе ад іх няма спакою. Каб толькі гэты воласагалоў не зачапіў Юлю».
Але доўгавалосы пасунуўся ўсутыч да яго і памкнуўся ўхапіць за каўнер кашулі. Максім ухіліўся, адкінуў нагой крэсла, аказаўся на галаву вышэй і ўляпіў таму ў твар кулаком. Падбеглі двое, бязладна замахалі рукамі, адпіхнулі дзяўчыну ўбок. Юля крыкнула нешта, кінулася на дапамогу. Столік абрынуўся долу, разбіўся посуд. Адразу выбегла афіцыянтка, выхапіла мабільнік, каб выклікаць міліцыю.
Максім круціўся вужом, адбіваючыся ад звярэючых з кожнай хвілінай нападнікаў. У пэўнай ступені яго ратавала тое, што яны былі ўжо на добрым падпітку і таму перашкаджалі адзін аднаму.