Паказальна, што за часы ваеннага ліхалецця сярэдзіны XVII ст. феніксы, незадзейнічаныя ў дзяржаўнай службе, упорыста спрабавалі трымацца нейтралітэту. Здаралася так, што птушкі рабіліся ахвярамі ўсіх бакоў тагачаснага канфлікту. У жніўні 1654 г. пад Шкловам дзесяць маскавітаў пулялі ў фенікса з ручніцаў, прымаўляючы: «На кой ляд ты здеся кружишь? Коль не имаеш второй головы, то мы тебе сим часом первую твою открутим».[18] Троху раней, улетку 1649 г., нехта Рафал Крок загадаў служкам, каб злоўленаму ў сіло бацяну «сто пятдясят прутов прописали, поелику сей мужикам на украйну до Хмеля летати помогал».[19] Дзеля справядлівасці трэба адцеміць, што потым сам распараджальнік быў за сваё самаўпраўства пакараны высокім спагнаннем у «восемсот грошей пенезных» (амаль кілаграм срэбра), бо «фалчеваных светок для избиенья ботяна притягнул и злым обычаем безвинну птаху звиноватил а на здирство з наругой спустил».[20] Між тым самі «мужыкі», напрыклад, ліпеньскім дзяньком 1654 г. у Быхаўскім павеце, «яко мальцы сопливые у батяна из рагулек стрыляли».[21]
Нейкі Іёна Трывольскі з гэтай нагоды адзначаў: «Деялося тое не для злоиманья албо улегцыменья онай птицы, а так для утехи своволной. Бачно, же злыя часы для матки всих Речы Посполитой нашой настали, бо всяко в тым мальцовским обычаи а способе мыслиться и чыниться: мужыки не знають панов и кроля ягомости, а паны и кроль ягомость не знають мужиков. Мало хто стоить на клопоте а рупности для панства целаго. Вси прагнуть валки и загубленья ближняго свойго. Леч я, як той ботян, не хочю ани валченья, ани побиванья кого люб чого-колвек. Еднако ж не хочю я теж, як и птах той, жебы мене злым обычаем зачепляли».[22]
Пра цікавы момант дазнаемся з сатырычнага твору другой паловы XVII ст. «Казанье поляшуцке схызматычне». Ананімны аўтар, прамаўляючы ад імя праваслаўнага, верагодна, насамрэч не быў ані праваслаўным, ані каталіком, бо ў творы жорстка высмейваюцца абедзве канфесіі. Як што ў сатырычную аблямоўку патрапілі вылучна рэальныя падзеі і асобы, то нельга сумнявацца, што і згадка пра бацяна-фенікса не размінаецца з рэчаіснасцю: «Та ж вы нам мерзености робыты горазды. Тильки мы помыслылы, абыхом ку вере наськой истинной ботяна повернуты, яко обачылы в сьроде обитанья оных птыц вас попов папэжских. И що ж тэпэр маемо? Горэ, бида, огорченье! Ибо крычаты сталы тыя птыцы святодавныя: «Аллах акбар!», од вас одступовавшы. Що вы там робылы?».[23]
З азначанага часу фіксуецца сугучча (для некаторых вушэй) клёкату феніксаў з пачаткам мусульманскіх модлаў. Зусім нядзіўна, што ў 1683 г., на аснове адмыслова заключанага «ряда» (адмысловай дамовы), колькі феніксаў разам з войскамі Рэчы Паспалітай на чале з Янам Сабескім адправіліся да аўстрыйскай Вены, якая цярпела ад асманскае пагрозы. Параза турэцкіх войскаў на чале з Кара Мустафой была прадвызначаная: налёт трох феніксаў, якія нікога не чапалі, а толькі на ўсю моц дралі горла, прывяла туркаў у святарнае трымценне, паніку, з якой і скарысталі нашы войскі. З кім каралеўскія ўлады заключылі «ряд», з рэшты дакумента зразумець цяжка. Але факт вымушанасці польскамоўнае вярхушкі Рэчы Паспалітае ствараць па-беларуску афіцыйны дакумент той парою, калі палітычныя эліты амаль цалкам з беларушчынай разбраталіся, вельмі важны. За феніксамі стаяла нейкая таямнічая палітычная (?) сіла. Што за яна? На жаль, у паперы, папсаванай мышамі і стрыжамі, дзірка між літарамі «к» ды «ы».[24] Купцы? Курвы? Крэвы? Пытанне застаецца адкрытым.
Феніксы не сталіся зявішчам штодзённым. Іх вобраз захоўваў арэол загадкавасці і казачнасці, як для многіх абываталяў ВКЛ, так пагатоў для жыхароў суседняй Масковіі. Дзіва-птахам уражвалі сваіх сяброў і расчульвалі сэрцы каханых жанчын. Запісы 1695 г. гавораць, што нейкі «пан Михал Богадановский оповедал и до актовых книг головных трибунальских справ вечистых уписати дал светченье, же пан Францишек на Ополю Копаць каштелянич брестянский през ботяна-фенекса панов Миколя Кгедройтя, Криштофа Малхеровича а Бальцера Кукшу злякал до хоробливости вомитной. А имали пред тым банкет, игде тылко водку злую за колнер проливали. А Копаць оный пил мизерне, бо юж a priori постанову собе учынил: фортель який-колвек пред другове свои выкинути. Гды тыя три паны добре пьяныя уробилися а хотели кони седлати и ехати до шуканья пригод на подспинье свое, пан Копаць мовил хитре: «Рыцареве, паны-братья мои, ходемте валей цмока звальчим». Панове смехом ся пробрали, але рушили веспол в показуемое Копцем мейсце».[25] Захмялелая брація сцяміла, хто сядзіць на ўзгорку, і стала «похвалки чынити», цвелячы фенікса выклікамі на бой: «Пане цмоче, растули очи. Имаем мечы готовы ку сечы». Птах тым часам драмаў і «в ленитве своей велькой» пракрумкаў: «А лоха в дар?» Гэтае пытанне з «цмачынае» зяпы зрынула шляхцюкоў да ўцёкаў. І беглі яны так хутка, што апынуліся неўзабаве ў страшэнным для здароўя стане, калі «похмелье еще не зачалося, а глова юж болестна ест». Як вынікае, праўдзівы сэнс бацяновай фразы быў інакшым, чым многім здавалася. Птах цікавіўся, ці атрымае ён у дарунак за сваю працу цмокаімітатарам лоха. Лохамі ў тыя і крыху пазнейшыя часы называлі конскіх самцоў (прыраўн. суч. дыял.: «лошадзь», «лашак», «лашонак»).