Сяргей Балахонаў - Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) стр 13.

Шрифт
Фон

Лішне казаць, што часцей бравым крыжацкім ваякам даводзілася, шылам патакі хапіўшы, вяртацца ў свае калоніі. «Лето 1290 з благославенства божъего немцам в каршель натолкали, дабы не покушалися гнезды ботяновы росскидать, ища потравы утробам своим ненасытным»,  паведамляе прыпіска да «Наваградскага евангелля».[11] Тагачасныя кніжнікі цудоўна разумелі, што знікненне фенікса-бацяна можа спрычыніцца да крызісу экалагічнай сістэмы. У пасланнях Гедыміна ёсць добрае таму пацвярджэнне: «Жывёлу і птушку біем памяркоўна, каб і прырода да нас талеранцыю мела. Вот, скажам, бацян, або фенікс (batsian sive phaenix), птушка бязладная быццам, але мусім дбаць, каб жыла і яна, бо бязладдзе ейнае ёсць часткай суладдзя агульнага».[12]

Бязладнасць феніксаў прыгадваюць і іншыя дакументы. Вышэй паменаваны Рыгор Цамблак называў нашых бацяноў-феніксаў не інакш як «блазны летащи».[13] Што тут за прычына? У зборніку павучальных карацелек Івана Касабокага «Літуанскі дзесяцідзён» (канец XIV пачатак XV ст.) занатавана гісторыя пра фенікса, які спыніў бой паміж літвінамі і крыжакамі: «В низине под горой да под дубом разложистым сойтися хотели наши литвины руськия з немчины рымськия в бою крывавом, в сечи бесщадной. Брали уже силы и отвагу ку початку сей марсовой деи. Але, оком мигнув, огледили фюнкиста-птицу в небеси, которая в полети оморочны крунгели вписовала и даже в древо тое вечистое ся стукнула звучне. По сем добре ся з дуба ляснула, на земли посела и якбы з подивленьем голову вбок свернула и смешно барзо «о-оу!» молвила. З того ооуканья воины обопольно животы со смеху надрывати стали, и смех трвал годину целую, по сей нихто уже не рачил брань усчинати, поехав восвояси улыбчиво».[14]

У т. зв. «Дзённіку караімаў» XVXVI стст. (шматтамовыя рукапісныя мемуары вялікакняжацкіх целаахоўнікаў ды іх інструктараў) апісваецца сцэна з гаспадарскага палявання ў Белавежскай пушчы. Вялікі князь Вітаўт, упаляваўшы за дзень пяцёх зуброў, ладзіў на вялізнай лясной паляне імправізаваны банкет для ўсяе прысутнае браціі. У ёмістых чопах гатаваўся слаўны крупнік гарачы хмельны напой на мёдзе і духмяных травах. Почат (то бок світа) усяляк пацяшаўся ў скоках і песнях. У гэты момант і прыляцеў бацян-фенікс. Дамо слова сведку: «Мы караимы спратов не поискивали, бо ж долг пред князьством великим литовским имали господаря славного от всякой холеры ослонити. То и обуступавали восемью Витовта, а еще пятех на плечи тых восьми постали. И было то, яко намет, мечами навонки ощепереный. Бухтян же не глянул ани до почату, ани до мяса жубрынаго, а як поземлился, ик крупнику пошибовал неуклюдне и, од смаги своей дикий, чан з гестым трункем до дна спорожнил, дуду у дудоря отнял, играти пробуючы, но од хмельной той утехи ся пал невомнози долу и тризнил през сон, песни вояцкие литовския ненадобне кривляючы».[15]

Птушку на просьбу Вітаўта так і пакінулі на паляне, а самі перабраліся на іншае месца. Караімы змаўчалі, але акурат з тых часоў колькі феніксаў прыручылі для дзяржаўных патрэбаў. Недалёка ад Вільні быў зладжаны адмысловы гадавальнік. Чарада феніксаў у небе над сталіцай Вялікага Княства адлюстравана на гравюры ва «Універсальнай хроніцы» Себастыяна Мюнстэра (Базэль,1545). У 1579 г., калі войскі Рэчы Паспалітай пад загадам Сцяпана Батуры вызвалялі ад маскоўскага непрыяцеля Полацак, «дождж і непагода ўвесь час дапамагалі асаджаным так, што просты жаўнер прыпісваў гэта якім-небудзь чарам». Таму пастанавілі выкарыстаць феніксаў для разгону хмараў. «Кароль загадаў, каб баявыя птахі ляцелі да полацкіх сцен і не адляталі да тых часоў, пакуль апошняя хмурынка не растане ў нябёсах»,  паведамляе каралёў сакратар Райнгольд Гайдэнштайн.[16] У гаспадарыча Ўладзіслава Вазы быў свой персанальны фенікс (personal phaenix). Ён узяў яго з сабою ў 1610 г. на сакрэтную экскурсію да Масквы, калі сам у выніку геапалітычнага поспеху атачэння свайго бацькі быў пасаджаны на тамтэйшы вялікакняскі сталец. Пражыла птушка менш, чым Уладзіславу давялося ўладарыць Маскоўшчынай, бо баяры спаілі яе гарэлкай. «Слабовата есть королевская птица, коль нас перепити не в силах»,  цынічна заяўляў адзін з вінаватых у тым злачынстве Фядотка Марозаў.[17]

Паказальна, што за часы ваеннага ліхалецця сярэдзіны XVII ст. феніксы, незадзейнічаныя ў дзяржаўнай службе, упорыста спрабавалі трымацца нейтралітэту. Здаралася так, што птушкі рабіліся ахвярамі ўсіх бакоў тагачаснага канфлікту. У жніўні 1654 г. пад Шкловам дзесяць маскавітаў пулялі ў фенікса з ручніцаў, прымаўляючы: «На кой ляд ты здеся кружишь? Коль не имаеш второй головы, то мы тебе сим часом первую твою открутим».[18] Троху раней, улетку 1649 г., нехта Рафал Крок загадаў служкам, каб злоўленаму ў сіло бацяну «сто пятдясят прутов прописали, поелику сей мужикам на украйну до Хмеля летати помогал».[19] Дзеля справядлівасці трэба адцеміць, што потым сам распараджальнік быў за сваё самаўпраўства пакараны высокім спагнаннем у «восемсот грошей пенезных» (амаль кілаграм срэбра), бо «фалчеваных светок для избиенья ботяна притягнул и злым обычаем безвинну птаху звиноватил а на здирство з наругой спустил».[20] Між тым самі «мужыкі», напрыклад, ліпеньскім дзяньком 1654 г. у Быхаўскім павеце, «яко мальцы сопливые у батяна из рагулек стрыляли».[21]

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3