Сяргей Балахонаў - Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) стр 15.

Шрифт
Фон

У верасні 1715 г. шляхціц з Ашмяншчыны Ян Ранок, кінуўшы жонку і дачку-падлетка, адправіўся ў вёску Сухадолы сватацца да маладзенькай Талімэны Андрыеўскай. Бацька ейны супраць не быў, мыслячы, што «стары конь маладое баразны не сапсуе, а фанабэрыю бабскую, якая з дачкі без ладу прэ, утаймуе». Фанабэрыя, паводле сведчання т. зв. «Леапардавага раптуляра» Ранка (17141718), сапраўды з Талімэны фантанавала. Што ў бацьку, што ў бок ягоных пахолкаў, што ў неспадзяванага жаніха ляцелі не толькі кепікі ды кпіны, але і глякі ды збаны. «Я чакаю князя»,  цвердзіла ўпартая паненка. Вырашыўшы даць Яну гарбуза, яна шмыгнула са сваіх пакояў да гародчыка. Талімэна меркавала неўпрыкмет для ўсіх падрыхтаваць ганебны падарунак. У блізкіх ліпах ганарліўка ўчула дзіўнаваты шолах, азірнулася на гук і аж знерухомела: велізманыя вочышчы плюскалі ў цемры. «Ну шо, красуня? Паляцелі?» так запыталася няведамае ёй страшыдла. Паненка колькі часу стаяла з разяўленым ротам, урэшце разгледзеўшы «дзюбу, скрыдлы і крывыя капцюры» фенікса. «Чаго я з табой палячу?  азвалася-ткі яна.  Я ўжо вялікая дзяўчына, каб лётаць. Дый не ведаю я цябе, дзядзьку. А во зараз мой жаніх прыйдзе, ён табе хваста накруціць-надзярэ». Нібыта выпадкова побач апынуўся пан Ранок і як мага больш сурёзна спытаўся:

 Хіба князь да пані прыехаў?

Тая толькі кіўнула ў бок ліпаў. Ян з барочнай велягурыстасцю ўзяўся крычаць да фенікса:

 Ах ты, злосны, паскудны, брыдкі, нехарошы дракон! Гэта мая нявеста, я абараняцьму яе, хоць бы месяц і зоры абваліліся на галовы збройных чужаземнікаў, нячэсных прыяцеляў нашага гаспадарства!

 А лоха ў дар?  прагучаў прадказальны, але незапланаваны для гэнага спектакля запыт.

 А ў вока даць?  перапытаў кемлівы шляхцюк і кінуўся на фальшывую бітву. Разам з бацяном яны схаваліся за дрэвамі ды сталі «водку жаландковую бахусаваці», а каб Талімэна думала, што «валка цягнецца», ушчалі «па дзераве, каменні і зялезе грымеці». Па ўсім паненка выйшла замуж за «пераможцу фенікса», але так і не змагла даўмецца, чаму пасля бязлітаснага бою ад рыцара ейнага сэрца патыхала гарэлкай.[26]

Той парой, калі Ян Ранок фальшывымі баямі вырашаў свае любосныя праблемы, па Беларусі грымелі рэальныя баі яе нячэсных прыяцеляў і чэсных непрыяцеляў. Ішла т. зв. Паўночная вайна паміж Расеяй і Швецыяй. Калі беларускім аднарогам удавалася часцяком караць чужымнікаў за здзекі, дык феніксы, трымаючыся сваёй даўняй мірнай традыцыі, больш самі цярпелі ад ворагаў. Нельга, аднак, сказаць, што дзівотныя птахі зусім ухіліліся ад супраціву. Іх супраціў меў выразна негвалтоўны характар, у чым яны значна апярэдзілі і Махатму Гандзі, і нават Джына Шарпа з яго 198 метадамі негвалтоўнага супраціву.

«Сраженье у Головчина обещало зело претруднейшим быти. Его императорское величество Петр Алексеич бдели деннонощно целую седмицу, радея об одержании виктории над супостатами шветскими,  згадвае невядомы расійскі мемуарыст пра падзеі 1708 г.  И всей времянный промежуток претерпели Они неединожды сильно от летающего урода литовскаго. Сие уродище прилетало к шатрам царским и корчило рожи, коих описать здеся никак нельзя, дабы не оскорбляти паметь об императоре руссийском. Белоруссцы полоумно рекут оного летягу «бацяном» (сиречь отцем) всего птичства. Средь буйной шляхты литовской сей выблюдок крилатый называется фениксом. Бывают в людех умопомрачения!».[27]

А вось што прыгадваў пра падзеі сярэдзіны 1708 г. шведскі жаўнер Ёхан Свенсан: «Сутоннела ў ваколіцах Магілёва (Mohuljew), i ў гэтую брыдкую шарую гадзіну, калі нам не дазвалялі запальваць агнёў, у небе зявіліся велізманыя птушкі. Яны ціха ляцелі над намі і мелі ў сабе (у каго пазычыць глуздоў, каб зразумець, як гэта выйшла!) агні, што стваралі сабою асобныя літары і іх спалучэнні. Сэрца паўспаўнялася трывогай, шлунне пераварочвалася ад вусцішы. «Фіндос пад нос вам, шведы»,  разабралі нашы знаўцы тутэйшых моваў усю фразу, але перакласці яе ў шведскую цалкам так і не змаглі. Гэта кепскі знак».[28]

У 1768 г., калі ў ваколіцах Рагачова ішлі ўпорыстыя баі паміж расійцамі і партызанамі барскай канфедэрацыі, фенікс засведчыў сябе іначай. Расейцы ўлетку таго году напалі на след атрада нейкага Іванькі Балахона. Аддзел быў тым болей для іх ненавідным, бо складаўся не са шляхты, а з мяшчан і сялян. Пасля кароткага, але дужа зацятага бою партызаны былі разбітыя і ўзятыя ў палон. Расійскае камандаванне лічыла супраціўленцаў «мятежниками» і рыхтавала жорсткае пакаранне. Пяць дзясяткаў паланёных па чарзе былі прывязаныя да гарматаў і расстраляныя ў спіну (праз якія 90 гадоў гэтакі спосаб пакарання пазычаць ангельцы для расправы над індыйскімі паўстанцамі-сіпаямі). Сведкам гвалту стаўся фенікс. Але ратаваць беларусінаў было запозна на вачах птаха апошнім гарматным стрэлам быў разарваны Іванька Балахон.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3