Неўрыдай старажытныя грэкі называлі паўночна-ўсходнюю, усходнюю і паўднёвую Беларусь. Згаданыя рэкі Барысфен і Нірэя старагрэцкія назвы Дняпра і Сажа. «Бацяном» у паўднёвых і цэнтральных беларускіх гаворках аж да сёння называюць бусла. У гэтым канкрэтным выпадку, найбольш верагодна, гаворка вядзецца не пра звычайнага бусла, а пра нейкі пераходны разнавід ад крылатай рэптыліі да птушкі. Тое, што наш край быў радзімаю фенікса, ускосна пацвярджае, напрыклад, чарнігаўскі спіс XI ст. ператлумачэння грэцкага «Фізіёлага»: «Так преречено бысть Фисилохом, нам жь видно естьство финиксов, егда летають над сивер и радимичська земли, изроня иноды на головы неблюдников яицы своя желязны».[2]
Цікава, што пра гэтую ж акалічнасць праз два стагоддзі ўспамінаў і царкоўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага Рыгор Цамблак: «Финиксам час яйце метати, людем веремя гузы собирати».[3] Як вынікае з т. зв. «Ятвяжскіх пергамінаў» (захавалася выданне ў перакладзе на польскую мову Аляксандра Рыпінскага пад агульнай рэдакцыяй Адама Клакоцкага), у ХХІ стст. феніксы сапраўды вяліся на Палессі і шанаваліся, прынамсі, ятвягамі як святарныя стварэнні: «Для гадавання чуласці да нашай звабнай Ятвезі вельмі добра пілігрыміку ў далёкія куткі свету чыніць. Адно тады дойдзеш да цяму, чаго ж з-за цёплых мораў бацяны, знаныя там феніксамі, спяшаюцца вярнуцца на Прыпяць».[4]
З пратографу «Аповесці мінулых гадоў» даведваемся, што ключ феніксаў, які ўвесну 945 г. ляцеў да родных берагоў, выратаваў драўлянскую сталіцу, горад Іскарасцень, ад першае спробы кіеўскае княгіні Вольгі вынішчыць яго: «Голуби же и врабьеве полетеша до гнезда своя: голуби до голубники, врабьеве под стрехи, абыхом тамо взгарахуться. Но летеша обок финиски и согнаше птичство мало в болото дико».[5] Праўда, драўляне не скарысталі з гэтай дапамогі і праз пэўны час ізноў паддаліся кіеўскай правакацыі. Мабыць, за падобныя ўчынкі тагачасныя падпальнікі войнаў ды іхныя прыдворныя ідэолагі не паважалі бацяноў-феніксаў.
Нехта Лука Бяссонны ў лісце да Аўрама Смаленскага (1199 г.) дазволіў сабе наступнае: «Вы там всегды сплошь бледьню деяете, и фюниксы черны, аки смоль в сей бледьне вам напервые пособници».[6] Аднак не ўсе трымаліся гэткіх поглядаў. Кіеўскі мітрапаліт Іларыён (XI ст.) у першым варыянце знакамітага «Слова о законе и благодати», непрыязна азываючыся аб беларускіх землях, пра фенікса разважаў у станоўчым ракурсе: «Тако имам, иже благостны птици фенексы обитаху в местех, где не чтяху обло законы божи, места си всяк весть дебри и блаты, ис каких Припеть проистекше».[7]
Многія жыхары Беларусі XIII ст. сімпатызавалі феніксам. Рэч у тым, што акурат гэтыя крылатыя стварэнні адбаранілі практычна ўсе абшары нашае краіны ад мангола-татарскага нашэсця. Блізу 1239 г. пад татарскім націскам паў Гомій (Гомель), але вырушыць на поўнач нязваныя госці не наважыліся. Італьянскі пілігрым Алінард Гротафэрацкі, што цудам ацалеў ад гомельскага пажару, хаваючыся ў прысожскіх зямлянках, згадваў пазней пра тыя падзеі: «Кароль тартарскі прыслаў на Гомель паглумленне дождж стрэлаў гострых і мора страшнае агню. Ваяводы мангольскія зазбіраліся былі і далей з паўночным ветрам пайсці, і пэўна зрабілі б тое, калі б феніксы птушкі чорныя іскраю вачэй сваіх не паказілі іхныя замеры».[8]
Дзіўная прыгадка пра «іскру вачэй» троху разясняецца іншай гістарычнай крыніцай. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх», апавядаючы пра паход галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў у 1253 г. на ятвягаў, удакладніў прычыны наяўнасці ў ваяроў спецыфічнага рыштунку: «Мняше на ятвингов рушити, имали надобу одевати хытрость резинову на себе, и кони такожде опрятнули. А то не ради похвалки якой, но здравия власного для, ыбо знавали уже в тых краех поражки, которы финисты своими бодцами рыхло чинили през силу их ентарну, она же в еллинах електрикой ся прозываеть».[9] Адсюль вынікае, што феніксы-бацяны мелі здольнасць выпраменьваць электрычныя разрады. Але як што згадкі пра гэтую свомасць нерэгулярныя, можна памеркаваць, што біць токам умелі толькі вельмі старыя птахі, якія ўсё жыццё назапашвалі прыродную электрычнасць. Кагадзе памянёныя «яйцы желязны», імаверна, патрабавалі электра-магнітнага імпульсу, каб з іх маглі вылупіцца птушаняты. Што праўда, феніксы былі бацькамі нядбалымі, бо многія яйкі так і прападалі. Недасведчанае паспольства, «ничтоже сумяшеся», уважала іх іншым разам за тэстыкулы старажытных волатаў. Рыжскія біскупы, аднак, нярэдка выпраўлялі ў заходнюю Беларусь адмысловыя гастранамічныя рэйды. Прыпамінак пра тое знаходзім у «Другой інфляндскай рыфмаванай хроніцы» Дытлеба фон Альпэнштока (XIII ст.):