Сяргей Балахонаў - Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) стр 11.

Шрифт
Фон

Але не царква і яе паасобныя дзеячы прычыніліся да поўнага занядбання ў нас ківіводства. Так ужо сталася ў гісторыі беларускай, што многае добрае і пазітыўнае скончылася пры канцы ХVІІІ ст. пасля воссоединения з Расіяй. Падобна адбылося і з ківі. Яшчэ за доўга да падзелаў Рэчы Паспалітай лёс ківі быў вырашаны ў Полацку. Ліпеньскім вечарам 1705 г. пасля вядомага інцыдэнту ў Сафійскім Саборы расійскі манарх Пётр І ласаваўся тутэйшымі прысмакамі. Зеў і пару бутэрбродаў з ківі, а маленькае зернейка ад ягады прыліпла дзесьці ў царскім горле. Зачали его императорское величество кашлять зело,  распавядае ў сваім дзённіку адзін з тагачасных целаахоўнікаў цара Мікіта Павелін,  вплоть до того страшен был кашель оный, иже пришлося Петра Алексеича скамеечкой дубовой по спине звездошити. Угневаны імператар зараз жа загадаў зніштажаць, дзе патрапяцца, агародчыкі ківі. А потым наагул запавеціў рабіць гэта ж і сваім наступнікам.

Пераемнікі Пятра старанна выконвалі ягоны наказ, змагаючыся з чертовой ягодой подземной, коя из литвина богатыря лихого творит. Таму пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на беларускіх абшарах разам з руйнаваннем замкаў ды земляных умацаванняў адбывалася разбурэнне ўсяго, што толькі магло нагадаць расійцам пра тую ягаду. Калі за часы Аляксандра І апамяталіся, захацеўшы частавацца таннымі беларускімі пладамі ківі, было ўжо надта позна ратаваць справу. Даўняя галіна беларускае гаспадаркі спыніла сваё існаванне. І толькі спарадычна народная памяць давала знаць пра ківі. У адным са спісаў Энеіды навыварат упамінаюцца мязгі і ківі рашаты. У 1857 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у лісце да Ўладзіслава Сыракомлі хваліўся, што сканчае новую вершаваную аповесць Век з ківі векаваць. Лёс гэтага твора невядомы. Пэўную інфармацыю ўжо за савецкім часам меў Вацлаў Ластоўскі. У 1927 г. ён прапанаваў увесці ў кампазіцыю новага герба БССР заміж канюшыны ягады ківі. Але нават такая памяркоўная прапанова, бо рэальна Ластоўскі хацеў бачыць гербам Беларусі Пагоню, была адхілена як контррэвалюцыйная і нацыяналістычная.

Гісторыя з ківі на Беларусі і сёння замоўчваецца. Толькі гурт N.R.M у 1996 г. голасам Лявона Вольскага з горыччу адцеміў: У нашай краіне няма бананаў і ківі (слухай Песню падземных жыхароў). Дык давайце ж, спажываючы ківі, штораз нагадваць сабе і сваім субяседнікам пра беларускую традыцыю гэтай прыўкраснай ягадкі!

2003 г.

Зямля пад крыламі Фенікса

У самы чад кіравання ў Грэцыі рэжыму «чорных палкоўнікаў» (1970 г.) археолаг Мікас Тэлемакас у часе раскопак пад г. Касторыя выявіў фрагменты рукапісу II ст. да н. э. Пры бліжэйшым азнаямленні высветлілася, што гэта ўрыўкі няведамай паэмы, якая паслужыла ўзорам для рымскага паэта Авідыя ў яго «Метамарфозах». Першаўзор у пэўных момантах размінаўся з класічным тэкстам. Спаміж гэткіх розмінаў было і ўдакладненне легенды пра птушку фенікс. Калі ў Авідыя рабілася адно цьмяная намінка на асірыйскі радавод гэтай птушкі, то ў грэцкім тэксце радзіма феніксаў лакалізуецца зусім у іншых мясцінах:

«Фенікс» яго асірыйцы завуць, а ў Неўрыдзе ваўчынай,
Дзе Барысфен і Нірэя плывуць, называюць «бацянам» (βατςαυ).
Любіць не хлеб ці траву фіміям ды бярозавік трушчыць,
Дык жа паўтысячы год пражыве й не самлее. Прад сконам
Віць пачынае гняздо, напаўняючы нардам і мёдам,
Каб загарэцца пасля ў дабрапахах, паслей жа зняцейку
З попелу ўзняцца, паўстаць Ані лыс!  і зляцець на радзіму.[1]

(пераклад Алесі Гарматовіч)

Арыгінал, так і не ўведзены ў шырокі навуковы ўжытак, згарэў у машыне разам з Мікасам Тэлемакасам, якога за апазіцыйныя погляды прыбралі спецслужбы грэцкіх фашыстаў. Фотакопіі ж знойдзеных ім фрагментаў былі абвешчаныя камуністычнаю фальшыўкай. Між тым іншыя гістарычныя росшукі сведчаць, што археолаг дакапаўся да праўды.

Неўрыдай старажытныя грэкі называлі паўночна-ўсходнюю, усходнюю і паўднёвую Беларусь. Згаданыя рэкі Барысфен і Нірэя старагрэцкія назвы Дняпра і Сажа. «Бацяном» у паўднёвых і цэнтральных беларускіх гаворках аж да сёння называюць бусла. У гэтым канкрэтным выпадку, найбольш верагодна, гаворка вядзецца не пра звычайнага бусла, а пра нейкі пераходны разнавід ад крылатай рэптыліі да птушкі. Тое, што наш край быў радзімаю фенікса, ускосна пацвярджае, напрыклад, чарнігаўскі спіс XI ст. ператлумачэння грэцкага «Фізіёлага»: «Так преречено бысть Фисилохом, нам жь видно естьство финиксов, егда летають над сивер и радимичська земли, изроня иноды на головы неблюдников яицы своя желязны».[2]

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3