Прыходзіў у замкавую вязніцу заручыцца за свайго падданага з маёнтка Новы Двор кашталян Пётр Монвід Дарагастайскі, бо затрымалі ягонага падданага на торгу добровольном подле крамов на Новым Рынку ў той самы дзень, калі ён прыехаў у Менск і яшчэ нават не паспеў агледзецца. А двое мяшчанаў прыцягнулі да вязніцы зляканага жыда Марка Перутовіча, які, ідучы на рынак, быў улапены, шарпаны на зелжывот стану жыдовского і ўрэшце абрабаваны. А ўсяго толькі нёс ён на рынак сваю роботу едвабную гузікі і пятліцы. Хіба ствараў каму непажаданую канкурэнцыю ці ашукаў кагосьці са сваіх ранейшых пакупнікоў? Але ж і птушка не любіць клеткі, а чалавек несвабоды. З турмы ўцякалі. Хто, пасаджаны в колоду, з калоды ўцёк, хто неяк хітрасцю фартельна, а часам, робячы падкопы, выкопанем.
Сюды, у Замак, прывозілі для агляду целы нябожчыкаў, прыводзілі параненых ахвяраў, каб сведчыць на ранах. Пра нябожчыка, якога прывезлі ў красавіку 1618 года, напэўна, казаў увесь Менск, бо тое быў вядомы ўсім суддзя земскі менскі Грыгорый Макаровіч, па-зладзейску забіты ў сваім маёнтку Хатаевічы. 1618 год быў наогул злым часом для мірнага насельніцтва. Нездарма ў пераліку бедаў, якія маглі напаткаць людзей у тыя часы, то бок, Божа уховай, огонь, поветрие моровое, голод, спустошене, ушкоджене нищене од жовнера згадвалася першым. Перамога войскаў каралевіча Уладыслава над Масквой, пераміре ды ягоны новы тытул мала змянілі тутэйшае жыццё. Бой, луп, грабеж цярпела насельніцтва ад жаўнераў, якія, паспытаўшы маскальской крыві, вярталіся з маскоўскіх межаў, не маючы на чом и о чом служить, бавячы час немалы ў Оршы без службы, ходзячы па лясах хто пешшу, хто на конях Менавіта такіх лясных людзей знайшоў непрыяцель суддзі для здяйснення забойства. Прыехаўшы за імі да Оршы з краю Менского, паабяцаўшы грошай і палову нарабаванай суддзёвай маёмасці, паехаў разам з імі назад у Литву, дзе і адбылося тыранское и неслыханое мордерство и забойство Казалі, што суддзя сам выйшаў да гвалтаўнікоў, трымаючы ў руках шкатулу з грашыма, облігамі на пазыкі, просячы аб міласэрнасці. На што яму адказалі: И шкатула твоя і скарб твой і ты сам в наших руках, маўляў, пішы хутчэй свой тэстамент, не ведаючы таго, што стары суддзя даўно ўжо паклапаціўся пра гэта, і тэстамент таксама ляжаў у шкатуле сярод грошай і каштоўных папераў. Апрануты быў суддзя ў свой апошні дзень у люндышовы капеняк, а на галаве была сабаліная шапка. Маёнтак Хатаевічы і ўдаву менскага суддзі злодзеі не пакідалі ў спакоі яшчэ доўгі час, пазбавіўшы здароўя і маёмасці. Пазней, на судовым працэсе з арганізатарамі злачынства братамі Душэўскімі інтарэсы ўдавы прадстаўлялі яе апекуны паны Пётра Стэцкі і Андрэй Бурба.
За падобнае злачынства, учыненае ў той самы год, але ў маёнтку Бахароўскі, калі слуга і падданы забілі ў гумне свайго пана Томаша Якімоўскага, суд жорстка пакараў мужобойцов, каб кров людская невинне пролитая о помсту до Бога не волала. Аднаго праз містра менскага на горло стятем, а другога пазбавілі жыцця чвартаваннем. Забойцаў менскага земскага суддзі таксама напаткала жахлівая расплата. Усе былі пакараныя горлом через окрутную смерть, взбитем на кол.
1618 год даўся ў знакі як насельніцтву вялікіх мест, так і малых паселішчаў. У сваім лісце брат менскага гараднічага Адама Валадковіча Яраш Валадковіч пісаў дзецям: иж я, в тых злых часех, видечы великое небеспеченство людского живота, же так винные, яко и невинные снат за грехи з допущеня Божего без росправы зходят з сего мизерного света.
Жыццё і праца гарадскіх ураднікаў, якія засядалі і разбіралі справы месцічаў, саджалі і вызвалялі з вязніцаў, аглядалі ахвяраў, было нялёгкае і напружанае. Бывала і так, што не дачакаўшыся якога пазыканта і прачакаўшы яго ў таварыстве з вознымі, сведкамі, умацаванымі ў канцылярыі ўвесь дзень, суддзя і пісар на чале са старостам, падняўшыся с места судового, по гадине нешпорной с замку проч одыходили. У горадзе было ўжо цёмна і ціха, калі праз замкавую браму, па мосце, міма млына цягнулася да сваіх дамоў працэсія судовых мужоў, асвятляючы сабе дарогу ці ліхтаром, ці лучынай. А можа быць, дарогу ім асвятлялі месяц з буйнымі зоркамі, бачнымі ў паўнюткай цемры ажно да самага краягляду.