Замак быў аточаны з усіх бакоў земляным валам і апаясаны ровам з вадой, і каб трапіць за яго сцены, трэба было прайсці замкавы мост і ўвайсці ў браму, дзе на варце мусіў знаходзіцца замковый стораж. Па гэтай дарозе з места Нового до Замку і наадварот, з Замку до места, пратупала безліч ног, сціраючы лапцямі, ботамі дый тревиками драўляны насціл Замкавай вуліцы. Пабываў тут у кастрычніку 1616 года і сын вядомага асветніка Васіля Цяпінскага Тобіяш, каб заключыць пагадненне і падпісаць ліст-угоду з зямяніным Юрыеям Драбышэўскім, якая тычылася ягонага сына, а значыць, унука Васіля Цяпінскага Яна. Колькі разоў сцены канцылярыі і вушы прысутных чулі словы прысягі, прамоўленыя перад судовым урадам рознымі асобамі: Я, Стефан Лойка, возны, прысегаю пану Богу всемогущому, в Тройцы единому. На чым, если справедливе присегаю, пане Боже мне помажы, а если несправедливе прысегаю, Боже мене забий.
Але дарэмна ўяўляць судовую святліцу месцам, дзе заўсёды панавалі закон і справядлівасць, бо жывыя людзі ўносілі свае папраўкі, згодна з уласнымі уяўленнямі пра сваё месца ў гэтым свеце. У самым пачатку лета 1600 года дзіўнае відовішча назіралі, пэўна, задраўшы галовы, наведвальнікі Нізкага рынка, бо па замкавым мосце стрымгалоў уцякалі з Замка лентвойт і ўсе бурмістры, райцы і лаўнікі, а па замкавых валах, од страху не потрафивши на мост, несліся менскія мяшчане Іван Чаргановіч і Багдан Філіповіч, абодва ў аксамітных капелюшах, а за імі з аголенымі мячамі беглі невядомыя.
Пагоня скончылася тым, што абодва ўцекачы далі нырца ў Свіслачв реку Свислоч поутекали и мало не потанули. Так завершылася спрэчка ў судовай ізбе пасля слов ущипливых і поличак паміж менскімі мяшчанамі і зямянамі Наваградскага павету падчас адбывання ў Менску чэрвеньскіх судовых рочак.
Бойка паміж скаржнікамі, якія імкнуліся трапіць у замкавую канцылярыю, каб знайсці справядлівасьць, магла распачацца яшчэ на подступах да Замка. Так і сталася паміж панамі Андрэем Стахоўскім і Самуэлем Есьманам, братамі галоўных удзельнікаў судовага працэсу Стэфана і Паўла. Спаткаўшыся выпадкова ля сцен царквы манастыра св. Пятра па дарозе з вуліцы Юреўскай да Замка, відаць, слова за слова, але счапіліся не на жарт, і да канцылярыі справа ў той дзень не дайшла, бо ў ход пайшлі, апроч словаў неучстивых, доброй славе доткливых, якімі шляхта лжила и лаяла адзін аднаго, шабля, абух ды чакан.
Аднаго разу ўчыніў буянства ў менскай канцылярыі нават сам земскі суддзя Пётр Зяновіч, калі сустрэў там сына свайго крыўдзіцеля Фёдара Ваўка Міхаіла.нет ведома для какое причины звазнившысе на его, словы неучтивыми лаял и сороматил як ему упадобало, а пасля паабяцаў помсціць і корбачом неўзабаве правучыць. Бывала і так, калі нязгодная з рашэннем суда шляхта, будучи гневом порушона, пачынала фукать и лаять і справа магла дайсці да палічак і нават да крыві.
Апроч судовых святліц ды ізбы была ў Замку яшчэ изба чорная, где вязни седять, а пры ёй сторажы, што вязни стерегуть. Усяго ў Менску прыгадваюцца тры вязніцы: у Замку, на Ратушы, у «Ду(ы)боўцы». У замкавай турме сядзелі людзі рознага стану свавольнікі, злодеи прыличные, крывапрысяжцы, фальшэры, мужазабойцы. Вязенне магло быць тяжкое и строгое, калі вязня садзілі ў калоду, вязалі ў пута ці закоўвалі ў ланцугі (одным ланцугом железным за шыю, а другим по середине), а магло быць і лягчэйшым. Тэрмін сядзення ад 6 тыдняў да паловы года. Прыгадваюцца везене земляное, у вежы на дне, у лехах вежы, а таксама менскі кат мистр тутошни, які вінаватых брал на муку і выконваў страту. Гэта маглі быць шыбеніца, чвертоване, стяте на горло, взбите накол, якімі каралі выключна за цяжкія забойствы па гарачых слядах. Але ж у вязніцу траплялі і выпадковыя асобы, у кожнай з якіх была свая невясёлая гісторыя
Гэтак давялося правесці ноч в окрутном везени жаніху Яну Лібаровічу, які заехаў у Менск па сваіх вясельных справах, каб набыць золота, сребра, шат, коберцев и инших потребов, і меў на гэта з сабою ажно 200 коп грошай. Відаць, вырашыў набываць упрыгожванні ды срэбны посуд у менскага залатара Івана [Амазікавіча] і спыніўся гасподаю ў ягоным доме на рынку. Стаміўшыся ад цяжару адказнасці і перадшлюбнай мітульгі, малады чалавек, заваліўшыся ў гасподу праве под час полудневы, а гадине двенадцатой і павесіўшы шаблю з пулгакам на сцяну, рухнуў на ложак. Але прачнуўся ўжо без грошай, без шапкі, без пояса з машною. Учыніўшы гвалт гаспадару, апынуўся ў замкавай вязніцы.