Вольга У. Бабкова - І цуды, і страхі (зборнік) стр 10.

Шрифт
Фон

На разбор судовай справы, якая паўставала паміж татарамі, возны браў з сабой сторону шляхту, паходжаннем менавіта з татараўпры которой справе на тот час маючы я, возный, стороною людей добрых шляхтичов двух в том князстве великом оселых, кн. Ахмета Шабановича, а другога также татарына кн. Куромшу Адамовича

Зразумела, што татары таксама рабіліся «героямі» розных здарэнняў, нароўні з іншымі месцічамі і прыбылымі сюды з іншых краёў. Так, менскія жыхары Ісуп Палелеевіч з сынам Раманам пакрыўдзілі не каго-небудзь, а саму бурмістравую з другой белой головой Настассяй Лахаўнай, калі тыя вярталіся до домов своих ад приятеля. Было яшчэ толькі за гадину перед вечером, і, напэўна, галава круцілася ад водару травеньскіх садоў, а сэрца было перапоўненае водгукамі сяброўскай размовы, калі знянацку з тылу да іх падскочыў тыранска, здрадецким способом малады татарын Раман бесурманин, ды добывшы шаблю, параніў адну з кабетаў у руку. Пра татарскі нораў было вядома са словаў саміх татараў, калі, махаючы са свістам шабляй, тыя выкрыквалі пагрозы: забью, буду мордовать и на крыж разбивать!

Татары называлі сябе князямі і шляхціцамі пачцівымі, служылі магнатам і заможнай шляхце, але і самі мелі (у абыход закону) на службе шляхту, а таксама зваяваных способом жовнерским чужаземнікаў. У рэестры зрабаванай у татараў маёмасці была запісаная чалядніца-маскоўка Феня Пекла.

Замак

Спусціўшыся з Новага рынку на Нізкі на вуліцу Нямігу ці да ракі Нямігі, немажліва было не заўважыць брацкую царкву Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе на той час служыў святар Васіль Манеўскі, а на цвінтары спачывалі месцічы. Вядома, прынамсі, з тэстамента жонкі Мацея Завішы князеўны Паланэі Пашкоўскай пра жаданне быць пахаванай у гэтай царкве. Праўда, у пачатку ХVII стагоддзя не было спакойна пад дахам бажніцы. Яе неаднойчы рабавалі да голых сценаў, цягнучы царкоўнае начынне па мастках праз Нямігу, апанаваныя сваёй праўдай гарадскія мужы (сярод рабаўнікоў значыліся і чальцы менскага магістрата). Захаваліся імёны дзвюх чарніц жаночага манастыра пры Петрапаўлаўскай царкве ігуменняў Аўгінні Шэмбелоўны і Ульяны Нямцовічаўны, што жылі там ў 1640-х гадах.

Ад царквы рукой падаць да пляцу, на якім месціўся Стары рынак, да крамак, да замкавых маста і брамы, праз якія можна было трапіць да самога Замка. Рынак месца звыклое ў горадзе. Тут таўклася штодня бальшыня месцічаў і сялянаў з блізкіх вёсак ды фальваркаў. Тут можна было злавіць падданага-ўцекача, тут апроч куплі-продажы «купляліся» і «прадаваліся» гарачыя навіны і абвяшчаліся людям многим каралеўскія граматы. Месцы, куды возны прыбіваў копіі каралеўскіх граматаў ці баніцыйных лістоў, былі тыя, якія найчасцей наведвалі месцічы: ля варот крамных на рынку, на браме менскага Замка, у ратушы, у касцёле, у зборы евангелісцкім. Паступова Стары рынак саступіў свой статус Новаму рынку, але яшчэ доўга быў месцам зносінаў, пакуль не здрабнеў і не быў занядбаны сам Замак. Але пакуль тое здарылася, Замак заставаўся цэнтральнай часткай горада, у якой размяшчаліся замкавы суд і храмы, вязніца, дамы ваяводы і старосты, а таксама падданых, мяшчанаў і рамеснікаў. У архіве канцылярыі гродскага суда ў вялікіх дубовых скрынях пад адмысловымі ключамі захоўваліся кнігі і справы Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта сюды, у замкавую канцылярыю, беглі са сваімі скаргамі пакрыўджаныя зямяне ды мяшчане, адносілі рэляцыі возныя, прамаўлялі прысягі сведкі. Тут чакалі сваіх пазыкантаў для разліку, і пісар рыпеў пяром, перапісваючы ў актавыя кнігі квіты і цэдулы, тэстаменты і лісты, выдаючы выпіскі на рукі ўдзельнікам судовых працэсаў. Пісары былі найбольш адукаванымі людзьмі ў судзе ў адрозненьне, напрыклад, ад возных, некаторыя з якіх маглі дазволіць сабе заставацца непісьменнымі. Менскімі судовымі пісарамі былі ў гэты час Стэфан Гладкі, што жыў на вул. Зборавай, Станіслаў Унучка, Геліяш Гурын, Іван Драбышэўскі, а таксама пісар менскай каморы Васіль Масленка. (Хочацца прыгадаць, але не ў зьвязку з Менскам, пісара Рэчыцкага гродскага суда, што жыў на мяжы ХVIХVII стагоддзяў, Фурсіяна Скарыну).

Замак быў аточаны з усіх бакоў земляным валам і апаясаны ровам з вадой, і каб трапіць за яго сцены, трэба было прайсці замкавы мост і ўвайсці ў браму, дзе на варце мусіў знаходзіцца замковый стораж. Па гэтай дарозе з места Нового до Замку і наадварот, з Замку до места, пратупала безліч ног, сціраючы лапцямі, ботамі дый тревиками драўляны насціл Замкавай вуліцы. Пабываў тут у кастрычніку 1616 года і сын вядомага асветніка Васіля Цяпінскага Тобіяш, каб заключыць пагадненне і падпісаць ліст-угоду з зямяніным Юрыеям Драбышэўскім, якая тычылася ягонага сына, а значыць, унука Васіля Цяпінскага Яна. Колькі разоў сцены канцылярыі і вушы прысутных чулі словы прысягі, прамоўленыя перад судовым урадам рознымі асобамі: Я, Стефан Лойка, возны, прысегаю пану Богу всемогущому, в Тройцы единому. На чым, если справедливе присегаю, пане Боже мне помажы, а если несправедливе прысегаю, Боже мене забий.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3