Кажуць, у нашай краіне гракі ўжо не лётаюць у вырай, перапыніў гастранамічную тыраду кароль.
Я таксама заўважыў, пагадзіўся пісьменнік.
І чым гэта тлумачаць? У голасе ў караля нечакана прарэзалася сталёвая нотка.
Думка арнітолагаў мне невядомая, унікліва адказаў пісьменнік. Краем вока ён скасавурыўся на жанчыну і змеціў, што тая наструнена ловіць размову з усімі яе неспадзяванымі адценнямі і паваротамі.
Пры чым тут арнітолагі! уквелена тузануўся ў крэсле кароль. Я хачу ведаць, чым гэта тлумачаць у вашым асяроддзі.
Вы мяне крыху здзіўляеце, ваша вялікасць
Можаш не адказваць. Я выдатна ведаю гэтую показку. Гракі баяцца, што іх сабюць на мяжы з зенітак альбо не пусцяць назад, калі яны будуць ляцець з выраю.
Ваша вялікасць
Ну што, ваша пісьменніцкая мосць? Я ўзнагароджваю цябе найвышэйшым ордэнам дзяржавы, а ты круцішся як уюн на патэльні!
Ад шчокаў жаравалосай прыгажуні адхлынула кроў, і вострае пісьменнікава вока імгненна адзначыла гэта. Верагодны кавалер ордэна Белай Мышы зеў чарнаслівіну, каўтануў віна і загаварыў:
У мяне ёсць чатыры правілы: не верыць, не баяцца, не прасіць і не дзячыць.
Кароль засяроджана жаваў. Было такое ўражанне, што разам з кавалкам бараніны ён хоча перажаваць і сваю ўквеленасць. І сапраўды, праглынуўшы мяса і запіўшы яго бургундскім, манарх загаварыў амаль зычліва:
Мы, каралі вынятак з правілаў. пісьменнікі, спадзяюся, таксама. А правілы, мой дарагі, бываюць і ў каралёў. Я, да прыкладу, мог узнагародзіць самога сябе, ды гэта не ў маіх правілах. Рэкамендую келіх бажале.
З прыемнасцю Але факт застаецца фактам: я не маю ніводнага чытача і ад гэтага нікуды не схаваешся.
А ў мяне няма ніводнага падданага.
Гэта не адно і тое ж. Вы, ваша вялікасць, можаце выдаць указ і прызначыць сваімі падданымі ўсіх жыхароў краіны, апрача дыпламатычнага корпусу.
Паслухай, пісьменнік Ад віна, сытнай ежы і камінавай цеплыні кароль трохі захмялеў і пачаў расцягваць словы. З такім самым поспехам я мог бы прызначыць усіх нашых суграмадзянаў тваімі чытачамі. Ды толькі ёсць рэчы, якія не вырашаюцца ўказамі. Сказаць, дзе я бачыў такіх падданых? Сапраўдны падданы ганарыцца сваім манархам. Ён называе ў гонар манарха дзяцей
Шмат у каго я бачыў вашы партрэты асцярожліва азваўся пісьменнік, які раз-пораз хутка пазіраў на відавочна ўстурбаваную ходам гаворкі жанчыну.
Бачыў вашы партрэты перадражніў кароль. Res suіs vocabulіs nomіnare! Называй рэчы сваімі імёнамі!
Ваша вялікасць мае сантымент да лаціны
Выдаткі адукацыі! адмахнуўся манарх. Ягоны твар наліўся чырванню, а язык канчаткова развязаўся. Ты ведаеш, хто ўгаварыў мяне змяніць наш Статут? Змяніць, каб унесці туды артыкулы пра скасаванне смяротнага прысуду і пра тое, што ў нашай краіне знаходзіцца геаграфічны цэнтр кантыненту? Гэты чалавек першы павесіў у кабінеце мой партрэт. А потым ён жа першы і здрадзіў мне. А перад тым як уцячы па каналізацыі за мяжу, пакінуў мне ліст. Ты чуў, што ён там напісаў? Зрэшты, адкуль ты мог чуць! Мой першы прэмер-міністр пісаў, што ніколі не любіў мяне. Што нават калі б цэнтр кантыненту і самога Сусвету знаходзіўся не проста ў маёй краіне, а непасрэдна ў маёй задніцы і нават калі б пра гэта сведчыў Статут, ён усё роўна не сеў бы са мной нават паср на адным полі
Ваша вялікасць, тут жанчына
Дзе? А, яна Яна ўсё ведае. Ну і што ты скажаш, пісьменнік, пра гэты ліст?
Пакідаючы сэнс на сумленні аўтара, скажу, што сфармулявана даволі хвостка. Адчуваецца стыль.
Пачуўшы апошнія словы, жанчына ледзь прыкметна здрыганулася.
Вось-вось, працягваў кароль. Ты не здагадваешся, хто мог яму дапамагчы? Што гэта за стыліст?
Пісьменнік задуменна пасмоктваў віно і маўчаў. Але кароль, відаць, і не спадзяваўся нешта даведацца. Ён дажаваў маслінку, выплюнуў костачку на далонь і стрэліў ёю ў полымя каміну.
Назавем рэчы сваімі імёнамі. Голас манарха зноў гучаў спакойна, нібы нядаўні ўсплеск эмоцыяў быў проста тэатральнаю карцінкай. Цябе ніхто не чытае, а мяне ніхто не любіць. Я прапаную выгодныя ўмовы. Тваім чытачом буду я
А я вашым падданым?
Не здагадаўся. Маім улюбёным пісьменнікам. Я мяркую, разам нам не будзе сумна. Будзем сустракацца вось тут, ля каміна. Ты кажаш, Вечнасць гэта адсутнасць часу. А што ў такім разе смерць? Мой знаёмы філосаф лічыў, што смерць нішто, але што мы, ну там, будзем адчуваць гэтае нішто. Карацей кажучы, ты згодны.