Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што ён думаў пра нас, але побач з ягонай трывушчай і нам было лягчэй адольваць жыццё.
Потым мы вярталіся дахаты, а ён заставаўся. І тады да яго туліліся буры ды завеі. А ціхімі зорнымі начамі побач збіраліся вякі ды стагоддзі. Яны прыходзілі сюды з усімі зданямі і прывідамі былога. Тады ля каменя было не пратаўчыся
Аднойчы падвячоркам тут запыніўся чалавек з далёкай стараны і пасля ўжо не схацеў вяртацца дадому. Ён збудаваў кузню ўскрай вёскі, і з тае пары мы мелі цвярдзейшыя за крэмень сярпы ды падковы.
Добры ў нас каваль, хвалілі мы. Толькі і ён не можа зрабіць жалеза мяккім.
Навошта вам мяккае жалеза? дзівіўся каваль
Не хутка, не адразу, аднак вырабіў ён кавалак жалеза, мякчэйшага за воск.
А цяпер выкуй з яго долата, прыдумалі мы. І каб было вострае, як джала.
Каваль абурыўся з нашых вымудраў, але ён быў не абы-якім майстрам. І аднойчы ў нядзелю мы сабраліся ўсім народам і рушылі да каменя. Каваль выняў з кайстры долата, і я мяккім жалеззем вылашчыў на камені два словы:
Уладзімір Караткевіч.
Тут ізноў наляцелі авадні, толькі джалы ў іх ужо былі даўно паабламаныя.
Далей нам заставалася адно дачакацца, калі вызваліцца вецер і аслоніць аблокамі шалёнае сонца.
Каб у пару забуяла бульба
Былі мы, і быў ён. Мы ведалі, чаго хацелі, а ён хацеў проста жыць. Садзіць бульбу і слухаць цёплым адвячоркам, як у ліпах гудуць хрушчы
Але не мы першыя прыдумалі, што ніхто не мусіць заставацца сам-насам. Да таго ж нас было многа, а ён быў адзін. І мы паабрывалі хрушчам крылы.
Зараз ён прыйдзе і стане слухаць наш рэй.
Ён, як мела быць, засумаваў, толькі зноў не пайшоў да нас. Цяпер ён слухаў свой сум, і мы не ведалі, што нам рабіць далей.
Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам толькі рэха ягонага суму.
Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна, аднойчы сказаў нехта.
І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:
Каб у пару забуяла бульба.
Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?
Тады навошта вы?
Каб нас было шмат.
Дзён таксама шмат, але што з таго?
З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба ты гэтага не ведаў?
Я ведаю адно: зранку трэба ісці на поле, а вечарам дахаты, дзе ў ліпах гудзе сум.
І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.
Першае каханне
Мы і перажагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала, і ён усцягнуўся на самы крыж.
Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: «Што, іншага месца не знайшлося?», а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.
Гэй, ты, лупавокі, закамандаваў Богусь, злётай у вёску па Маню.
Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:
Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны
Хай сабе, толькі й адказаў Богусь.
Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона, раззлавалася Маня і пашыбавала дахаты, адкуль хутка зехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай, і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона, і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было мода на голыя лыткі.
Джамалунгма
А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. «Вось каб я быў Джамалунгмай, разважаў гэты чалавек, дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы».
Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы-чаго плявузгаць не будуць
Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.