А можа, той далікатны панок мае рацыю, не вытрываў Здэнек. Усё жыццё былі мужыкамі, з гною не вылазілі, дык хай хоць на тым свеце з панамі паскачам.
Пачакай, кажа Яўхім. Раптам нехта з другога боку крычыць:
Ты куды, свінячае рыла?! Ці ж не бачыш, што там і аднаму месца не хапае? А ў мяне глядзі які прастор і глыбіня, што мора.
Азірнуўся я, а там у сажалцы з кіпенем голы чалавек у генеральскай фуражцы плавае. А як шпарка не раўнуючы шчупак
Тут Яўхім змоўк, і мы распачалі сварку. Лаянка, лямант енк такі стаяў, што, пэўна, у пекле цішэй. Хто быў на патэльню пагаджаўся, хто на сажалку: маўляў, паколькі яна вялікая, дык па краёх, мабыць, не так пячэ
Стаміўшыся ад сваркі, мы прычапіліся да Яўхіма.
Халера яго, хлопцы, ведае Што ні кажы, да гною мы з маленства звыклыя, а як яно ў іншым месцы будзе не паспытаўшы, не скажаш.
Быццам і слушна разважыў сусед. Толькі няма ў мяне да Яўхіма даверу. Яго і за гаспадара ніхто ніколі не лічыў. Сноўдаўся ўсё жыццё па вёсцы, абы дзень да вечара. А як ухопіцца за якую кніжку, дык і скаціну не дагледзіць. Можа, ён з кніжак і навыдумляў усё тое, што тут нам чоўп. Бо хто ж цябе пусціць у пекле швэндацца, быццам гэта кірмаш. Пэўна, і вокам міргануць не паспеў, як далі яму такога выспятка, што куляй назад вярнуўся
Ат, чаго там шмат казаць, калі нават на той свет чалавек не справіўся ў свой тэрмін патрапіць.
Гаротны лёс
Усяму свету вядома, што лепей за нас ніхто не ўмее наракаць ды скардзіцца. Мы і грамаце навучыліся раней за іншых, каб скаргі начальству пісаць.
Пакуль быў Бог, мы болей яму жаліліся і тады неяк без начальнікаў абыходзіліся. А як Бога адмянілі, дык начальнікаў адразу спатрэбілася процьма, бо нехта ж павінен быў чытаць нашыя крэмзы.
Але гаворка тут не пра скаргі, а пра нашае ўмельства перамагаць бяду скаргамі. Іншыя, як загарыцца хата, бягуць па ваду, а мы збярэмся ля вагню і наракаем на лёс. Не паспеюць галавешкі астыць, як у нас ужо і слёзы павысыхалі.
Нашае майстэрства трываць ды жаліцца здавён цікавіла вучоных. Дзе мяжа і ці ёсць мяжа іхняй трывушчы? нарэшце паставілі яны пытанне рубам. І падпалілі ўсе нашыя хаты.
Тут ужо напэўна яны кінуцца тушыць, было іх меркаванне.
Дудкі! Дачакаліся мы галавешак і пабеглі ў лес абдзіраць бярозы. А як абадралі, дык такую скаргу на бяросце напісалі, што і сёння без слёз чытаць немагчыма.
Моцна зажурыліся вучоныя, бо далей не ведаюць, што яшчэ можна з намі зрабіць.
Але потым адзін акадэмік згадаў:
За мяжой людзі разумнейшыя, кажа.
Тады вучоныя паклікалі адмыслоўцу з далёкай стараны, і той не адразу, але прыдумаў. Трэба, тлумачыць, каб уся зямля ў іх пад нагамі спачатку гарэла, а потым чарнобылем зарастала.
Гэта вам не жартачкі падпаліць столькі зямлі. Каб такую справу аблічыць і ўсё як мае быць падрыхтаваць, не адзін дзень змарнуеш.
Пакуль вучоныя лічылі-пералічвалі, мы і хаты адбудавалі, і скаргаў, можа, на сто вёрст напісалі.
Раптам гарыць. І там, і тут усюды гарыць. Няма куды бегчы.
Паўскідалі мы начальнікаў на плечы і таўчэмся з нагі на нагу. А як абедзве добра апячэ, дык падскокваем.
Вучоныя ў роспачы, замежны адмыслоўца плача, як бабёр, а мы нічога сабе. Скачам патрошкі і на свой гаротны лёс наракаем
Апошнім часам пайшлі сярод нас чуткі, быццам неўзабаве нам зноў Бога вернуць. Сёй-той захваляваўся: што тады з начальнікамі будзе?
І ўсё да мяне ходзяць пытацца. А скуль я ведаю?
Адчапіцеся, кажу. Так ці гэтак, але ж неяк будзе.
І то праўда, пагаджаюцца. Бо ніколі яшчэ не было, каб ніяк не было.
Эпітафія
Калі вецер забаранілі, а сонца ашалела процьма кусачых аваднёў абсела яго з усіх бакоў. Урэшце ён не вытрываў здзеку і скамянеў.
Авадні зноў ускінулі свае джалы толькі цяпер абламаліся іх джалы
Магутны, ён ляжаў абок раллі, як прыступка ў нябёсы. І не варушыўся нават тады, калі яго апякалі маланкі.
Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што ён думаў пра нас, але побач з ягонай трывушчай і нам было лягчэй адольваць жыццё.
Потым мы вярталіся дахаты, а ён заставаўся. І тады да яго туліліся буры ды завеі. А ціхімі зорнымі начамі побач збіраліся вякі ды стагоддзі. Яны прыходзілі сюды з усімі зданямі і прывідамі былога. Тады ля каменя было не пратаўчыся
Аднойчы падвячоркам тут запыніўся чалавек з далёкай стараны і пасля ўжо не схацеў вяртацца дадому. Ён збудаваў кузню ўскрай вёскі, і з тае пары мы мелі цвярдзейшыя за крэмень сярпы ды падковы.