Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.
Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі сантыметраў вышэйшая за Джамалунгму, і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.
З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускараскацца на нябёсы. Мала каму з іх шанцуе дапнуцца да зораў, аднак здараюцца і шчасліўчыкі. Пра іх назаўтра пішуць у газетах, і той чалавек, што апынуўся гарой, тады злуецца на газеты і зайздросціць ужо не толькі абранцам нябёсаў, але і нягеглым пінгвінам
* * *Няма чаго і казаць, як нам да гонару, што сёння нашае мястэчка ведаюць ва ўсім свеце! Адно што кепска цень ад гары надта ж цяжкі і доўгі. Таму мы ходзім сагнутыя крукам і сонца, лічы, не бачым, акрамя як самым падвячоркам акрайчык.
Недарэкі
Па той бок рэчкі жылі адны людзі, а па гэты зусім іншыя. Праўда, мы ніяк не маглі ўцяміць, чым яны розніліся паміж сабой.
Начасцей адны з другімі спрачаліся наконт рэчкі.
Куды вашай смярдзючцы да нашай чысцюлі, пахваляліся адны.
Брахуны вы, крычалі з другога боку. Нідзе болей няма такой рэчкі, як наша. Спытайцеся людзей.
Што праўда, то праўда. Цудоўная рэчка, сведчылі мы і веславалі як мага хутчэй.
Ну вось, чулі? цешыліся адныя.
А мы вам што казалі, крычалі другія і шпурлялі на той бок камяні
Бачыць Бог, мы не хлусілі. Рэчка сапраўды была прыгожай.
Ненавуковая субстанцыя
Лепей за нас ніхто не ўмее нахіляцца. Я гэта не сам выдумаў, аб гэтым ва ўсіх падарожных кніжыцах напісана, і таму да нас шмат хто едзе.
Жыве, скажам, чалавек на Барнэа, працуе, а потым пагартае падарожную кніжыцу і падумае сам сабе: нешта я даўно ні ў каго на карку не сядзеў. Трэба зездзіць туды, дзе самі нахіляюцца.
І прыедзе да нас, і пасядзіць, а потым вернецца на сваё Барнэа і зноў працуе.
Праўда, апошнім часам штосьці стала з намі рабіцца. Сёй-той пачаў саромецца свой карак пад чужую сраку падстаўляць. Столькі часу ганарыліся, а тут чамусьці трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць, і нават, здараецца, варяцее.
Натуральна, я не мог ухваліць тыя настроі, што раптам запанавалі сярод надта сарамлівых. Пакідалі работу і крычаць на кожным рагу: досыць зневажаць сябе перад усім светам!
Толькі таму свету і спраў углядацца, хто там сябе зневажае, кажу я ім.
А яны мяне не слухаюць і, дзе ні сустрэнуцца, распачынаюць дыскусію. Адзін прапаноўвае сланоў з Індыі завезці, каб замежныя аматары не на нашых карках, а на слановых гойсалі, другі раіць шыі намыльваць маўляў, хто ні сядзе, дык адразу скоціцца, а нейкі аграном з Капыля дадумаўся: на галовах, кажа, трэба хадзіць.
Смеху варта такая дыскусія, кажу я ім. На сланоў адкуль грошай набрацца, шыі ў нас і без таго чужымі азадкамі адпаліраваныя, а што да галавы, дык мы спрадвеку дагары нагамі ходзім.
Сказаў так і пайшоў ад іх. А тут якраз па дарозе крамка, дзе павелічальныя шкельцы прадаюць. Я ўсцешыўся, не пашкадаваў грошай і подбегам да аднаго прозвішча называць не буду, вы яго ўсе добра ведаеце. От жа чалавек! Не шкадуючы Бог розуму адваліў. Пра што ні запытайся, на ўсё адказ мае. Прафесар, адным словам.
Заходжу і адразу:
Дыскутуюць, кажу.
Як яшчэ лаўчэй нахіляцца? узрадаваўся прафесар.
Ды не. Выпрастацца хочуць.
Не можа быць
Вялікі чалавек, а тут разгубіўся. Абхапіў галаву і бегае па стале, як ашпараны прусак. Я шкельца пад вока падсунуў і сачу, каб прафесар ад хвалявання не зваліўся на падлогу.
Не можа быць, мармыча. І жменяй скублі, і па каліўцу шморгалі. Са стагоддзя ў стагоддзе скублі, з года ў год шморгалі. Адкуль гонар?
Ды не ад гонару, удакладняю. Ад сораму. Апошнія мае словы настолькі ўразілі прафесара, што ён, Богам прызначаны адказваць, запытаўся:
А гэта што такое?
Халера яго ведае!
От жа і я так думаю, што гэта не навуковая субстанцыя, бо па навуцы ніяк не выходзіць выпрастацца.
І пабег далей.
Шкада мне зрабілася прафесара. Ну колькі яго засталося, на два разы ў сральню схадзіць. Амаль усяго сябе аддаў чалавек справе, і на табе
Абгарадзіў я стол, бы мурам, важкімі кнігамі са збору класіка жменяй скубсці і па каліўцу шморгаць, уздыхнуў засмучана і ўжо збіраўся развітацца, як нечакана прафесар ускараскаўся на небяспечную вышыню аднаго з фаліянтаў ды крычыць: