А чаму цябе навучылі?
Хадзіць па дарогах і без дарог.
Хада гэта не работа, хада гэта шлях да работы. А калі ты прыходзіў, дык што там рабіў?
Калі я прыходзіў, то ішоў далей.
Дык ты пасвіў вецер, здагадаўся варштат.
На падворку суседа бязладна скакала сякера. Ён падумаў, што яму не абысціся без сякеры, і пайшоў праз дарогу да суседа.
Пасярод занядбанага двара стаяў маленькі вазок з брызентавымі крыламі. Дробны, як згублены грошык, гаспадар кінуў абчэсваць бярозавы калок і з ахвотай патлумачыў:
Раней я хацеў змайстраваць драбіну на неба, але пасля ўзважыў: ну, усцягнуся туды, і што? Буду сядзець на драбіне, як жаба на карчы.
Калі паляціш, накінь кажух. На небе халадней, чым на зямлі.
Я сена нацерушу і посцілкай падаткнуся.
А куды табе трэба?
Абы ад зямлі адарвацца. Каб ты адно ведаў, як яна мне апрыкла.
Ці вернешся?
Не ведаю. Дзяцей у мяне не было, а жонка памерла. Цяпер куды закарціць, туды і палячу. Ніхто за крысо не трымае.
Сякеру з сабой возьмеш?
На халеру яна здалася? Яшчэ зваліцца каму на галаву.
Ну, тады ляці.
Можа, дзе жонку сустрэну
Жанчыны на неба рэдка трапляюць.
Хто ведае? Людзі чаго толькі не чаўпуць, а як яно на самай справе бывае, хто ведае?
Сонца было лагодным, а далеч празрыстай. У накірунку выраю шуганула ладная сціжма ластавак і зноў запанаваў спакой.
«Каб восень была заўсёды, паміраць было б лёгка», думаў ён, напрасткі прамінаючы пожню.
Ад хутара дзеда засталіся толькі састарэлая дзічка і мураваны склеп. Падчас вайны ў ім хаваліся людзі з суседніх вёсак, а ў мірную пару на доўгіх паліцах берагліся да вясны антонаўкі і каштэлі.
Бомбы гэта яшчэ не самае горшае, сказаў склеп.
Ці бывае што горшае за вайну?
Не дачакаўшыся адказу, ён па ацалелых сходах сышоў у нетры. У даўкай цемры пахла не яблыкамі, а невараццю.
Ён запаліў сярнічку, каб агледзецца і прайсці аж да тыльнай сцяны, дзе звычайна клаліся каштэлі. Падшыванцам ён заўсёды чакаў зручнага моманту, каб крадком праслізнуць туды і з пахкай цемры выхапіць салодкі, як грэх, яблык.
Не хадзі туды, сказаў склеп.
І ён паслухаўся, ды і сярнічка ўжо згасла.
На сонцы ціха назвоньвала цішыню срэбра павуты. Удзірванелая зямля была спрэс усланая драбнюткімі грушамі. Ён падумаў перапытацца пра вайну яшчэ ў дрэва, але адразу расхацеў. Калі восенню на гарышча не ссыпаюць дзічкі, а ў склеп яблыкі дык што там у каго пытацца. Ён толькі назбіраў поўную торбу дзічак і пайшоў. Але ўжо не напрасткі праз пожню, а па ледзь прыкметнай сцежцы да гасцінца.
Яна карміла курэй, ён стаяў пад яблыняй і спадылба пазіраў на нізкае сонца. Неўзабаве сонца асела ў гушчар старых могілак, а куры разбрыліся па завуголлі. Трэба было развітвацца, аднак яны марудзілі. Жанчына азірнулася і знайшла сабе зграбаць бацвінне, а ён глядзеў на яе і думаў, што іхнія хаты амаль кранаюць адна адну стрэхамі і гэта, напэўна ж, не выпадкова.
Вам трэба паставіць плот, сказала яна. Неабгароджаная хата як голая дзеўка
Тады давядзецца хадзіць да вас праз вуліцу.
Можна зрабіць брамку.
Брамка будзе рыпець.
У дбайнага гаспадара брамка не рыпіць. Раптам зашумела неба, і над імі прыпыніўся вазок. Сусед схіліўся долу і радасна паведаміў:
Цяпер я ведаю, чым ёсць вецер. Гэта такія дробненькія вусякі, можа ў сто разоў драбнейшыя за вош. Яны збіраюцца натоўпамі і лётаюць абыкуды, а мы кажам, што гэта дзьме вецер. Раней я ўсё дзівіўся, як можа дзьмуць тое, чаго няма, бо калі вецер не дзьме, дык яго няма
Ты часам не бачыў там двух анёлкаў? перапыніла яго жанчына. Такія ружовенькія, з маркотнымі вачыма
Там шмат хто сноўдаецца, хіба ўсіх згадаеш? сцепануў плячыма сусед і пакіраваў на свой падворак.
Над імі зноў расхінулася настылае шэрае неба, і яны доўга ўглядаліся ў гэтую шэрань, спрабуючы разгледзець прыкметы тамтэйшага жыцця. Але адсюль нічога не было відаць. Яны ўнурыліся кожны ў сваё і моўчкі разбрыліся па хатах.
Каторы дзень таўсматыя хмары наплывалі на мястэчка, каб тут апрастацца ад сцюдзёнага друзу. Гурбы снегу падымаліся на вачах і ў нейкі момант перапынілі ўсялякі рух. Нават трактары кінулі грукатаць, каб не захлынуцца снегам. Свет знерухомеў, і што ні рэч, што ні істота усё апынулася сам-насам, як быццам ужо выспела вечнасць. Быццё страціла свой пакрыёмы змест, які раней трымаўся на повязях усяго з усім, і прысутнасць кожнага цяпер высвятлялася адно яго ўласным сэнсам. «А калі ўва мне ніякага сэнсу няма, сам у сябе запытаўся чалавек, а яго напэўна няма, дык што можа акрэсліць мой змест? Хіба толькі вось гэтыя дзверы, гэтая лава, гэтая столь над галавой. Ці не таму чалавек выгароджвае сабе месца ў прасторы плотам, сценамі, фіранкай, што без хоць якой агароджы ён адно рухомая цень на пялёстках быцця?»