І мы ўсе памерлі.
І калі мы паміралі на ахутанай гарачым попелам зямлі, дзе яшчэ зусім нядаўна было столькі людзей і вёснаў, я ўспомніў, што гэты пякельны агонь пачаўся з аднаго нераскладзенага вогнішча на выгане за нашай вёскай.
Прыпавесць
Сум на тэму вяртання
Чалавек доўга блукаў па свеце, а як прыстаў да берага айчыны, дык адразу спатыкнуўся аб свой цень.
Хіба цябе не было са мной? здзівіўся чалавек.
Я тут чакаў.
Можа, таму я і вярнуўся?
Пайшлі, адказаў цень.
Яны паволі падняліся на пясчаную выспу, адкуль пабачылі мястэчка, дзе гэты чалавек нарадзіўся і асталеў.
Чалавек балюча пасміхнуўся і шморгнуў носам. Потым прамармытаў нешта з агідай да самога сябе, і яны рушылі далей. Цень бег паперадзе, як сабака.
А мо ўжо позна? засумняваўся чалавек. Можа, не трэба было вяртацца? Колькі тут засталося жыць!
Жыць ніколі не позна, запэўніў цень.
Там, дзе сцежка напрасткі скіравала да мястэчка, цень аббёг чалавека і стаў ззаду.
Цяпер ідзі сам, сказаў. І чалавек пайшоў.
Ён не запальваў святла. Сядзеў на зэдліку ля печы, марнаваў тытунь, цвіркаў слінай на вуголле і, падахвочваючы агонь трэскамі, думаў, што гады ў дарозе, як трэскі: зырка гараць, але хутка згараюць.
Ты шкадуеш аб гэтым? спытаў агонь.
Чаго там шкадаваць, сказаў чалавек і кавалкам сталёвага прэнта паварушыў прысак.
Гаючае святло пляснула ў сырыя куты хаты, загудзеў комін.
Што згарэла, тое не згніло, суцешыў агонь.
Чалавек нічога не адказаў, перакуліўся ў мінулае, спрабуючы ахапіць яго цалкам, але разбэрсаныя па свеце гады не збіраліся ў жыццё. Вусны чалавека пакутліва перасмыкнуліся, і ён зноў сплюнуў на вуглі.
Я ўмею варыць бульбу і смажыць сала, раптам нагадаў агонь.
Што з таго, калі я на ўсё забыўся, роспачна прамармытаў чалавек.
Але ты навучыўся нечаму іншаму, лагодна азваўся агонь.
Я навучыўся швэндацца па свеце і не заўважаць, як ацярушваецца пад ногі жыццё
На гэты раз прамаўчаў агонь.
Трохі пазней чалавек акрыяў і як бы запытаўся:
Хіба крама яшчэ не зачынена? Можна было б купіць торбу бульбы і кавалак сала.
Крама ўжо зачыненая, але побач спагадлівая суседка, падказаў агонь.
Чалавек не пайшоў да суседкі, ён перастрэў яе на другі дзень ля студні. Клубы жанчыны калыхаліся, як вёдры, і ён запытаўся:
Ці можна ў вас напіцца?
Толькі трэба зайсці ў хату, я падам кубак.
У вас прыгожыя фіранкі на вокнах, пахваліў ён, трымаючы яе на ходніку.
Напэўна, вы бачылі прыгажэйшыя.
Увесь ранак яны чамусь калыхаліся.
Гэта скразняк.
Трэба шчыльней зачыняць дзверы.
Я не баюся скразнякоў.
У вас не знойдзецца голкі з ніткай? Я добратакі абнасіўся ў дарозе.
Чаму ж не. Я шыю і людзям, і анёлам.
Я ўпраўлюся сам, мне б толькі начынне
Мы наглядалі за вашай хатай, але думалі, што яна абтрусіцца, пакуль вы вернецеся. Хата без гаспадара, як сабака, хутка дзічэе.
Чалавек без хаты таксама.
Яе можна яшчэ паправіць.
Хату паправіць можна
То хадзем, я дам напіцца.
Дзякуй, я трохі пазней зайду.
А вам не расхочацца?
Піць, можа, і расхочацца, але голка з ніткай усё роўна будуць патрэбнымі.
Хлеў ад самых дзвярэй быў завалены ламаччам. Ён перакінуў сёе-тое з кута ў кут і вызваліў з-пад рыззя варштат.
Чаго я сюды прыйшоў? запытаўся чалавек.
Я сам хацеў пра гэта запытацца, сказаў варштат.
Ну, то пытайся.
Твой бацька збудаваў жытло, выкапаў студню, змайстраваў варштат. А што зрабіў ты?
Я бавіўся жыццём, як цацкай, пакуль не апрыкла. А цяпер вось думаю, якога яшчэ ражна мне трэба. Ты не ведаеш?
Чалавеку нічога не трэба, абы было што рабіць. А работа ёсць заўсёды. Таму чалавеку нічога не трэба.
Хіба чалавек усяго толькі прылада?
Чалавека выпраўляюць сюды не на пагулянку. Так лічыў твой бацька. І той, хто не лянуецца, будзе мець пасля ласку на тым свеце, а лайдака зноў вернуць, каб рабіў тут самую брудную работу.
Мне хапіла аднаго разу, болей я не хачу.
Тады бярыся за справу. Можа, яшчэ паспееш
Каб жа я ведаў, за што мне брацца
А чаму цябе навучылі?
Хадзіць па дарогах і без дарог.
Хада гэта не работа, хада гэта шлях да работы. А калі ты прыходзіў, дык што там рабіў?
Калі я прыходзіў, то ішоў далей.
Дык ты пасвіў вецер, здагадаўся варштат.