Чалавек глядзеў на засмечаную снегам шыбу і слухаў, як запавольваюць хаду ходзікі. Неўзабаве яны зусім спыніліся. У хаце запанавала цішыня. Сэрца таксама ўтаймавалася. Гэтай хвіліны ён чакаў шмат гадоў, на яе прышласць абапіраўся, прымаючы будучыню. І вось яна настала. Свет белы ад снегу, і ён у сваёй хаце лашчыцца спінай да выпаленай печы.
Вецер вымеў з нябёсаў увесь ледзяны хлуд, і жанчына з мужчынам зноў перастрэліся ля студні.
Вы яшчэ тут? як бы здзівілася яна.
Можа і няблага, што я вярнуўся на зіму. Пакуль растане снег і высахнуць дарогі, можа, абвыкнуся. Зімой хочацца быць там, дзе ты ёсць, а ўлетку там, дзе цябе няма.
У нас тут добра.
Адзін чалавек раіў: ніколі не вяртайся туды, дзе табе некалі было добра. Цябе там сустрэне нуда.
Я гэта таксама ведаю, бо змушаная хадзіць па сцежках маладосці. Але гэта калі ідзеш без клопату.
Дзе прыдбаць такі клопат, ад якога чэзне нуда?
Клопат прыдбаць лёгка. Спачатку трэба ўзяць сабаку, потым знайсці жанчыну, а па вясне пасадзіць бульбу і купіць парася. Але найперш вам след павесіць фіранкі на вокнах. Хто ні ідзе па ходніку, зазірае ў хату. Гэта як жыць на шашы.
Мне звыкла жыць у дарозе.
Я вам пашыю фіранкі.
Дзякуй. Сёння чырвонае сонца, і падвячоркам мароз асядзе на вокнах. Вось і будзе мне заслона ад чужога вока.
Маразы ў нас доўга не трымаюцца.
А што на свеце доўга трымаецца?
Вашая праўда. Але якраз таму і патрэбныя фіранкі. Яны, як запруда на рэчцы, затрымліваюць струменьчык часу, і тады яго збіраецца даволі, каб нарадзіць дзяцей і дачакацца ўнукаў.
Як быццам іх шпурлянулі, пападалі на сцежку верабі.
Ён стаяў на ганку, і ганку было прыемна, што на яго абапіраецца гаспадар.
Пастой ля дзвярэй, схітраваў ганак. Дзверы любяць быць зачыненымі.
Мы любім, каб нас зачынялі. А гэта зусім іншае.
З розных куткоў зімы вярталіся на ноч людзі і машыны. Ён глядзеў на людзей і машыны, слухаў галашэнне варон, якія чорным кропам засмецілі барву неба, і казаў ці то ганку, ці то дзвярам:
Добра бярэцца на мароз. Не адзін верабей акалее да ранку, калі не ўвабецца ў застрэшша.
Халера іх не возьме. Такая шкодная птушка, дзе крок зробіць, там і нагадзіць, сварліва заўважыў ганак.
Не ўсё адно, хто па табе топчацца, чалавек ці птушка? А дзверы толькі для чалавека.
Ды хопіць вам сварыцца, разумнікі, памяркоўна сказаў чалавек, аббіў боты ад снегу і ўвайшоў у хату.
У сенях зняў ватоўку, скінуў на цвік шапку і пасунуў твар да люстэрка.
Здымі бараду, параіла люстэрка. Жанчыны любяць маладых.
Жанчыны любяць тых, хто іх любіць, запярэчыў ён і нахіліўся распаліць пліту.
Ну, як табе сёння на бацькаўшчыне? адно ўсчаўшыся, запытаўся агонь.
Ён нічога не адказаў і прычыніў засланку.
Як толькі ў вакне суседкі гасла святло, ён падсоўваў да ложка табурэтку, ставіў на яе попельніцу, кубак з моцнай гарбатай і залазіў пад коўдру.
Ён муляў бакі, паліў цыгарэты, зрэдку глытаў гарбату і думаў усё пра адно. Ён вярнуўся на бацькаўшчыну жыць ці паміраць? Калі жыць, дык трэба павесіць фіранкі на вокнах і шукаць нейкую сталую працу.
Аднак жыць не вельмі хацелася. Ён ужо раней перабраў усё, што ў жыцця было загатавана для чалавека, а паўтарацца, пэўна ж, не мела сэнсу.
Жыць не вельмі хацелася, паміраць таксама. Як ні круці, выходзіла зноў праставаць у дарогу. Там хутчэй стаптаць рэшткі гадоў.
Але, перш чым звягнуць брамкай, трэба было ўспомніць, чаму ён вярнуўся дахаты.