Малалетка Лаліта выцягнула пірсінг з пупка, зашпіліла яго ў вуха і ўзялася крытычна вывучаць у бакавым люстэрку выканкамаўскага «мерседэса» уласны адбітак.
Капітан Капейкін жлукціў гарэлку з армейскай біклажкі і размаўляў з бомбай ласкавым рускім матам. Ён абяцаў неадкладна распачаць полавую сувязь з самім боепрыпасам, з капітанам Гастэлам і яго маці, а таксама са старажытнымі замкамі, сінявокімі краінамі, заакіянскімі фраерамі і нават з пархатым валацужным сабакам, які недарэчна круціўся пад нагамі.
Манда Іванаўна згорбілася, акуратна адляпіла вільготную блузку ад разамлелых цыцак і добразычліва паглядзела на гіганцкі торт, толькі што выстаўлены на стол. Святочны бісквіт у выглядзе ДОТу з «Лініі Сталіна» аздабляў каліграфічны крэмавы надпіс «Ніхто не забыты, нішто не забытае!» Загадчыца Дома Культуры пацэліла нажом у вафельны танк Т-34.
Пятровіч, пайшлі торт есці! Манда Іванаўна цягнула шыю, выглядаючы Качана.
А як наконт на брудэршафт выпіць, за мілых дам? імпэтна адрэагаваў старшыня райвыканкама.
Сонечны прамень праслізнуў у аблоках. Пляшкі на сталах успыхнулі шматабяцальнымі знічкамі. З сядзібы пад замчышчам данеслася інтымнае рохканне. Іванаўна, чуеш? сентыментальна пасміхнуўся старшыня выканкама. Гэта мой Аўка Сумуе, падшыванец!
Дагэтуль кабанчыка гадуеш? Манда Іванаўна засяроджана кроіла кулінарна-патрыятычны шэдэўр.
А то! Ты ж пры сваім Доме Культуры калісь таксама свінчо трымала
А я вось думаю, неўзабаве павінна дырэктыва выйсці, якая ўсім дзяржслужачым прыватных кабанчыкаў забароніць на ілбе Манды Іванаўны прарэзалася трагічная зморшчына.
А ты не думай. Я ўжо гадоў пятнаццаць, як не думаю. Рабі, што кажуць, і ўсё будзе добра. Бач, мерапрыемства ўдалося. Народу падабаецца. Усім, здаецца, дагадзілі.
Ніхто не забыты, нішто не забытае! па сітуацыі азвалася загадчыца Дома Культуры.
Куды там розным еўропам! натхняўся Качан. У нас тут, як у лепшых дамах, сама ведаеш чаго Ну, давай, за стабільнасць!
Знянацку ад фантана данесліся стрыманыя мацюгі. Галовы прысутных лянотна павярнуліся да недарэчнага замяшальніцтва. Натоўп хаатычна завіраваў; так здараецца, калі падпітыя дзядзькі ловяць жвавага парсючка.
Качан глянуў у бок помніка, сутаргова зглынуў торт і праліў гарэлку на гальштук.
На кафляны парапет помніка-фантана ўзбіўся нязграбны маладзён з экстрэмісцкім надпісам на футболцы. Яго анемічны твар выяўляў незадаволенасць жыццём і далікатнасць псіхікі. Гэта быў малады спецыяліст Скіргайла, летась размеркаваны з Мінску. У Таргачове яго ўспрымалі, як бяскрыўднага варята: піша адраджэнскія вершыкі, з усімі гаворыць па-беларуску, але сацыяльна бяспечны, у стацыянар можна не выпраўляць. На дзяржаўным мерапрыемстве адраджэнец глядзеўся абсалютна недарэчна, як запаленая паходня ў бомбасховішчы. Двое разамлелых праваахоўнікаў нязлосна зганялі маладзёна наніз.
Ніхто не мае права біць паэта! імпэтна адбіваўся Скіргайла, і пырскі з аўтаматных руляў эсэсаўцаў ляцелі яму проста ў твар. Спадары міліцыянты, вы з народам, ці як?
Скіргайла, ну злазь, Хрыстом-Богам прашу! амаль спачувальна папрасіў цыбаты сяржант. Я ўсё разумею, сам беларускую школу канчаў. Толькі вось «спадаром» мяне абзываць не трэба У нас у Таргачове за такое лыча чысцяць!
Зноў гэты адраджэнец Качан са скрухай адставіў недапітую чарку. І чаго яму яшчэ трэба? Не можа святкаваць, як нармальныя людзі?
Напэўна, вершыкі хоча пачытаць здагадалася Манда Іванаўна і нечакана прапанавала: А хай пачытае Свята ж яно для ўсіх!
Праваахоўнікі каля фантана паглядалі пытальна. Качан павагаўся, дапіў-такі чарку і няпэўна варухнуў пальцамі.
Ну, хай чытае Толькі, каб гэтага не было. Ну, самі ведаеце, чаго
Адраджэнскі паэт выцягнуў з кішэні пакамечаную паперку, расправіў вузкай белай далонню.
Шаноўнае спадарства, усе, каму неабыякавы лёс нашай Бацькаўшчыны і матчынай мовы, мусяць ведаць, што Мікалай Гастэла не толькі Герой Савецкага Саюза, але і нашчадак слыннага шляхецкага роду! Яго прапрадзед браў удзел у паўстанні Каліноўскага, а больш далёкія продкі служылі Бацькаўшчыне пры двары каралевы Боны са Сфорцаў і нават самому Папежу Кліменту VII Карацей, Жыве Беларусь!
Узнікла пачуцце ненатуральнасці, нібы ўсе разам апынуліся на вулічных кіназдымках. «Амерыканцы пасылаюць фінанцы!» позіркам пракаментаваў Качан загадчыцы Дома Культуры. «Вядома ж, любіць іхнюю «Жыве Беларусь!» можна адно за грошы!» спрактыкавана адказаў позірк.