Уладзіслаў Сыракомля
Гісторыя беларускай літаратуры ў XIX ст. цесна звязана з абуджэннем грамадска-палітычных ідэй, з народным лёсам. Свядомыя беларускія сілы абядноўваліся ў нелегальныя арганізацыі, куды ўваходзілі і мясцовая шляхта, і разначынцы. Зяўляліся нарадавольцы. У Вільні ў 2030-я гады XIX ст. утварылася Дэмакратычнае таварыства, дзейнічалі народніцкія гурткі, таварыства філаматаў ва ўніверсітэце. У пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. на Беларусі па сутнасці разгортвалася сялянская вайна за зямлю і волю, нарастаў шляхецкі рух. У гэты ж час дзеячы літаратуры настойліва шукалі праўду гістарычнага быцця народа, які прымусова быў пазбаўлены свабоды і нават уласнага імя.
Таварыства філаматаў. Ян Чачот. Адам Міцкевіч
У новых гістарычных умовах сам зварот да беларускага слова патрабаваў ад аматараў прыгожага пісьменства вялікай мужнасці і самаахвярнасці. Таму многія з адукаваных людзей на Беларусі вымушаны былі пісаць мастацкія творы па-польску або па-руску. Летаргія беларускага нацыянальнага жыцця абазначалася вельмі актуальна, падкрэсліваў, характарызуючы гэты перыяд, М. Багдановіч. Тым большае значэнне мелі творцы, што не спалохаліся ні праследаванняў, ні арыштаў, што не дапускалі нават думкі пра кароткую памяць і доўгае забыццё, пра бесперспектыўнасць беларускай справы. Сярод тых, хто зноў пачынаў адкрываць беларускае слова, песню, верш, хто быў цесна звязаны з беларускім рухам, віднае месца займаў Ян Чачот (17961847).
У артыкуле Беларускае адраджэнне М. Багдановіч заўважаў, што каштоўны ўклад у беларускую літаратуру ўнёс Ян Чачот, хоць лёс гэтага творцы, і асабісты, і ў гісторыі літаратуры, склаўся драматычна.
Ян Чачот
Ян Чачот належыць да таго дапытлівага і няўрымслівага пакалення, якое з першых крокаў самастойнага жыцця паставіла свой талент і здольнасці на службу народу, простым людзям, роднаму краю. У дзейнасці гэтага пакалення студэнтаў Віленшчыны выявіўся час глыбокіх ідэйных пошукаў моладзі той бурлівай, хоць і не надта працяглай эпохі ў царскай Расіі, якая ўзгадавала дзекабрыстаў.
Асноўным крытэрыем ацэнкі рэчаіснасці прадстаўнікі гэтага пакалення абвясцілі розум. Яны былі ўпэўнены, што толькі чалавечы розум складае аснову існавання асобы, зяўляецца гаспадаром людскіх лёсаў. У развітым, глыбокаадукаваным і аналітычным розуме, а таксама ў чыстых, светлых пачуццях, марах, намерах, у шчырасці душэўных парыванняў знаходзілі яны вытокі высокай і незаплямленай агульначалавечай маралі, тыя духоўныя каштоўнасці, якія надавалі сапраўдную прыгажосць чалавеку. Але гэтыя добрыя намеры натыкаліся на злавеснае супраціўленне царскага самаўладдзя.
Іх высылалі з роднай зямлі, выпраўлялі назаўсёды, пазбавіўшы маладосці, зблытаўшы ўсе іх дабрачынныя намеры, мары і надзеі. Жорсткая рэальнасць жыцця царскай Расіі станавілася самым страшным сном, а высокія спадзяванні разбіваліся аб халодныя сцены казематаў і адзіночных манастырскіх келляў.
Ян Чачот нарадзіўся 24 чэрвеня 1796 г. у вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён) у сямі дробнага шляхціца, якая арандавала маёнтак. Бацька Яна, Тадэвуш Чачот, неўзабаве пайшоў служыць аканомам да пана Тызенгаўза, і сямя пераехала ў Новую Мыш пад Баранавічы, адкуль юнак падаўся на вучобу ў Навагрудак. У Навагрудскай дамініканскай школе ён з першага класа пасябраваў з Адамам Міцкевічам, з якім некалькі гадоў сядзеў за адной партай. Вучні мелі сваю форму, насілі белыя каптуры, аднак белакаптурныя хутка расчараваліся ў схаластыцы і дагматызме казённых навук. Студэнцкая моладзь Віленшчыны патрабавала нацыянальных, сацыяльных і палітычных свабод для простага народа роднага беларускага краю.
У верасні 1817 г. студэнты Віленскага ўніверсітэта арганізавалі тайныя таварыствы філаматаў (аматараў навук) і філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні). Галоўнай мэтай, якую ставілі перад сабою філаматы, была асвета роднага краю. У таварыства філаматаў уваходзілі сябры-землякі з Навагрудчыны: Ян Чачот і геніяльны паэт Адам Міцкевіч, а таксама Ігнат Дамейка, пазней выдатны вучоны і падарожнік, рэктар чылійскага ўніверсітэта і нацыянальны герой Чылі, імем якога на званы горад у гэтай далёкай краіне, і горны ланцуг, і кветка, і мінерал. Філаматамі былі таксама паэт і грамадскі дзеяч Тамаш Зан, член тайнага таварыства Ваенныя сябры Міхал Рукевіч і інш.