Такі бунт пачуццяў у межах рэалістычнага апісання ўмеў перадаваць у беларускай літаратуры К. Чорны, які падкрэсліваў, што калі чалавек маўчыць значыцца, у яго многа важкага ў душы: у яго многа слоў (апавяданне Хвоі гавораць).
Рамантызмам напоўнена творчасць М. Зарэцкага аднаго з самых папулярных празаікаў у беларускай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст. Рамантычныя матывы шырока выкарыстоўваліся ў творах Я. Купалы Курган, Бандароўна, Раскіданае гняздо, Сон на кургане, Магіла льва і інш. Прыёмы рамантызацыі знайшлі праяўленне ў паэме Я. Коласа Сымон-музыка, у алегарычных апавяданнях цыкла Казкі жыцця, у творах М. Багдановіча Страцім-лебедзь, Цёткі Мора, З. Бядулі Салавей. Раманы, аповесці, апавяданні У. Караткевіча гэта лірыка-рамантычная проза, створаная на рэальнай гістарычнай глебе. Рамантычныя матывы адчуваюцца ў творах В. Быкава, Я. Брыля, І. Навуменкі. Аповесць А. Карпюка Данута пра каханне маладых герояў цалкам пабудавана на святлаценях рамантычнага ўспрымання: там, дзе каханая там святло, там, дзе яе няма, апускаецца цемра.
Літаратурная творчасць у новых гістарычных умовах
Старабеларуская літаратура паступова набывала выразныя дэмакратычныя рысы, агульначалавечы змест, насычалася народна-сказавымі, гутарковымі элементамі. Паўставала патрэба ў літаратуры разгалінаванай, якая выявіла б шматграннасць нацыянальнага свету беларусаў, у літаратуры глыбокай, разнажанравай. Але ўмовы для развіцця беларускай літаратуры заставаліся неспрыяльнымі.
Калі мы заглыбімся ў тоўшчу стагоддзяў, прасочым развіццё еўрапейскай культуры і на гэтым фоне разгледзім шляхі станаўлення беларускай літаратуры, дык убачым напачатку захапленне лацінскай мовай, якую ведаў кожны адукаваны еўрапеец. Затым прыйшла чарга народных еўрапейскіх моў, грубых, неапрацаваных, але жывых (М. Багдановіч), на якіх ствараліся сапраўдныя духоўныя каштоўнасці многіх народаў. Так сталася, што беларусы, застаўшыся ў складзе ВКЛ, захавалі глыбокія, старадаўнія славянскія карані. Писарь земски (дзяржаўны служачы. У. Н.) маеть по-руску (па-беларуску. У. Н.) литерами и словы рускими вси выписы, листы и позвы писати, а не иншимъ езыкомъ и словы так патрабаваў Статут ВКЛ 1588 г., паводле прадпісанняў якога дзяржаўны ўклад атрымліваў беларускія нацыянальныя формы. Адбывалася інтэнсіўнае збліжэнне з Заходняй Еўропай. Агульны ўздым еўрапейскай культуры ў эпоху Адраджэння не мог не паўплываць і на рост культуры Беларусі, у развіцці якой прымалі ўдзел гарады, асабліва тыя, што мелі магдэбургскае права. У паасобных школах на Беларусі ўжо ў той час выкладанне вялося на пяці сусветна вядомых мовах, засноўваліся друкарні, адкрываліся вышэйшыя навучальныя ўстановы (напрыклад, Полацкая езуіцкая акадэмія з правамі ўніверсітэта). Усё гэта, разам сабранае, паводле выказвання М. Багдановіча, вылучала Беларусь на адно з першых месц сярод культурнага славянства.
Залаты век у гісторыі беларускай культуры закончыўся пасля абяднання ВКЛ з Рэччу Паспалітай. Надышлі іншыя часы і іншыя парадкі. Найперш істотныя змены адбыліся з адменай выкарыстання беларускай мовы, паступовым выцясненнем яе з ужытку мовай польскай.
Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) паміж больш моцнымі Германіяй, Аўстрыя і Расіяй прывялі да таго, што беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Паланізацыя спынілася, але распачалася не менш пагражальная для беларускай культуры актыўная русіфікацыя. Адмаўлялася культурна-этнічная самабытнасць беларускага народа, скажалася яго гісторыя. У 1840 г. цар Мікалай I забараніў ужыванне назваў Беларусь і беларусы. Было ўведзена штучна ўтворанае паняцце Северо-Западный край. Беларусь, такім чынам, стала правінцыяй, ускраінай Расіі. Ды немагчыма было спыніць духоўнае жыццё народа. Падымаліся з народных нізоў паэты-самавукі, пакідалі ўлонне польскай культуры і цягнуліся да беларускага слова лепшыя прадстаўнікі шляхты, якія праявілі сапраўдную грамадзянскую мужнасць у сваёй вернасці нацыянальным караням.
Прыкладам такой вернасці быў паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч, 18231862), які працаваў на паграніччы дзвюх культур. Як правіла, тыя пісьменнікі, што выступалі ў сваіх творах на баку сялянскай беднаты, абавязкова прыходзілі да беларускага слова. У. Сыракомля адным з першых адчуў неабходнасць нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў. Тэматыка большасці яго твораў антыпрыгонная, беларуская, хаця пісаў ён пераважна на польскай мове. Першы надрукаваны верш У. Сыракомлі Паштальён (змешчаны ў часопісе Атэнэум) у перакладзе Л. Трэфалева на рускую мову лёг у аснову рускай народнай песні Когда я на почте служил ямщиком. У сваёй творчасці паэт выкарыстоўваў фальклорныя сюжэты і вобразы, апрацоўваў беларускія народныя песні. Вядомы і беларускія вершы У. Сыракомлі Ужо птушкі пяюць усюды, Добрыя весці.