У канцы XVI ст. і асабліва ў XVIII ст. развіваліся драматургічныя жанры. Шырока была распаўсюджана ў Беларусі школьная драма. Творы, якія ставіліся ў брацкіх школах, езуіцкіх калегіумах, ствараліся на лацінскай і польскай мовах, таму што сам школьны тэатр узнік як сродак удасканальвання лацінскай мовы, выхавання пэўных эстэтычных густаў і толькі пазней выкарыстоўваўся для пашырэння рэлігійных ідэй. У межах школьнай драмы развіваўся жанр інтэрмедыі камедыйных сцэнак на бытавыя тэмы. Інтэрмедыі выконваліся ў асноўным на беларускай мове. Персанажамі, якія дзейнічалі ў сцэнках, былі селянін, казак, салдат, карчмар, чорт, шкаляр, пан. Яны паўставалі ў творах у смешным, карыкатурным выглядзе. Менавіта драматургія нізкіх жанраў стала ў далейшым вытокам новай беларускай літаратуры.
Школьны тэатр і адпаведна драматычныя жанры на Беларусі развіваліся ва ўлонні розных рэлігійных канфесій. Езуіцкія школьныя тэатры існавалі ў Полацку, Пінску, Гародні, Віцебску, Брэсце, Оршы і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. У Полацку вучні праваслаўнай брацкай школы пры Богаяўленскім манастыры выконвалі дэкламацыі, напісаныя спецыяльна для гэтай мэты Сімяонам Полацкім. У Слуцку пратэстанты наладжвалі школьныя тэатральныя паказы.
Сюжэты школьных драм чэрпаліся з біблейскіх крыніц, агіяграфічнай і гістарычнай літаратуры, антычнай міфалогіі. З развіццём асветніцкіх ідэй школьная драматургія набывала ўсё больш свецкі характар, спектаклі рыхтаваліся пераважна на польскай мове. Паказальным у гэтым сэнсе быў школьны тэатр Забельскага дамініканскага калегіума (зараз в. Валынцы Верхнядзвінскага раёна), які дзейнічаў у канцы XVIII ст. Менавіта там працавалі прафесарамі рыторыкі і паэзіі К. Марашэўскі, аўтар арыгінальнага драматычнага твора Камедыя, і М. Цяцерскі, аўтар камедыі Доктар па прымусу. Вядома камедыя Пышнагольскі І. Юрэвіча.
Песы для школьных тэатраў звычайна мелі 35 актаў, пісаліся сілабічным вершам.
Тэатральная культура развівалася і ў магнацкіх рэзідэнцыях. Драматычныя, оперныя і балетныя спектаклі ставіліся ў прыдворных тэатрах Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскіх у Слоніме, Тызенгаўзаў у Гародні, Зорыча у Шклове. Акцёрамі магнацкіх тэатраў, музыкантамі былі, як правіла, прыгонныя, таленавітыя самародкі з народа.
Высокі эстэтычны ўзровень пастановак забяспечвала многае, у тым ліку тэхнічныя магчымасці сцэны. І сёння здзіўляе і ўражвае апісанне тэатра Агінскіх у Слоніме. Глядзельная зала мела 2 тысячы месц. Пры неабходнасці сцэна рассоўвалася і ўтвараўся вадаём, дзе выканаўцы роляў плавалі на лодках. Дэкарацыі тэатральных пастановак былі максімальна набліжаны да натуральных карцін прыроды.
Пры тэатральных трупах існавалі музычныя капэлы з прыгонных музыкантаў, якія выконвалі не толькі творы прыдворных і вядомых на той час замежных кампазітараў, але і народныя песні, беларускія канты.
Развіццё новых жанраў і літаратурнай мовы, удасканаленне апошняй, заглыбленне аўтараў ва ўнутраны свет чалавека усё гэта надавала літаратуры новыя якасці, больш дэмакратычнае гучанне.
Тэатр на Беларусі быў шматмоўны, як і ўся культура таго часу. Паасобныя спектаклі ішлі на 8 мовах свету. Часцей са сцэны гучала польская мова, бо паводле сеймавых пастаноў 16961697 гг. Рэчы Паспалітай беларуская мова страціла статус афіцыйнай.
Нацыянальная драматургія ў такіх умовах не магла развівацца. Аднак нельга было стрымаць імкненне беларуса да самавыяўлення. Тэатральная культура мела высокі ўзровень, бо вытокі гэтага мастацтва у невычэрпных фальклорных крыніцах.
Менавіта з фальклорнай творчасці паходзіць мастацтва беларускай батлейкі, якая бытавала з XVI ст. да пачатку ХХ ст. Кананічны тэкст драмы Цар Ірад перамяжоўваўся інтэрмедыямі больш свецкай тэматыкі, напісанымі ў сатырычным плане.
Вышэйшым дасягненнем народнай драматургіі зяўляецца песа Цар Максіміліян, паказы якой таксама чаргаваліся з інтэрмедыямі бытавога характару. Гэтыя драматычныя творы зявіліся той глебай, на якай узнік у далейшым прафесійны беларускі тэатр, асновай якога стала драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча.
Пытанні для кантролю1. Што характэрна для стылю барока?
2. Што ўключаюць у сябе паняцці высокае, сярэдняе, нізкае, ці мужыцкае, барока?
3. Якое значэнне меў стыль барока для развіцця мастацтва слова?