Стылі мастацкай культуры заставаліся тыя ж самыя, але ў эпоху Асветніцтва набывала асаблівае значэнне імкненне да геданізму (ад грэч. hedone асалода, вяселле, задавальненне), пачуццёвага задавальнення ад судакранання з мастацтвам, ад яго ўплыву на душы і сэрцы людзей.
У 1773 г. на Беларусі ствараецца Адукацыйная камісія першае, па сутнасці, Міністэрства народнай асветы на тэрыторыі тагачаснай Еўропы. Аднак на нашых землях асветніцтва ахоплівала ў асноўным шляхту і магнатаў, мела элітарны характар, амаль зусім не закранала сялянства, гарадскіх рамеснікаў, панскую чэлядзь. Ганаровую асветніцкую місію для простага люду на доўгія гады наперад узяла на сябе беларуская літаратура. Мастацкае слова смела пранікала ў народ. Беларуская літаратура, якая была прадстаўлена тады яшчэ бытавымі замалёўкамі, апавяданнямі, ананімнымі творамі, анекдотамі, вершаванымі пераказамі біблейскіх сюжэтаў, з гонарам выконвала сваю пачэсную асветніцкую задачу уздымала агульную культуру народа, далучала да мастацтва слова гаротны люд, замацоўвала ў свядомасці народа перавагу навукі, розуму ў жыцці асобы і грамадства.
Адначасна з павышэннем высокіх еўрапейскіх мастацкіх стыляў, з перайманнем і трансфармацыяй іх на беларускамоўную глебу актыўна развіваліся мясцовыя стылі і адметныя выяўленчыя традыцыі беларускага мастацтва слова.
Вершаскладанне і драматургія
З XVI ст. на Беларусі пашырылася вершаскладанне. Спачатку ў гэтым жанры пераважала царкоўна-рэлігійная тэматыка, затым паступова паэтычныя творы набывалі свецкую накіраванасць. Пісаліся эпіграмы, прысвячэнні, літаратурныя ляманты і паэтычныя плачы, палемічныя, павучальна-дыдактычныя і сатырычныя вершы. Працавалі ў паэтычных жанрах Андрэй Рымша, Стафан і Лаўрэнцій Зізаніі, Сімяон Полацкі.
Калі гаварыць пра паэзію XVIXVII стст., дык варта прыгадаць, што самыя першыя ўзоры беларускага вершаскладання знаходзім мы ў прадмовах і пасляслоўях да кніг Францыска Скарыны. Прыкладна на той жа час на пачатак XVI ст. прыпадае росквіт новалацінскай паэзіі, у якой вылучаліся Мікола Гусоўскі, што стварыў славутую Песню пра зубра, а таксама Ян Вісліцкі, які напісаў паэму Пруская вайна (1516), прысвечаную Грунвальдскай бітве. У першай рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага (1529) быў змешчаны верш Яна Казіміра Пашкевіча Польска квітнет лаціною (1621), які раскрываў асноўныя тэндэнцыі часу ў грамадскім жыцці, а таксама ў вершаскладанні.
Сімяон Полацкі
Писах в начале по языку тому. Иже свойственный бъл моему дому, адзначаў царкоўны дзеяч, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч, 16291680), які стаў найбольш значнай фігурай у паэзіі XVII ст., распрацаваў паэтыку (асновы, тэхніку) вершаскладання. Пасля сканчэння Кіева-Магілянскага калегіума Сімяон Полацкі служыў у Богаяўленскім манастыры ў Полацку, а потым у Маскве, вучыў дзяцей цара, сярод яго вучняў быў маленькі Пётр I. Сімяон Полацкі распрацаваў новы паэтычны жанр дэкламацыю, выдаў некалькі паэтычных зборнікаў. У сваіх вершах шырока выкарыстоўваў біблейскія сюжэты. У творах узнімаў вострыя філасофскія праблемы. З імем Сімяона Полацкага звязана зараджэнне ўсходнеславянскага барока, якому ўласцівы драматызм, патэтыка, складанасць формы. У далейшым на працягу ста гадоў развіцця беларускай літаратуры складвалася цэлая галіна паэтычнай творчасці, якая вызначаецца эстэтыкай барока. Гэта былі павучальныя духоўныя вершы і канты (харавыя песні-гімны) і шматлікія творы свецкай паэзіі грамадска-філасофская, песенна-інтымная лірыка, а таксама гумарыстычныя і парадыйна-сатырычныя вершы. Побач з высокім барока, якое адпавядала эстэтычным густам арыстакратаў, заможнай шляхты, у беларускай літаратуры развівалася сярэдняе і нізкае барока, у такім стылі ствараліся ўзоры парадыйна-сатырычнай, панегірычнай і песенна-інтымнай лірыкі. Але, мажліва, менавіта яны станавіліся найбольш распаўсюджанымі ў народзе, іх асабліва любілі простыя людзі, перадаючы з пакалення ў пакаленне. У вуснай паэтычнай форме творы Сімяона Полацкага доўга бытавалі на Беларусі. Многія з тых першых вершаваных спроб арганічна ўвайшлі ў скарбонку вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, сталі неадемнай часткай беларускага фальклору, заклаўшы трывалыя традыцыі народнай песеннай творчасці.