Песецкий Сергей Михайлович - Гляну я ў аконца

Шрифт
Фон

Сяргей ПясецкіГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...Менская трылогія.Кніга другая

УСТУП АЎТАРА

У рамане «Яблычак» я па меры магчымасцей пазбягаў выразаў і зваротаў зладзейскага жаргону. Я рабіў гэта, шкодзячы раману, каб не абцяжарваць змест спасылкамі і не адцягваць увагі чытача У гэтым рамане я буду крыху больш шчодра карыстацца зладзейскім жаргонам, бо лічу, што інакш згубяцца характэрныя рысы некаторых герояў. У прасцейшых выпадкахтам, дзе можна выхапіць значэнне жаргонных выразаў са зместу,  я не буду даваць адмысловыя тлумачэнні.

Адзначу: зладзейскі жаргон, якім карыстаюцца героі гэтага рамана, неаднародны, напрыклад уцёкі злодзеі апісваюць словамі «валіць», «джгаць», «плітаваць», «ліняць», «сігаць», «драпаць», «даваць гвінта». Стаяць на варце: быць свечкай, стаяць на строме, стаяць на ліпцы, цынкаваць. Папярэдзіць: даць зэкс, даць цынк, даць абцынг. Крадзеныя рэчы: барахло, авантыж, фацыент, шмокты, лахі. Агент: мосер, гінт, сабака, лягавы. Нязлодзей: фей, карась, фраер, жлоб, шкоп, хам, гад, звон, балон, туман, шпагат (інтэлігент). Выраз «ліпа» мае шмат значэнняў: фальшывы пашпарт, ліпыфальшывыя грошы. Ёсць рэдкія жаргонныя выразы, яны амаль незразумелыя, напрыклад: оксылёс, а ёсць выразы часцейшыя: пяхотакуры.

Я не мовазнаўца і не спецыяліст у галіне даследавання мовы злачынцаў, таму не буду развіваць гэтую тэму. Зрэшты, цяпер гэта і не мая мэта. Скажу толькі, каб зарыентаваць чытача, што згаданыя вышэй выразы з ужытку тагачасных менскіх злодзеяў (дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года) паходзяць з розных раёнаў Польшчы і Расеі, паколькі на той час у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых разнастайных раёнаў былой Расійскай імперыі.

ЯСЬ НАДЗЯВАЕ ТОГУ ЛІТАРАТУРНАГА КРЫТЫКА

Змрок залівае Камароўку. Дождж сыпле і сыпле. Дзесь далёка неахвотна, нізкім басам адгукаецца сковер Без усялякай нагоды, для забавы. Можа, голас спрабуе або падбадзёрвае сябе.

Бондараўскім завулкам шыбуе Ісай. Кумпалам ліхтары бе, нагамі па брудзе выпісвае, з парканамі вітаецца. Уся вуліцаягоная. «Скокі» ў яго шаўровыя, гусарскія, гармонікам збіраюцца ля долу халяваў. Шапка з лакіраваным брыльком па-заліхвацку заламаная набакір, а з-пад яе задзірыста, па-казацку, чубіцца кудзер валасоў. Пінжак расхрыстаны. Рукікулакамі, кулакіу кішэнях. Шалік ззаду развіваецца, быццам пірацкі сцяг. Адразу бачна: керны хойрак плыве.

Ісайані злодзей, ані альфонс, хоць у розныя перыяды свайго жыцця і хадзіў тымі сцежкамі. Хутчэй стырачнік: падчас кірмашоў на Траецкай гары ў «чырвона-чорнае» хамаў абрабляе. А так напраўду, то і не стырачнік, а звычайны камароўскі хуліган. Сёння ён напіўся. Прымазаўся да хлопцаў пры грашах і гульнуў на халяву. Цяпер шыбуе завулкам, а як бачыць, што здалёк хтось ідзе, то зігзагі вырабляе карацейшыя і часцейшыя: зачэпкі шукае.

Бондараўскі завулак цесны Цесны, крывы, брудны. Малыя драўляныя дамкі ў пярэпалаху разбегліся ў розныя бакі, прыселі і заплюшчылі вочы. Толькі дзе-нідзе, праз шчыліны ў дзвярах ці аканіцах, праслізгваюць жоўтыя штылеты святла і, быццам у смале, вязнуць уначы Гэта апошняя вуліца дзікага прадмесця МенскаКамароўкі. Апошняя як з гледзішча размяшчэння, так і з гледзішча бяспекі. Фраеры сюды нават удзень зазіраюць неахвотна, мянты прыходзяць узброеныя, групамі на некалькі або і дзясяткам з гакам чалавек. Адсюль, як у джунглях, разбягаюцца сцежкі, але не звяроў, а паляўнічых. Сцежкі тых, хто шаберам зрывае замкі і прабоем, адмычкамі пранікае ў самыя таемныя сховы Бо і звярына ў іх незвычайная: пільнуюць яе зграі двухногіх дрэсіраваных сабак, закутых у сталь і закон Сюды паляўнічыя вяртаюцца са здабычай. Або не вяртаюцца доўга, а часам і ніколі не вяртаюцца Тут жывуць, гуляюць, пакутуюць і кахаюць, але ніколі не паміраюць. Можа, саромеюцца смерці.

Ісай патануў дзесь у змрокудзесь там, за апошнім заўважным у цемры газавым ліхтаром, што служыць для згушчэння змроку і рассейвання па свеце смутку. А вось са Сляпянскай вушцы выкаціўся Фіська. Таксама пяны. Сёння ён пальнуў з патоку мяшок аўса і апыліў сваёй вернай скупшчыцы Лаі. Цяпер паточнік трымае курс на маліну, увесь час усміхаецца, жэстыкулюе і з кімсьці размаўляе. Яму весела і добра. Увесь свет да сваіх зладзейскіх грудзей прытуліў бы і гамірай пачаставаў. Знай фартовага! Як выруліў крутым зігзагам у Бондараўскі завулакнаймілейшы порт,  сарваў шапку з галавы і, трасучы ёй у паветры, заспяваў:

Калі будзеш з блатным жыць,

Будзеш золатам ільсніць!

Мама, злодзея люблю!

Гэй-я!

Мама, злодзея люблю!

Гэтая песня выклікала сварку ў бліжэйшым дамку. Ужо два гады там жыла без шлюбу, але ў дабраным таварыстве пара, і амаль кожная размова ў іх заканчвалася сваркайінакш яны б і месяца адно з адным не вытрымалі. Гэта былі фармазон Пецька Бык і даліншчыца Кася Залатая Труба. Пецька Бык, шырока пазяхаючы, бо ўсім сэрцам знудзіўся, з цяжкасцю прамовіў:

 Фіська прэ-эцца Пры заро-о-бку!

 Ага, пры заробку!  іранічна фыркнула Кася.  У каня сняданак пальнуў.

 Фіськахлопец фартовы!  пацвердзіў Бык.

 Угу Як сядло ў каровы,  іранізавала Кася.  А блатны з яго, як з цябе, адно паветра псуяце.

Кася Залатая Труба бліснула вокам на палюбоўніка, чакаючы выбуху. І не памылілася. Пецька пачырванеў, апусціў галаву долу (таму і Бык) і рыкнуў:

 Што-о?

 То-о!  перадражніла яго Кася, надзьмуўшы ніжнюю губу і ўзяўшыся ў бокі.

Адначасова яна акінула позіркам пакой у пошуках адпаведнай прылады для абароны: «Хапану хіба качаргу».

Пецька Быкперсанаж незвычайны. Уявіце сабе: морда як фарбаваная цэгла, нос бясформенны, доўгі, як спелы агурок, і сіні, як сліва. Вушы амаль вісяць. Вочы-разынкі плаваюць у жоўтых згустках флегмы.

Ані веек, ані броваўтакі падпалены на агні блінец. Дзіўна нават, што Каська Залатая Труба не спусціла такое таварыства ў трубу. Сама яна таксама нічога надзвычайнага, але самавітая: клубастая, грудастая і азадкам адпаведна ёмкая. Акрамя таго, спрытная дзеўка. І з харчамі клёва ўпраўляецца. Не адзін горшы фартовец зайздросціць Быку і аблізваецца на ягоную каханку. У яго б даўно яе адбілі, але яна сама не хоча. Штосьці такое Кася знайшла ў ім і прыстала як смала.

Як толькі Кася ўзялася ў бокі са зедлівай мінай на твары, Пецька яшчэ ніжэй нахіліў галаву і прасіпеў:

 Шкура табе свярбіць!.. Свярбіць!.. Глядзі мне!..

 Ты, халера, булдавешкай не круці! Наіндычыўся, шляга фраерская!  пішчала Кася, задзірліва круцячы задам, а падбароддзем быццам свідруючы паветра.

 Ой, глядзі! Глядзі!  хрыпеў Бык.  Бо я табе зяпу запячатаю!

 Зараз жа, запячатаеш! Ведаю я цябе: смелы, як стары Абрам, што праз фортку на рудога сабаку крычаў.

Кася, сыплючы бліскавіцы з вачэй, паддрыпала да Быка і яшчэ вышэй задрала падбароддзе.

 Ой, запячатаю!  усе цяжэй хрыпеў Бык палатнеючы.

 Калі рыба задрышча, рак засвішча, курыца заверашчыць, карова паляціць Не падабаецца яму. Гройсэ ганэф! Забыўся ўжо, як курам у дулы дзьмуў!

Намёк тычыўся былога занятку каханка, які перакупам хадзіў па вёсках. Цяпер ён гэтага саромеўся. Пецька Бык не вытрымаў: вылупіў вочы і паволі ўстаў з крэсла. Гаварыць ён ужо не мог, толькі хрыпеў.

 Ого, як наіндычыўся!.. Не падабаецца яму!  пішчала Кася, усё больш задзірыста надзімаючы губы.

Пецька Бык зрабіў крок наперад, перабіраючы пальцамі рук, быццам знянацку апаранымі. Кася таксама выступіла наперад.

 Бач ты: фартоўца знайшоў! Фіська і фартовец!

 Фартовец!!  выгукнуў Бык.

 Ага,  піскнула Кася.  Сам у мультановым гальштуку ходзіць, а шмара ягоная ў зрэбных майтках!.. Фартовец!.. Цягнецца, што той дым па дахах. Тхара ў куратніках падмяняе. Бабам «усю пяхоту» падушылі! Блатныя!

І яны зрабілі яшчэ два крокі наперад. Бык усё больш бялеў і хмурнеў, Кася чырванела і запалялася. Быку заняло мову, ён цяжка дыхаў. Кася тарахцела ўсё жывей. І сварка дакладна скончылася б біццём посуду і крушэннем рэчаў наўкола (сабе самім яны наносілі найменш шкоды), але ў дзверы пастукалі. Гэта адбылося, калі яны ўжо амаль сутыкаліся лбамі. Гаспадыня кватэры Кацярына Сперда прыйшла да Касі чагосьці там у яе пазычыць. Кася пайшла адмыкаць дзверы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке