Палашы, рапіры, шаблі, стрэльбы цьмяна люстравалі святло лампадкі. Выглядала крыважэрна, хаця насамрэч гэтая зброяпростая, жаўнерская, даўно стамілася ад сваёй працы, тут жа не захоўвалі парадныя карабелы ці дамаскую сталь. Толькі старая зброя і здратаваны раб могуць быць шчаслівыя проста ад таго, што на іх забыліся. Бутрым, як і Пранціш, апрануўся, падперазаўся, сунуў за пояс пісталет і шаблю.
Спадзяюся, гэтая лухта да Саламеі не дойдзе. прасіпеў Лёднік.
Ну чаму ж лухта.
Грос нахіліўся да Чорнага Доктара і загаварыў таямніча-даверліва:
Між намі кажучы, у вас ёсць добры шанец. Пані Тэрэза вамі ўсурёз зацікавілася. Як яна думае трымаць вас ля сябе, не ведаю, але фантазія ў яелюбы патомны гарадскі кат пазайздросціць. Да таго ж, вы былі амаратам самой расейскай імператрыцы, што не можа не інтрыгаваць.
Плёткі!
Лёднік пыхкаў агнём, як праўдзівы цмок. Задаволены Грос пакланіўся:
Ну, рушніком дарога!
Але гладкай дарогі не атрымалася, бо на калідоры пачуўся жаночы крык, абураная лаянка і лязгат сталі.
Бутрым і Вырвіч з аголенымі шаблямі выскачылі на калідор. Алесь біўся з двума гайдукамі, захінаючы сабой збялелую Праксэду. Тую было не пазнацьдарагая сукенка з сіняга аксаміту, брабанцкія карункі, перліны, танклявы стан, зацягнуты ў гарсэт, высокая набеленая фрызура, упрыгожаная таксама перлінамі. З дзвярэй пакоя, адкуль спрабаваў вывесці даму Алесь, высоўваліся злосныя кабеты, што намагаліся ўхапіцца за Праксэду, а тая, закусіўшы вусны, адбівалася нечым бліскучым. Пазалочанай падстаўкай для парыка, здаецца.
Раззлаваны Чорны Доктаргэта вам не дамскі веер, адлятаюць ад яго далёка. Дый былы каралеўскі драгунне трэсачка. Калідор увобмірг расчысцілі.
Што здарылася?
Алесь выцер лоб. На шчацэ ў яго цямнеў свежы шнар нейкай дзіўнай формы.
Добра, я за дзвярыма стаяў. Прымушалі панну вымыць твар адмысловай парфумай. А гэта была кіслата. Воцатная, высокай канцэнтрацыі.
Я адразу характэрны пах учула, задыхаючыся, прагаварыла Праксэда. Пан Алесь на мой крык уварваўся, абараніў, дык пакаёўка мне ў твар лінула. Ён захінуў.
Вось адкуль на шчацэ дактаровіча свежы шнар, дакладней, апёк!
Грос, выслухаўшы гісторыю, не стрымаў ціхай лаянкі на лаціне. Прасіпеў паненцы:
Зараз жа схавайце вочы.
Алесь прытуліў да сябе скурчаную дзяўчыну, накрыў з галавой сваім футрам, трымаючы ў другой руцэ шаблю напагатове.
Грос гучна абвесціў жаўнерам, што запаланілі калідор на пачцівай адлегласці, і прыслузе:
Адбыўся няшчасны выпадак. Паненцы парфума трапіла ў вочы, яемосць аслепла. Расступіцеся, яе трэба адвезці туды, дзе яе палечаць.
Пры гэтай абвестцы злыдні-пакаёўкі, здавалася, з палёгкай уздыхнулі.
Грос жэстам намякнуў бандзе Чорнага Доктара: час сыходзіць.
Усаджваючы гасцей у карэту з гербам Ржавускіх, прамармытаў:
Выбачайце, гэта ад пані Тэрэзы... імправізацыя. Спадзяюся, больш ніколі не пабачымся.
Коні ірванулі, бы ад ваўкоў. Неба пачало шарэць, хаця толку ад тае зімовай хмурнай раніцы... Па абодва бакі карэтыузброеныя вершнікі. Праксэда, захутаная ў дарагое бабровае футра, усхвалявана дыхала, але не плакала. Яна глядзела на дактаровіча, чый профіль у прыцемку здаваўся рыхтык бацькавым. Асцярожна пакратала яго шчаку:
Трэба неадкладна нейтралізаваць кіслату. Утворыцца глыбокая рана.
Алесь пачціва адвёў яе руку:
Усё роўна няма чым. Вадой нельга. Карбанату натрыя пад рукой не маецца.
Праксэда ірванула з сябе жамчужныя каралі.
Пан Вырвіч, пазычце ваш пісталет.
Ну вось хто б мог дадумацца, што незараджаны пісталет можна выкарыстоўваць як ступку, дакладней, гэткую расціскалку для перлін? Та-ак, Пранціш сто разоў падумаў бы, перш чым падкаціцца да такой паненкі. Усе рухі вывераныя, упэўненыя, моцныя. Раз-разі цягнецца з утвораным парашком да параненай шчакі свайго рыцара.
Тут якраз утрымліваецца падобнае да соды рэчыва.
А Лёднік жа спецыяльна затаіўся, не ўмешваецца. Паблісквае ў прыцемку вачыма ўхвальна, удае, што дрэмле. Ну і Пранціш далікатна стрымаў жартачкі.
Вучоная паненка ўздыхнула:
Усё роўна шнар застанецца.
Лухта.
А дзе ж абавязковыя для куртуазнай размовы пляценні пра тое, што шнары сведчаць пра вернае служэнне рыцара даме? Яшчэ некалькі месяцаў таму Алесь абавязкова б штось такое выдаў. Цяперне. Вось і паненка маўчыць ды зіркае на хлапца час ад часу. Пераводзіць позірк на старэйшага Лёдніка. Зноў на ягонага сына, які скрыжаваў на грудзях рукі ды глядзіць перад сабой. Параўноўвае?
Вы... нядаўна перахварэлі воспай, пан Алесь? У вас пустулы. Ля скроні.
Было. хмыкнуў хлапец. У горадзе Пацучынага Караля.
Пранцысь не стаў мяшацца ў размову і аздабляць яе сваім літаратарскім талентам. Вось вернецца ў Капанічы, дастане няскончаны рукапіс пра авантуры бравага рыцара Плексігласа (наконт імені аўтар яшчэ вагаўся), і страшная гісторыя пра горад пацукоў і іхняга ўладара прыкрасіць сюжэт. А пакуль хай Аляксандр распавядае
Нас суправаджаюць чацвёра, адрывіста перарваў рамантычныя гісторыі ў экіпажы доктар, уважліва ўглядаючыся ў прыцемак за акном. Фурманпяты. Паколькі аніяк нельга, каб нас завезлі ў Падгарэцкі замак, чакаць абяцанага вызвалення будзем не да апошняга. Зброя, дзякуй Гросу, ёсць.
Пранціш згодна кіўнуў.
Лепш за ўсё ўсчаць інкурсію, калі ў лес заедзем.
І прывычна пачаў рыхтаваць адабраны ў паненкі пісталет да магчымай сутычкі ды насвістваць страшнаватую песню пра лёс мазуровай кабылы.
З зубоў будуць пацеркі,
З зубоў будуць, ой лігі-цігі-лігі-рулі,
Ой ды з мазурамі пацеркі.
З капытоў будуць кубачкі.
З капытоў будуць, ой лігі-цігі-лігі-рулі,
Ой, ды з мазурамі кубачкі.
Праксэда, знайдзі якую хустку. Перавяжы вочы і нікому з чужых іначай не паказвайся, загадаў старэйшы Лёднік, не выпускаючы дзяржальна шаблі. Хай усе думаюць, што пасланцам пані Тэрэзы ўсё ўдалося, і ты аслепла. Грос сказаўпані загадала відушчую цябе ў жывых не пакідаць.
Асістэнтка паслухмяна кіўнула і закруцілася, шукаючы прыдатную тканіну.
Што ж твае вочы такога бачылі, што пані Тэрэза захацела цябе ці са свету прыбраць, ці хоць асляпіць? задумліва прамовіў Бутрым.
Каб я ведала, пан доктар...
Паненка засмучана круціла ў руках сінюю шаўковую стужку, непачціва адарваную ад дарагой спадніцы.
Мне трэба было западозрыць нядобрае ўжо тады, калі пані яшчэ ў Гародні параіла мне ўсё з сябе зняць, пераапрануцца ў новае. Каб не пакінуць нават дробязі, якая стане нагадваць пра... мае мінулыя грахі.
Вось як паненка развіталася з рэчамі, што засведчылі асобу забітай у Менску няшчаснай
Паслухайце, панна Брастоўская, раптам асяніла былога менскага суддзю. Ці не было ў доме пані Тэрэзы, сярод яе прыслугі, знаёмых ці проста выпадковых гасцей якой-небудзь цяжарнай кабеты? З валасамі такога ж колеру, як вашы. Каб хударлявая, высокая. Не прыпамінаеце?
Асістэнтка прыкусіла губувось ужо дарэмна намагаліся пакаёўкі Белакамскага замка бяліць, румяніць яе ды фарбаваць вусны самай моднай памадай, паненка відавочна была абыякавай да моды, вунь ужо і тафцяную мушку, акуратна прыклееную на левую шчаку, пазногцем няўважна здзерла. Зрэшты, пані Дамініка Вырвічава гэткая ж. Перапэцкаецца ў фарбах, аблічча натхнёнае. Муж у вушка цалуе, а яна пэндзлем адмахваецца.
Салодкія ўспаміны перарваў напружаны голас Праксэды.
А ведаеце, і праўда, прыпамінаю. Калі я некалькі дзён хавалася ў гродзенскім доме хроснай, бачылабегала па двары прыслуга. Праксэда прыкрыла вочы, каб дакладней апісаць. Ніжэй за мяне на чатыры вяршкі, астэнічнага целаскладу. Валасы падобныя да маіх. Цяжарнасць ужо заўважная, пяты месяц, хоць прыкрывала фартушком. Нейкая... засмучоная. І цягала ўвесь час цяжкое. Я нават казала хроснай, каб не нагружала так небараку. Пані Тэрэза пахваліла мяне за... як яна казала... «залатое сэрцайка». Бо шкадую нават нявартых грэшніц. Я зразумела, што кабета не замужам.
І што з той прыслугай далей было? напяўся Пранціш.
Апошні дзень я яе не бачыла. Падумала, пані Тэрэза адаслала на лягчэйшую працу.