У пакой, трохі пахістваючыся, увайшла высокая худая паненка ў беднай шэрай сукенцы, якая вісела на ёй, як на калаціне. Валасы схаваныя пад белы просты каптур, твар збялелы, змучаны, вакол вачэй цёмныя цені, і вочы тыя пазіраюць у нікуды, у нейкую кропку сусвету, дзе няма хцівых людзей, жорсткасці і болю.
Але вось гэтыя вочы, няўважна прамінаючы ўсіх прысутных, спыніліся на доктары. Недавер нясмелая надзея шчасце Ого, якое шчасце! І ўсёза пару секундаў.
Танклявая шэравокая дзяўчына з усяе моцы абшчаперыла мужчыну ў падранай кашулі і плакала, уткнуўшыся яму ў шыю.
Лёдніка за адну ноч ажно дзве жанкі слязьмі вымачылі.
Але хто мог асудзіць Чорнага Доктара, які абдымаў сваю гаротную асістэнтку, нешта супакойваючае шаптаў і лёгка-лёгка кранаў вуснамі лоб? Хто мог асудзіць асістэнтку ў гэты момант? Не Пранціш, дакладна. І нават не Аляксандр. Бо радасці ад таго, што паненка жывая, было куды больш, чым нявартага рыцара болю, што паненка на яго не зважыла.
Нарэшце Лёднік адхінуў ад сябе дзяўчыну і павярнуўся да пані Тэрэзы, якая сузірала кранальную сцэну спаткання і пачынала змрачнець. Вой, каб зноў уладарка Белага Каменя не ўсхадзілася.
Вам трэба адпачыць, ваша княская мосць, пакланіўся Чорны Доктар. А гаворыць жа, як кот Варгун, не хочашпаверыш. Выспіцеся, як след. Вам мусілі прыгатаваць супакойваючы напой па маім рэцэпце. Мы не наважваемся далей назаляць сваёй дабрадзейцы. А я заўсёды гатовы даць кансультацыі пані.
Гэх, цяпер бы на калені па звычаі бухнуцца, ручкі-ножкі той дабрадзейцы расцалаваць. Як зрабіў бы кожны нармальны шляхцюк.
Пранціш скасавурыўся на ганарыстае змрочнае аблічча Лёдніка, засяроджаны твар дактаровіча, заплаканую Праксэду, якая, аднак, трымала спіну надзвычай роўна
Не, сармацкія звычаі не для гэтых.
На вялікае шчасце, пані Тэрэза яшчэ не дарэшты ачомалася ад прыступу. Таму толькі вяла махнула рукой і ўпала на падушкі.
Грос уласнаручна выштурхаў гасцей са спачывальні.
Цяпер паспець бы пакінуць замак з белага, шэрага і крывавага камення.
Раздзел трынаццатыЯК ПАННУ ПРАКСЭДУ АСЛЯПІЦЬ ХАЦЕЛІ, А ТАДЫ ЗАРУЧЫЛІ
У паўзмроку дзесь крапала вада.
А можа, цікаў гадзіннік.
Або драпаў кіпцем камяні дамавік у чаканні сваёй яешні.
Лампада ды свечка Вось і ўсе светачы гэтага пакоя.
Не, не вязніцы. Наадварот, збройнівунь пабліскваюць цьмяна шабелькі ў падстаўках А тры шабелькі, няхай не самыя дарагія, так, аўгустоўкі, без аздоб на вузкіх сталёвых абліччах, знайшлі новых гаспадароў. Дакладней, чатыры шабелькі Бо панна Праксэда таксама выхапіла сабе звонкую рэпліку вайны. Вунь, сядзіць на лаўцы ў белым каптуры, худая, бледная, шэрыя вочы рашуча пабліскваюць, а да калена прыхінуты клінок. Што ж, са зброяй у руках, нават калі не асабліва ўмееш карыстацца, надзейней.
Сюды гасцей з няпэўным статусам завёў Грос. Загадаў чакаць. Замакне карчма, не ўвойдзеш і не выйдзеш папросту. А тым большноччу. Нехта мусіць адамкнуць цяжкую жалезную браму, адну, другую. Апусціць падёмны мост.
Разумна, доктар. Недаацаніў я цябе, скрозь зубы прасіпеў на развітанне езуіт. Расцвеліць варятку. Справакаваць прыступ падучкі. Прафесійна зроблена.
Не мяркуйце па сабе, пан Зыгмунд, я хацеў толькі дапамагчы хворай, угневана ўскінуўся Лёднік.
Але езуіт, ясная рэч, застаўся пры сваім меркаванні.
Пранціш напружана прыслухоўваўся да крокаў на калідоры Могуць да раніцы пратрымаць. А тадыці выпусцяць? На ўсялякі выпадак аббег пакой, пільна прыглядаючыся да ўсіх шчылінаў. Ці не збліснуць дзе за сцяной цікаўныя вочы?
Я так вінаватая Пані Тэрэза была са мной у Гародні дужа ласкавая Абяцала, што ні да чаго не змусіць Возьме ў Вену
Праксэда захлыналася віной, гледзячы на доктара, які хутаўся ў Пранцішаву світку, рукавы былі яму ледзь не па локаць.
Дарэчы Вырвіч так і не змусіў сябе прысесці, а ўсё выдыгваў па пакоі, углядаючыся ва ўсе падазроныя вышчарбіны і цені. Чаму хросная абвесціла вас мёртвай? Вы ведаеце, што Бутрыма абвінавацілі ў вашым забойстве? Што мы яго са студні ў вязніцы ледзь паспелі дастаць?
Пранціш нават з нейкай злараднасцю чакаў, што дзеўка, з-за якой яны столькі нацярпелісяняхай і не па ейнай вінеусходзіцца ад жаху. Але ейная рахманасць адрасавалася, відаць, аднаму Бутрыму. Паненка толькі прыкусіла губу, і голас трохі сеў:
На ўсе пытанні адказ адзін, вашамосцьне ведаю. І нешта мне падказвае, што, калі мы даведаемся разгадку сваіх няшчасцяў, нашы жыцці будуць каштаваць яшчэ меней.
Так спакойна і трохі з горкім сарказмам мог бы адказаць сам Баўтрамей. Які, учуўшы пытанне і адказ, азірнуўся на асістэнтку і ледзь заўважна кіўнуў. Падобна, вучоная паненка прачытала ў кіўку тое, што было ёй важна, не злуецца, дараваў, і ўздыхнула з палёгкай. Бач, якое ўзаемаразуменне. А як Алесь збоку паглядае, не заўважаюць абое. Бедны хлопец.
Вам трэба апрацаваць апёк, пан Лёднік.
Панна Праксэда ледзь не бегма скіравалася да лампады, што асвятляла сумны твар Богамаці, перахрысцілася:
Думаю, тут можна здабыць драўлянага алею. Так, наліта дастаткова. І якасці някепскай.
Лёднік шчыльней захутаўся ў Пранцішаву світку, намагаючыся прыкрыць сляды княскага ўтаймавання. Сустрэўся позіркам з асістэнткай, якая ўжо стаяла перад ім, беражліва трымаючы ў далані здабыты алей. Зірнуў на сына.
Праксэда, не варта мітусіцца. Гэта дробязь
Вучоная панна вінавата апусціла вочы. Тонкая рука пачала дробна дрыжэць. Лёднік з няёмкасцю працягнуў сваю даланю:
Добра, пералі сюды, я апрацую
Пакуль Чорны Доктар мазаў апёк, асістэнтка адвярнулася, раз-раз, з дапамогай шаблі адкрамсала шматок ніжняй спадніцы:
Вось, пан доктар, для кампрэсу. Вымачыце ў алеі і прыкладзіце.
Нерашуча дадала:
Памагчы?
Бутрым незадаволена сціснуў вусны, кінуў яшчэ раз позірк на сына, які застыў дзюбатым птахам у куце.
Дзякую, спраўлюся сам. А як з тваім здароўем? Выглядаеш зняможанай. Галадала?
Не так, каб зваліцца, пан Баўтрамей.
На свежае паветра цябе, відавочна, не выпускалі. Ёсць траўмы? Унутраныя, паверхневыя?
Гэта так па-вучонаму гучыць пытанне «ці не білі?»
Не хвалюйцеся. Вы перажылі па маёй віне непараўнальна больш. Па волі Божай, са мной усё добра.
І зноў села на лаўку, сціснула рукі, апусціла вочы. Каб час ад часу, стараючыся рабіць гэта непрыкметна, кідаць позіркі на свайго прафесара.
Гэта не я падарыў табе пярсцёнак на дзень народзінаў, Праксэда, рашуча выціснуў Бутрым.
Відаць, вырашыў зясаваць сітуацыю ды абарваць рамантычныя марэнні панны, якая, дай волю, травой слалася б, расой пад ногі сыпалася свайму вызваліцелю. Паненка толькі больш унурылася.
Алесь ганарыста расправіў плечы, як перад смяротнай бойкай.
Мне шкада, вашамосць, што мой недарэчны падарунак спарадзіў непаразуменне.
Праксэда неўразумела перавяла позірк на дактаровіча, асэнсавала пачутае.
Пярсцёнак быў ад вас?
І вось дзіваАлесь не пачаў велягурыць альбо бянтэжыцца. Горкая, вельмі дарослая і вельмі лёднікаўская, усмешка скрывіла вусны. Юнак спрытна ўзняўся і адвесіў блазенскі паклон.
Перапрашаю за ваша расчараванне, чароўная панна, mea pulchra domina. Здараюцца ў маладосці такія вось памутненні розуму, выкліканыя парушэннем балансу цялесных вадкасцяў. Гіпакрат раіў лячыцца ад іх чамярыцай ды вадзянымі фіялкамі, але я, відаць, не далячыўся, вось і патрапіў са сваймі кукарэцыямі, як у проланку.
Пранціш ухвальна хмыкнуў. Падрос хлопец. Разумеелепей першым з сябе пасмяяцца. І Праксэда, падобна, здзівілася. Так з паненкамі часам і трэбаа не плесці ўвесь час вензелі паводле рыцарскіх раманаў.
Але ж знайшлі час высвятляць найтонкія нюансы сваіх куртуазных дачыненняў
Ведаеце, шанове, слухаючы вашыя гжэчныя лірычныя канверсацыі, я б спадобіўся напісаць цэлы раман. Вам нагадаць, што мы на нітачках у кашчавай боўтаемся?
Менскі суддзя абвёў позіркам спадарожных, якія прысаромлена прыціхлі.
Панна Праксэда, што ведаеце пра нядаўні шлюб Якуба Радзівіла, брата старосты менскага?
Паненка нахмурылася:
Першы раз пра тое чую. Хросная, калі сюды везла, запэўнівала, што мае заручыны з ягамосцю Якубам больш нядзейсныя. Уздыхнула скрушліва. Але я цяпер думаю, што яна сказала б усё, што заўгодна, каб я з ёй паехала. Толькі апынулася тутпані Тэрэзу як падмянілі. Яна на мяне, як на смяццё Пасадзілі пад замок, на строгае пакаянне. Ніхто не наведваў, акрым турэмшчыцы. Добра, далі справурыхтавала мазі ды адвары. Можа, я проста перашкаджала шлюбу пана Якуба з іншай? Хаця яму, далібог, усё роўна.