Запэўніваю, што вам нічога не пагражае. Якапітан Белакамскага гарнізона, камандую аховай. Усім вядома, што пасля пажару трэба аднавіць роспісы ў левым крыле, вам не здзівяцца. Як яшчэ я змагу правесці чужых людзей у дальнія пакоі, дзе трымаюць панну?
Пранціш падазрона скасавурыўся на высокага чалавека з запалымі шэрымі вачыма і трохі пляскатым носам. Чырвоны, падбіты футрам кунтуш на плячах ляжаў, як антычная тога вайскаводцы. І аблічча яго, здавалася б, непрыкметнае, чамусь выклікала трывогу і жаданне абысці спадара за паўвярсты. Бо ўсадзіць нож у спіну і ў твары не зменіцца.
Небяспека за гэтымі спадарамі ходзіць, як навязаная, пан Грос, засмучана прамовіла жанчына, не юная, але такая гожая, што змушала ўспомніць антычных багінь. Упэўненымі ні ў чым, вашамосць, быць нельга, калі тычыцца шаноўнага доктара.
Над мястэчкам, што цямнела непадалёк ад замка, ківалі задзёртымі хвастамі белыя лісыдымы. Лёднік вінавата ўсміхнуўся і прытуліў да сябе жонку, захутаную ў бабровае футра, абшытае лазуркавай тафтой. У колер яе вачэй. Гэтае футра Бутрым набыў каханай у Львове на падораныя Радзівілам «цацкі» ў першы ж дзень спаткання. Парываўся яшчэ закупіць падарункаўале як жа Навошта траціцца, даражэнькі? Пані Саламея ўважала спакой, любасць і розум адзіна важнымі ў свеце, а рэчы Сёння ёсць, заўтра збуцвелі, на той свет не забярэш. А спакою сужонец ёй якраз падарыць і не мог.
А Пранціш між тым гадаў: што былы езуіт робіць у масонаў? Калі львоўскі пан радца Шэнацэр скіраваў іх да надзейнага чалавека, яны з Лёднікам ніяк не чакалі сустрэчы са старым знаёмцам. Пан Зыгмунд Грос быў колькі год таму прыстаўлены да іх езуітамі, калі Бутрыму і Пранцішу даручылі вывезці за мяжу скарб, здабыты ў менскіх сутарэннях. І апошні раз бачылі суровага Гроса, калі таго арыштоўвалі жаўнеры. Пан Зыгмунд тады не выдаў сваіх спадарожнікаў. І калі праз нейкі час Лёдніка таксама арыштавалі, на спатканні ў вязніцы абодва адзін аднаго не здалі. З другога боку, Зыгмунд спакойна, хоць і з належнай скрухай ледзь не забіў свайго настаўніка, старога Шрэдэра, калі палічыў, што так трэба для найлепшага выканання іх місіі. Грос здаваўся Вырвічу дасканалай зброяй, пазбаўленай літасці і спачування, да канца адданай сваёй справе.
Але што гэта сёння была за справа? Ордэн езуітаў вось ужо тры гады як забаранілі па ўсёй Еўропе, сам Папа Рымскі гэта абвесціў. Так што «воіны Ісуса», як яны сябе называлі, прыстасоўваліся, як маглі.
Падобна, Грос прыстроіўся да масонаў.
Хаця масонаў езуіты не зносілі.
Здаецца.
А можа, увогуле гэта адна кантора?
Ат, з гэтымі таемнымі таварыствамі нічаму верыць не варта. Асабліва таму, што выстаўляюць напаказ. Сёння Зыгмунд Гросбрат ложы Трох багіняў і шпегуе ў замку Тэрэзы Радзівіл, дзе займае пасаду капітана аховы. А можа, ён у масонаў для езуітаў шпегуе? А можа, і для тых, і для другіх стараецца?
Што, калі пана Лёдніка ў замку пазнаюць? засумняваўся Давыд.
Грос скасавурыўся на аптэкара з ледзь прыхаванай непрыяззю.
Мы пойдзем, калі ўжо сцямнее. Дый не стануць разглядаць тых, каго я прывёў. Хіба што пан Богуш, але яго ў замку быць не павінна.
Невыразны твар Гроса скрывіўся. Былы езуіт даклаў змоўшчыкам, прычым некалькі разоў, і з рознай ступенню пераканаўчасці, што амарат пані Тэрэзы, былы канфідэнт ейнага мужа пан Ігнацый Богуш ёсць галоўным зладзеем Белага Каменя. Зладзіў выгадную справу з новымі, аўстрыйскімі, уладамі: перапраўляе праз уладанні пані Тэрэзы Радзівіл сотнямі маладых украінскіх сялян для папаўнення аўстрыйскай арміі. Гэтак жа прадаў ладную партыю казакаў, што патрапілі ў палон, калі ўзбунтаваліся супраць зруйнавання Новай Запарожскай СечыКацярына Другая перадала іх землі сербскім пасяленцам. Той-сёй з простых ды бунтоўных сербаў, дарэчы, таксама патрапіў у якасці жывога тавару ў лапы Богуша. І ўцекачы з Расіі былі добрай здабычай. Ды кожны, хто не змог заплаціць падаткі пані, меў шанец патрапіць у жаўнерскія боты. А пані Тэрэзе абы даход.
Наколькі Вырвіч зразумеў, зладзюга Богуш спрабуе зрабіць замкавым капітанам свайго чалавека. Вось Грос і ятрыцца.
З вашымі ўменнямі з аховай вы справіцеся. Панну пераапранем у мужчынскае, і я выведу вас усіх з замка.
Трэба ж, як лёгка. Голас Гроса гучаў упэўнена, нават будзённа.
А як ён сам, пасля ўцёкаў падапечнай пані Тэрэзы, спадзяецца пазбегнуць падазрэнняў?
Усё ў волі Божай.
Капітан Белакамскага замка няўважна перахрысціўся, быццам перад сняданкам.
Пранціш Вырвіч зноў утаропіўся ў злавесную цытадэлю. Шчыра кажучы, сярод снягоў яна здавалася хутчэй шэрай і бруднай, чым белай. Па-добраму, для эпічнасці трэба было б сузіраць яе з узвышша.
Але ўзвышша не мелася, эпічнасці не ставала, і чумакі, што везлі на санях прыпасы да княскага стала, ледзь не сагналі нахабных разявакаў з дарогі проста ў сумёты. Але, згледзеўшы зблізу чырвоны кунтуш Гроса, ды шаблі за паясамі ў мужчын, нервова затузалі лейцы, каб абехаць паноў як далей, хоць з рызыкай перакуліцца.
Яна жывая! мармытаў Алесь, тужліва і мройна гледзячы на замак. Астатняе не мае значэння!
Жывая ціха пагадзіўся Бутрым. У адрозненне ад той няшчаснай цяжарнай жанчыны, чыё цела выдавалі за цела Праксэды. Што? пералавіў недаўменны позірк сына. Ты ж ні разу не ўпомніў пра тую кабету. А я не забываю і на хвілю. Дзве бязвінныя душы згінулі. І гэта ўжо не выправіць. І нічым не выкупіць. Ну што ж, пайшлі рыхтавацца да авантуры.
Саламея прыкусіла губу. Але разумелаБутрыма не адгаворыць. Палачане ішлі моўчкі, плячо да пляча, пальцы рук пераплеценыя, і сняжынкі асцярожліва сядалі на чорныя валасы мужчыны, нібыта каб дадаць ім сівізны.
Пачуцці Пранціша проста крычалі аб небяспецы, і нават трохі біліся ў істэрыцы. Страшэнна не хацелася ісці ў замак, хай бы ён быў складзены і з белых гаючых гаручых Алатыр-камянёў, пупоў зямлі.
Але ён быў складзены з простага светлага ўкраінскага пясчаніка, на якім так добра будзе бачна пралітую кроў.
Надпіс над брамай сведчыў, што замак калісьці пабудаваны князем Георгіем Вішнявецкім і ягонай пачцівай жонкай Тэадорай Чапліцоўнай.
Напэўна, іх вяльможныя мосці Вішнявецкі ды Чапліцоўна не падазравалі, што ў гэтых мурах, акрамя літараў на камянях, ніхто іх не ўспомніць.
Абодва Лёднікі і Пранціш, захутаныя ў ваўняныя грубыя плашчы з капюшонамі і нагружаныя клункамі з інструментамі, ішлі за Гросам. Замак пры маладой гаспадыні зачаста скаланалі шумныя балі, калі госці таўкліся, як камары над лужынай, брыньгала музыка, і за кожнай калонай можна было натрапіць на галантную парачку. Але якраз гэты тыдзень пані Тэрэза з нагоды посту ахвяравала самоце. Як вярнулася ад львоўскага біскупа, так і дэкляравалавідаць, атрымаўшы ад духоўнага айца прачуханца. Таму ў шэрых сценах было нязвыкла ціха. Цёмны калідор асвятляўся толькі кволым агеньчыкам у ліхтары, што трымаў давераны слуга капітана, жаўнер, такі каржакаваты і няўклюдны, нібыта ім калісьці выбівалі дзверы варожага замка. Там-сям стаялі рыцарскія даспехі, і Пранцішу мімаволі здавалася, што яны зараз ажывуць, як аўтаматы Норнбергскага замка.
Сюды, адрывіста скамандаваў Грос, і кампанія паслухмяна звярнула за ім на бакавую лесвіцу, засланую дываном.
Падобна, яны пераходзілі з памяшканняў для прыслугі ў панскія пакоі Між тым Саламея згадвала, што Праксэду трымаюць у не самых выгодных пакоях.
Прашу, вашыямосці!
Святло апякло вочы. У вялікім пакоі з разной драўлянай столлю і такімі ж разьблёнымі калонамі ўздоўж сцен, з галовамі дзікоў, ваўкоў ды мядзведзяў, што лупіліся бліскучымі шклянымі позіркамі з усіх кутоў, і сотнямі свечак у пазалочаных кандэлябрах панны Праксэды не назіралася.
Затое гайдукоў, як штыкецін у добрым плоце. А за доўгім сталом, у крэсле з высокай спінкай, на якой быў выразаны герб Ржавускіх «Крыўда» падкова і крыж, сядзела нябрыдкая пані. Хіба павекі цёмных пукатых вачэй трохі цяжкія, быццам набрынялыя, ніжняя губа трохі выдаецца наперад, і падбароддзе цяжкаватае.
Ну вось, доктар, вам усё-ткі давядзецца прыняць маё запрашэнне на абед.
Пані Тэрэза, дачка вялікага гетмана кароннага Вацлава Ржавускага, у смарагдавай пералівістай сукенцы з неверагодным дэкальтэ, у высокім напудраным парыку, упрыгожаным зялёнымі стужкамі, паглядала на гасцей з пераможнай усмешкай. Пранцішу падалося, што на верхняй губе пані прабіваецца цёмны пушок.