Я збіраўся і Алесю зрабіць варыяляцыю. Калі-небудзь ціха прагаварыў Бутрым, нібы пачуў думкі Пранціша. Не мог наважыцца З табою вось Змог
Чорны Доктар пазбягаў глядзець на Вырвіча.
Я разумею тваё абурэнне.
Трэба ж, амаль што просьба аб прабачэнні ад Лёдніка.
Тады, у войску, я не вагаўся. Як не вагаюся падчас любых аперацый. Трэбаадпілоўваеш нагу. Трэбатрахеатамію робіш. Гэта ж неабходнасць, а не эксперыменты дзеля цікавасці. Памятаеш, у Францыі я адмовіўся рабіць аперацыі на мозгу?
Пранціш хмыкнуў. Яшчэ б не памятаць. Тады доктара завабіла Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, дзе ў сутарэннях прабівалі галовы жывым людзям, каб у мазгах пакорпацца.
Але дзе мяжа паміж калечаннемі прымусовым лячэннем? Лёднік правёў доўгімі пальцамі па шурпатай шэрай сцяне. Ведаеш, пасля таго, як пабываў у горадзе Пацучынага Караля Я задумаўся. Ён жа, фон Рутгер гэты няшчасны, меў рацыю. Мы з ім сапраўды робім адну справу. Я марыў, каб усіх людзей прышчапляць ад страшных хваробаў. Хочуць не хочуць Яшчэ б мыцца ўсіх прымушаць рэгулярна, насуперак забабонам. Пакоі праветрываць. Здаралася, я ў Вільні са злосці ў дамах пацыентаў шыбы разбіваўтакую задуху ўтваралі, абы холаду не напусціць, дровы зберагчы, што аж млелі з дзецьмі разам. А каб лягчэй дыхаласяпахучыя зёлкі паляць. І штось тлумачыць бескарысна. Так, у фон Рутгера рэчыва для варыяляцыі недасканалае, згубнае. А калі б удасканаліць? Каб памірала не палова пацыентаў, а адзін са ста, ці тысячы? Той адзін, што памрэ, будзе на сумленні доктара, таму што той прышчапіў яму хваробу гвалтам?
Зразумела. амаль злосна буркатнуў Пранціш.
Бутрым уздыхнуў.
А калі ўсё рабіць паводле згоды пацыентаў, і палова з іх ці болей пачне адмаўляцца ад прышчэпак. І гэтыя, непрышчэпленыя, памруць. Янына чыім сумленні, пан суддзя менскі? Зноўтаго ж доктара? Які не прымусіў, не настаяў на сваім?
Ну зноў філасофію развёў. Вырвіч раздражнёна шукаў разумных слоў. Але Лёднік сам зясаваў:
Няма адзіна правільнага адказу, Вырвіч. Гэта табе наш сябар Саламон Маймон добра патлумачыў бы. Пра непаўнату свядомасці і мяжы спазнання, да якой можна набліжацца вечна, і ніколі не наблізіцца.
За спінай пачуўся стогн, і Лёднік кінуўся да ложка, накрытага аўчынамі.
Ты як, сынок?
Алесь, аднак, не адказаў, а знайшоў вачыма Пранціша:
Пан Вырвіч, тут ёсць люстэрка?
Пранціш не стаў сыпаць жарцікамі. Ён разумеў, чаму Аляксандр, пераадольваючы няёмкасць, звярнуўся да яго з такой, здавалася б, дзіўнай і «нямужнай» просьбай. Колькі разоў даводзілася бачыць, што воспа можа зрабіць з абліччам чалавека. Не твар, бываеа ўзаранае поле. А хлапцу яшчэ жыць. За каханне змагацца.
Люстэрка ў дамку меласянейкім дзівам. У жоўтай масянжовай аправе, з доўгай ручкай, упрыгожанай выгравіраванымі кветкамі ўюнка. Можа, пакінула дзяўчына, што прыбягала на рамантычнае спатканне з пастухомці кантрабандыстам. За востры край аправы зачапіўся доўгі белы волас, які Вырвіч паспешліва вышмаргнуў.
Алесь паварочваў шкельца то так, то гэтак, нарэшце выдыхнуў з палёгкай. Можа, дзякуючы майстэрству старэйшага Лёдніка, можа, таму, што ўсё-ткі гэта была саслабленая заразавоспіны ўтварыліся толькі ля левай скроні. Ужо і корачкі прысохлі. Адваляццане прыкмеціш.
Можна смела ехаць за акіян да нявесты, падбадзёрыў Вырвіч.
Абодва Лёднікі нахмурыліся. Матрыманіяльныя планы малой Агалінскай Алесь успрымаў ледзь не з жахам, а ягоны бацьказ прыкрасцю. Досыць Агалінскія ды Багінскія з іхняй сямі паздзекаваліся.
Хаця рудую князёўну, няхай услых і не прызнаваліся, успаміналі з сумам. Як сонейка. Шкадлівае такое, пякучае сонейка, але ж святлей ад яго было! У цяжкую хвілю свісне над вухам, ды ўсміхнецца шчарбата.
Між тым у дзверы пастукалі. Дабраўся носіч Юрай.
Хударлявы славак у абёмістым кажуху, са светлымі шляхецкімі вусамі і чыстымі блакітнымі вачыма ў сетцы дробных зморшчынак на загарэлым абветраным твары няспешна выкладаў на стол у сенцах прыпасы. Носіча раней яны ў хату не пушчалі: і каб не заразіўся, і каб не пабачыў, што на ложкухворы. Але мог і здагадацца: вось і зараз дастае з вялізнай заплечнай скураной сумкі на драўляных распорках замоўленыя Бутрымам сухія зёлкі ды аптэкарскія рэчывы.
Як там у вас унізе, спадар Юрай? весела ўсміхнуўся Вырвіч. Ці ўсё ціха, ці не замяло паселішча?
Пранціш размаўляў з носічам на ліцвінскай моветой амаль усё разумеў, як і Вырвіч лаканічныя славацкія фразы.
Вельмі лаканічныя.
Каб Юрай жыў у антычнасці, неадменна быў бы са спартанцаў.
Глядалі дэзерціра.
Ага, значыць, шукаюць дэзерціраў.
Хто?
Ваяцы.
Юрай беражліва разгортваў анучу, у якой бялеў сыр«ашцепкі», з авечага малака. Смакоцце.
Ваяцы? Жаўнеры, значыць. Чые? Што робяць? Схапілі каго?
Блакітныя вочы носіча гляделі ўсё гэтак жа адсланёна. У тых вачах былі неба, горы, лес, смерць на кожнай крутой сцежцы, снег, камяні. Што імда людскіх звадаў?
Кралёўскія. Задржаніе. Два завесілі.
Каб яму за словы і па цэхіну плацілі, не разбагацеў бы. Карціна вымалёўвалася страшная. Каралеўскія жаўнеры арыштоўваюць усіх, а двух небарак павесілі.
Пранціш трывожна зыркнуў на збялелага Бутрыма. Трэба было яшчэ далей адехацца. Гэтыя землі зусім нядаўна належалі ПольшчыВенгрыя за нявыплату крэдытаў на вайну яшчэ тры стагоддзі таму аддала іх палякам. Але як Польшу падзялілі, дык і Татры славацкія адышлі Венгрыі, то боксталіся часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. А там зараз самая вайна, навабранцаў трэба, гарматнае мяса. А вярбоўшчыкі ніколі не саромяцца. Вунь колькі год таму ў Вялікім Княстве Літоўскім быў працэс супраць полацкага шляхцюка Жабы, які расейскіх уцекачоў прадаваў у прускае войска.
Сюды дабяруцца?
Носіч няспешна закінуў апусцелую сумку за плечы, надзеў вастраверхую лямцавую шапку. З-пад вората кажуха паказваўся вышыты яркімі кветкамі каўнер кашулі. Значыць, ёсць каму вышываць і чакаць гэтага дзівака з-пад аблокаў.
Могуць.
Перахрысціўся, прыслухаўся.
Не пайдзе ваяцы. Лавіна.
Што яшчэ за лавіна?
Носіч шматзначна тыцнуў пальцам уверх, дзе над хацінкай навісалі вершаліны гор, кінуў сваё «З Богам!» і пайшоў роўнай упэўненай хадой туды, дзе, як на далані, маленькія акуратныя дамкі. Аж хочацца паперастаўляць іх, далікатна беручы пальцамі за чырвоныя чарапічныя дахі. Хіба можна паверыць, што там зараз кагосьці забіваюць, а хтось крычыць-заходзіцца плачам?
Што значыць «лавіна», Бутрым? трывожна перапытаў Пранціш.
Лепш бы нам ніколі таго не даведацца, Вырвіч.
Лёднік акуратна раскладаў па збаночках зёлкі, але тонкія фанабэрыстыя вусны ягоныя былі трывожна падціснуты.
Потым абодва выйшлі на двор. Доўга ўглядаліся ў неба, такое сіняе, быццам хтось валошкамі яго забрукаваў. Белыя вершаліны гор зіхацелі над хвоямі, як дзівосныя палацы. Ціха. Ад цішыні здаецца, што марознае паветра пазвоньвае. Пахне дымам, што выцягнуўся над дахам іхняга прытулкубыццам вялізная белая лісіца спрабавала залезці праз трубу, ды засела, толькі доўгі хвост угары матляецца.
Дом вытрывае, калі што, прасіпеў сабе пад нос Лёднік. Не першы раз, думаю. Дый не сталі б будаваць у небяспечным месцы.
Пранціш яшчэ раз агледзеў такое спакойнае наваколле. Гэтак непрыемна шчыміла пад лыжачкай перад тым, як іх атрад пад Слонімам нечакана атакаваў разезд казакаў. Лёднік перахрысціўся:
Пайшлі. Маліцца будзем.
Вырвіч пастараўся выкінуць невядомую небяспеку з галавы. Тым больш Алесь ачуньваў, можна было за кубкам гарачай яблычна-хваёвай гарбаты абмеркаваць планы.
Бутрым штосьці падлічваў, крэмзаючы ў кішэнным каляндарыку.
Мы едзем праз Кракаў. У Ягелонскім універсітэце мяне павінна чакаць пасланне. А калі пашанцуе, і выберамся адсюль хаця б праз тыдзеньдык і з Жанам перастрэнемся.
Вырвіч нахмурыўся: што за навіны? Аказваецца, у Чорнага Доктара была дамоўленасць з сябрам і паплечнікам па гарадзенскай медычнай акадэміі Жанам Жыліберампаспеў з ім спісацца да адезду ў Італіюкаб падтрымліваць сувязь з Саламеяй. Француз збіраўся з канца кастрычніка да Калядаў быць у Кракаўскім універсітэцетам медычная кафедра, толькі зусім нядошлая, з адным прафесарам. Яго вялікасць Станіслаў Панятоўскі выказаў жаданне, каб і ў знакамітым Ягелонскім універсітэце медычнае навучанне падняць, так што Жыліберу загадана адправіцца на кансультацыю.