Пан Рысь, таксама ў сармацкім уборы, таптаўся ўшчыльную ля княскага фатэля, не наважваючыся нат перхануць, каб прывабіць увагу ўладара. Так яны да сканчэння спектакля таптацца будуць Вунь гледачы запляскалі, зараўлі, засвісталі, ухваляючы прыгажуньку, што скончыла руладу, а пан Караль сапе сабе.
А вось свіст проста над вухам. У чатыры пальцы. Тут хочаш не хочаш, вочы адплюшчыш. Князь неўразумела аглядаўся. Пранціш хуценька адсунуў за спіну задаволеную Рэгінку, якая абцірала абсліняўленыя пальцы аб камзольчык, і бухнуўся на калені:
Пане-дабрадзею, сонца наша!
А чаго ўжо мёду шкадаваць Краем вока заўважыў, як Бутрым трохі скрывіўся. Ну, давай жа на калені, не да рэспубліканства! Не, не стаў. Толькі галаву схіліў пачціва. Сын гарбара, а фанабэрыі Зусім сапсаваўся падчас зносінаў з масонам Жыліберам.
Пакуль князь вагаўся, якой ступені гневу заслугоўваюць нікчымнікі, Вырвіч вываліў усё, што мог, перасыпаючы ліслівымі слоўцамі. І што яснавяльможнага князя падступна падманулі шпегі ды змоўшчыкі І пра горкі лёс абгаворанага Агалінскага ды ягонай няшчаснай дачушкі І пра доктара Лёдніка, які пацярпеў з-за таго, што збіраўся паслужыць ягонай вяльможнай мосці І пан Вырвіч, суддзя менскі справядлівы, з-за таго ж пасады пазбавіўся.
Заторкніся, балбатун, у мяне зараз галава выбухне ад тваёй малатні Квасу!
Зараз жа, адштурхнуўшы Пранціша, да князя кінуўся слуга з гліняным чорнадымленым збаном, відавочна лепленым дзесь у Ганцавічах.
Князь шумна адпіў проста з гарлача, абліваючы парчовы жупан. Крактануў задаволена.
Ліцвінскі квасгэта вам не іхні «лі-ма-на-да», ад якога дупа зліпаецца. Ну, давайце вашы паперы.
Пан Рысь шумна выдыхнуў над вухам Вырвіча: здаецца, вяльможны не дужа ў гневе. Пранціш хуценька працягнуў ліст, напісаны Адамам Брастоўскім.
Радзівіл вывучаў пасланне, а Пранціш крадма вывучаў князя. Той павольна варушыў азызлымі вуснамі, трымаючы ліст амаль ля абёмнага носа з чырвонымі прожылкамі, і Вырвіч успомніў погаласку, што Пане Каханкуневук, дурань прыродны. Літары ледзь у падлеткавым узросце вывучыў, калі адзін настаўнік дапяў выкарыстоўваць іх у якасці мішэняў для стральбы, да якой юны княжыч быў ахвочы. Але князь на імгненне адарваў светла-мутныя вочы ад паперы, укалоўшы позіркам Лёдніка, як пекар трэсачкай працінае пірог, ці ўпёкся Не, князь быў кім заўгодна, але не дурнем. Цікава, як ён паводзіўся, калі жыў ягоны старэйшы брат-блізнюк? Зайздросціў, злаваўся, намагаўся пераўзысці? Ён ужо тады, у падлеткавым узросце, пачаў збіраць сваё войска, фундаваць банду адданых людзейпадарункамі, панібрацтвам, зваротам да шляхецкіх ідэалаў. Дурань такое не правярнуў бы.
А калі застаўся адзіным спадчыннікам?
Ніхто не можа прыпомніць, каб Пане Каханку ўвогуле згадваў брата Януша, чыё месца заняў, нібыта хацеў сцерці яго ў памяці людской. Застацца адзіным і непаўторным.
Ты майго пана-бацьку лячыў?
Лёднік схіліўся ў паклоне.
Так, меў гонар, ваша княская мосць.
Паглядзім, які ты эскулап хвалёны. Прызначыш мне пасля штось ад пячонкі. Пячонка прыхоплівае.
Нездарма Бутрым першае, што зрабіў па прыездзе ў Венецыюнабыў сабе скураную доктарскую валізку з неабходным рыштункам, замест той, што звёз у рыдване баязлівы Фульчык.
Князь паварушыў адвіслымі вуснамі.
Агалінскі здрайца. Прамяняў маю схільнасць на ўсмешкі падшыванкі Багінскай. Хіба што каб ейнаму братку нос падбіць, заступлюся. Няма чаго расейцам бязродным нашых князёўнаў аддаваць.
Махнуў нецярпліва рукой метрэсе, і тая нібыта выцекла з ложы, ледзь сваё крэсла не паваліла ды мушкі з набеленай круглай фізіяноміі не пагубляла. Радзівіл насупіўся, не зважаючы на тое, што на сцэне зноў загучалі рулады, і Смеральдзіна мела дастаткова пышны бюст.
Адам піша, вы можаце здабыць рог святога Юрыя. А то мае пасланцы па яго нешта марудзяць. З пячоры святога Тарэла іх увогуле вытурылі жаўнеры, нібыта самім Папам прысланыя.
У нас толькі здагадкі, ваша княская мосць, пра знаходжанне згаданай святой рэчы, парушыў маўчанне Лёднік. І насмелюся выказаць сваё нявартае меркаваннегэта хутчэй за ўсё легенда.
Раз Адам піша, што зможаце, значыць, не выяўляйце майго вернага сябра лгуном. Бо гэта абраза мне самому, пане каханку, вочы Радзівіла пачалі налівацца чырванню.
Ён наўрад лічыў сябе простым смяротным.
Пранціш паспяшаўся запэўніць, што прыкладуць усе намаганні Але князь ужо гневаўся, упёршыся позіркам у наравістага Лёдніка.
Я яшчэ не забыўся, як з-за вас мне вогненны меч не дастаўся!
І сапраўды, калісь Лёднік і Пранціш у кампаніі з панам Агалінскім і ягонай будучай сужонкай адправіліся здабываць таямнічую зброю доктара Дзі ў Ангельшчыну. На той артэфакт прэтэндавалі абодва магнаты: і Радзівіл, і Багінскі. Але ўся таямніца выявілася шалберствам Што, вядома, зараз давесці было немагчыма.
Насмелюся нагадаць, вашамосць, што менавіта доктар Лёднік выратаваў вашых прыхільнікаў, студэнтаў Віленскай акадэміі, ад арышту, гэта і ксёндз Марэк можа пацвердзіць! пачаў лемантацыю Пранціш.
Ведаем, як вызваліў. З расейскай царыцай у ложку, вырачыў вочы Радзівіл.
У злосці ягонай быў добры дамешак зайздрасці.
Гэта плёткі, вашамосць. спахмурнеў доктар, але яго словы расталі ў тэатральнай прасторы, як дымок ад адной з тысяч свечак.
Або шукайце рог, або запхну вас, пане каханку, туды ж, куды Агалінскага. Ні ў якім разе нельга, каб рэліквія худапахолку Панятоўскаму дасталася! Да святога Тарэла ён мае адносінаў не болей, чым свіння да сухой ігрушы. Знойдзецевазьму цябе, Лёднік, у свае асабістыя лекары, а тваіх дзяцей прыстрою пры сваім двары.
Баўтрамей стрымаў скептычны каментар да такога гонару. Алесь тузануў за руку Рэгінкууяўнага брата, каб не забылася пачціва пакланіцца і не запярэчыла князю наконт сапраўднага паходжання. Зарабіў выспятак у лытку: маўляў, не дурней за васпана, вось як кланяцца па-прыдворнаму ўмею.
Пранціш, якому не было дэкляравана ніводнага перніка, не спяшаўся падымацца з каленяў, якія ўжо балелі ад пачцівага стаяння:
Ваша княская мосць, насмелюся нагадаць пра абяцанне вызваліць пана Гервасія Агалінскага.
Радзівіл адвярнуўся да сцэны:
Хай падрыхтуюць ліст трыбунальным. І сто дукатаў вам на расходы. А заўтра. Нелепш пазаўтраму прыйдзеце ў мой палац з дакладам.
Пан Рысь хуценька выпхнуў просьбітаў з ложы і выцер рукой спацелы лоб.
Колькі ведаю вас, пан Лёднік, столькі даводзіцца трапляць на падобныя цяжкія размовы. Лепш бы мы зноў з вамі на двубоі пабіліся. Віншую, аднак: пан дабрадзей наш у гуморы.
Калі гэта «ў гуморы», дык што тады кепскі настрой па-княску?
За сценамі Палаца Дожаў узрываліся феерверкі, а перад вачыма візіцёраў мільгалі ў цемры калідора белыя панчохі турэмшчыка. Ліхтар акрэсліваў рухомую выспу святла, з якой не хацелася збочваць. Бо па-за ёй у густой, аж да скуры ліпла, цемры крапала вада, чуліся застрашлівыя шоргаты і стогны. Пранціш мацней сціскаў дзяржальна свайго Гіпацэнтаўра. Хоць з кім тут біцца? У іх з Бутрымам афіцыйная папера на вызваленне вязня, вунь турэмшчык які ветлівы: «Прэга, прэга, сіньёры». А калідор усё спускаецца, а лесвіцы ўсё вільготней ды пакручасцей.
Калодзежы турмы Поцы былі, вядома, больш выгодныя, чым студня ў ашмянскіх сутарэннях, але падабенства несумненнае. Так і чуўся голас ашмянскага Харона: «Ты ніколі не сыдзеш з майго чоўна». Нізкія дзверы, ажно чорныя ад вільгаці, з зачыненым на засаўку акенцам. Турэмшчык забразгаў ключамі. Шчоўкнуў замок. Дзверы расчыняліся марудна, па вяршку, бо разбухлая драўніна ледзь сунулася па камні з агідным шоргатам. Праз шчыліну можно было заўважыць, што падлога вязніцы ніжэй за парог дзесь на локаць, унізе люстравала святло ліхтара вада. Пахла морам і сметніцай адначасова.
Але разгледзець убранне камеры не ўдалося: дзверы штурханула знутры нейкая пагрозная сіла, турэмшчык паваліўся, і на яго галаву да таго ж абрынулася цяжкая дошка.
Пакрышу італьяшак!
Узброены драўляным абломкам сіньёр, які выскачыў з залітага вадою каменнага пакоя, выглядаў застрашліва. Плячысты, па-дзікунску зарослы валасамі, што адлівалі ў святле ліхтара меддзю, адзежа падраная і збуцвелая.