Фридрих Дюрренматт - Юстыцыя стр 9.

Шрифт
Фон

 Значыцца, кепска,  кіўнуў ён,  так я і думаў. А кантора ваша ў мансардзе на Шпігельгасэ, праўда? Таксама кепска. Яшчэ горш нават.

Гэта ўжо перабірала край. Я ўстаў.

 Альбо вы скажаце мне, што вам ад мяне трэба, гер Колер, альбо я пайду,  груба сказаў я.

Абсалютна шчаслівы чалавек таксама ўстаў, раптам перад маімі вачыма зрабіўся магутным, непераможным і ўціснуў мяне назад у крэсла абедзвюма рукамі, апусціўшы іх, як гіры, на мае плечы.

 Сядзьце,  сказаў ён пагрозліва, амаль злосна.

Мне нічога не заставалася, як паслухацца.

 Добра,  сказаў я і прыціх.

Ахоўнік таксама. Колер зноў сеў.

 Вам патрэбны грошы,  канстатаваў ён.

 Гэтага мы абмяркоўваць не будзем,  адказаў я.

 Я мог бы даць вам даручэнне.

 Слухаю.

 Я хачу, каб вы нанава расследавалі маю справу.

Я разгубіўся.

- Інакш кажучы, гер Колер, вы хочаце дабіцца перагляду?

Ён кіўнуў.

 Калі б я хацеў перагляду, гэта азначала б, што вынесены мне вырак несправядлівы. Але ён больш чым справядлівы. Жыццё маё завершана і падшыта да справы. Я ведаю, тутэйшы дырэктар лічыць мяне крывадушнікам, і вы, Шпэт, здаецца, таксама. Магу зразумець. Але я не святы і не д'ябал, я ўсяго толькі чалавек, які прыйшоў да высновы, што, каб жыць, дастаткова турэмнай камеры, а каб памерціложка, пазнейтруны, бо прызначэнне чалавекамысліць, а не дзейнічаць. Дзейнічаць можа кожны асёл.

 Добра,  сказаў я,  вельмі пахвальныя высновы. Але цяпер дзейнічаць за вас павінен буду я. Яшчэ раз даследаваць вашу справу. А ці дазволена аслу папытацца, што вы намыслілі?

 Нічога я не намысліў, - коратка адказаў доктар h.c. Ісак Колер.  Я проста разважаю. Пра свет. Пра людзей. Магчыма, пра Бога. Але на развагі мне патрэбен матэрыял, інакш мае думкі пачынаюць круціцца ў пустаце. Ад вас мне не трэба нічога, апрача невялікай дапамогі ў маіх занятках, якія вы спакойна можаце разглядаць як хобі міліянера. Дарэчы, вы не адзіны, у каго я прашу нязначных паслугаў. Вы ведаеце старога Кнульпэ?

 Прафесара?

 Яго-яго.

 Я ў яго вучыўся.

 Ну, вось бачыце. Цяпер ён на пенсіі, і каб ён канчаткова не спарахнеў, я і яму даў даручэнне. Цяпер ён заняты даследаваннем. Вынікі аднаго забойства. Ён высвятляе наступствы, якія паследавалі і яшчэ паследуюць у выніку гвалтоўнага спынення жыцця аднаго калегі. Надзвычай цікава. Ён у захапленні. А задача ў тым, каб, даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку. А ваша задача, шаноўны, будзе іншага роду, і ў пэўнай ступені яна процілеглая таму, што робіць Кнульпэ.

 Якім жа чынам?

 Вы павінны нанава разгледзець мой выпадак, зыходзячы з дапушчэння, што забойца быў не я.

 Не разумею.

 Вам трэба скласці фіктыўнае дапушчэнне, толькі і ўсяго.

 Але ж раз вы забойца, дык усе мае дапушчэнні не маюць сэнсу,  запярэчыў я.

 Не, толькі так яны і набываюць сэнс,  адказаў Колер,  дарэчы, вас ніхто і не прымушае даследаваць рэчавасць, гэтым займаецца наш мілы Кнульпэ, вам трэба разгледзець адну з магчымасцяў, якія тояцца ў рэчаіснасці. Бачыце, дарагі Шпэт, рэчаіснасць нам і без таго вядомая, за яе я і сяджу тут і пляту кашы, а вось пра магчымае нам вядома якраз жа і мала. І гэта натуральна. Магчымае амаль бязмежнае, тым часам як рэчаіснае строга абмежавана, бо толькі адной з магчымасцяў дадзена ўвасобіцца ў існасць. Рэчаіснаегэта проста асобны выпадак магчымага. А таму яго няцяжка ўявіць і ў іншым выглядзе. З чаго вынікае, што нам трэба пераасэнсаваць рэчаіснае, каб пранікнуць у сферу магчымага.

Я засмяяўся.

 Не зусім звычайны лад разважанняў, гер Колер.

 Так, у тутэйшых мясцінах прынята разважаць,  адказаў Колер.  Ведаеце, гер Шпэт, начамі, гледзячы на зоркі праз аконныя краты, я часта задаю сабе пытанне: як бы выглядала рэчаіснасць, калі б забойца быў не я, а хто-небудзь іншы? Хто б ён тады быў, гэты іншы? Вось на якое пытанне я хацеў бы атрымаць ад вас адказ. Я кладу вам трыццаць тысяч ганарару, з іх пятнаццацьавансам.

Я прамоўчаў.

 Ну, дык што?  спытаў ён.

 Падобна на пакт з д'яблам,  адказаў я.

 Я ж не патрабую ад вас душы.

 Хто ведае.

 Вы нічым не рызыкуеце.

 Магчыма. Але я не бачу сэнсу ў вашай задумцы.

Ён паківаў галавой, засмяяўся.

 Годзе вам і таго, што бачу я. Астатняе хай вас не турбуе. Ад вас патрабуецца толькі прыняць прапанову, якая анічым не ўшчамляе закону і якая мне патрэбна на даследаванне магчымага. Усе выдаткі я, зразумела, бяру на сябе. Звяжыцеся з якім-небудзь сумленным дэтэктывам, сама лепш з Лінгардам, заплаціце яму, колькі ён папросіць, грошай хопіць на ўсё, і наогул дзейнічайце, як вам заўгодзіцца.

Я яшчэ раз абдумаў гэтую дзіўную прапанову. Яна мне не спадабалася, я спадыспаду ўнюхаў нейкую пастку, хоць і не мог уцяміць, у чым яна.

 А чаму вы звярнуліся менавіта да мяне?  спытаўся я.

 Таму што вы нічога не петрыце ў більярдзе,  спакойна адказаў ён.

І тут я прыняў прапанову.

 Гер Колер,  сказаў я,  ваша даручэнне ўяўляецца мне надта загадкавым.

 Адказ можаце паведаміць маёй дачцэ,  сказаў Колер і ўстаў.

 А мне не трэба часу на роздум, я адмаўляюся,  адказаў я і таксама ўстаў.

Колер спакойна зірнуў на мяне, распраменены, шчаслівы, ружовы.

 Вы возьмецеся за гэта даручэнне, мой юны дружа,  сказаў ён,  я ведаю вас лепш, чым вы самі сябе ведаеце: шанецён і ёсць шанец, а вам ён патрэбен. Вось, шчыра кажучы, і ўсё, што я хацеў сказаць. А цяпер, Мёзер, вернемся да нашых кашоў.

І абодва сышлі, пад ручку, каб я так жыў, а я быў рады, што змагу нарэшце пакінуць прытулак абсалютнага шчасця і па магчымасці хутчэй. Я зліняў у самым першым значэнні гэтага слова. Поўны цвёрдай рашучасці не ўблытвацца ў гэтую справу і ніколі больш не бачыцца з Колерам.

Я ўсё-такі згадзіўся. Хоць яшчэ назаўтра мерыўся адмовіцца. Я адчуваў, што на карту пастаўлена мая адвакацкая рэпутацыя, хай нават ніякай рэпутацыі ў мяне пакуль што і не было. Але прапанова Колера не мела сэнсу, нейкі фокус, ніжэй годнасці маёй прафесіі, чыстая магчымасць зарабіць шмат грошай на дурніцу, супроць чаго паўставаў мой гонар. У тыя часы я яшчэ хацеў заставацца незаплямленым, марыў пра сапраўдныя працэсы, пра магчымасць прыносіць людзям карысць. Я напісаў кантанальнаму радцу ліст, дзе паўторна паведаміў яму свае рашэнне. На гэтым справа для мяне была закончаная. З лістом тым у кішэні я выйшаў са свайго пакоя на Фраерштрасэ, як выходзіў штораніцы, а дзевятай ноль-ноль, каб для пачатку як звычайна наведаць «Сэлект», пазней забегчы ў сваю кантору (мансарда на Шпігельгасэ), а яшчэ пазнейпрайсціся па набярэжнай. У дзвярах я раскланяўся са сваёй кватэрнай гаспадыняй, прымружыў вочы ад сляпучага святла, гледзячы на жоўтую паштовую скрынку каля дзвярэй крамы, праз дарогу ад мяне, некалькі крокаў, смеху вартая адлегласць, але, як што жыццё часам нагадвае сюжэт дрэннага рамана, я гэтай раніцай, цяжкай, гнятлівай, бо дзьмуў фён, г. зн. тыповай для нашага горада, звычайнай раніцай паміж дзевятай і дзесятай, як ужо было сказана, сустрэў, і ўдадатак падрад, аднаго за адным: а) старога Кнульпэ, б) архітэктара Фрыдлі, в) прыватнага дэтэктыва Лінгарда.

а) Стары Кнульпэ: ён прыхапіў мяне каля паштовай скрынкі. Я якраз мерыўся ўкінуць свой ліст з адмоваю, як ён запабег мяне з цэлым пачкам пісьмаў, якія паўкідаў акуратна адно па адным. Як заўсёды са старым была ягоная жонка. Прафесар Карл Кнульпэ, амаль двухметровы, худы, здавалася, толькі са скуры і касцей, рыхтык той прапаведнік Сімон Бэргер ці Мікалай з Флюэ, але безбароды, здзічэлы, брудны, летам і ўзімку ў палярыне, да яе шапка-баскаўка. Яго жонка таксама высокая, як і ён сам, гэтакая ж худзюшчая, гэтакая ж здзічэлая і брудная, і таксама год у год насіла палярыну і шапку-баскаўку, аж многія прымалі яе не за ягоную жонку, а за брата-блізнюка. Абое былі асобы ў сваёй прафесіі, абоесацыёлагі. Але як неразлучныя былі яны ў жыцці, так навукова былі смяротныя ворагі, люта ваявалі адно з адным у друкуён вялікі ліберал («Капіталізм як духоўны авантурызм», Франке, 1938), яназацятая марксістка, вядомая пад імем Майсей Штэхэлін («Марксісцкі гуманізм гэтага свету», Эўропа-фэрлаг, 1939), абое аднолькава пацярпелі за свае палітычныя сімпатыі: Карл Кнульпэ не атрымаў візу ў ЗША, Майсей Штэхэліну СССР, ён рэзка быў выказаўся супроць «інстынктыўных марксісцкіх тэндэнцыяў» у Злучаных Штатах, яна яшчэ больш неміласэрна праехалася была па «дробнабуржуазнай здрадзе» Савецкага Саюза. Быў, была. На жаль мінулы час дзеясловаў проста неабходны: два тыдні таму назад грузавік кампаніі па зносу дамоў Штурцаера раз'ехаў іх абаіх, ён быў пахаваны, яна крэміравана, згодна завяшчанню пацярпелых, што да крыўднага ўскладніла хаўтуры.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке