Пахвалёны бог, пазначыў я сваю прысутнасць, усё яшчэ трымаючы ліст Колеру.
Прафесар Кнульпэ не павітаўся ўзаемна, толькі недаверліва зіркнуў на мяне ўніз праз запыленыя без аправы акуляры, прамаўчала і яго жонка (у такіх сама акулярах).
Не магу сказаць напэўна, ці памятаеце вы мяне, гер прафесар, сказаў я крыху падбадзёраны.
Але ж так, так, адказаў Кнульпэ, памятаю. Вучыліся юрыспрудэнцыі і практыкаваліся ў мяне ў сацыялогіі. Выглядаеце крыху на вечнага студэнта. Экзамены здалі?
Даўно, гер прафесар.
Цяпер адвакатам?
Трошкі, гер прафесар.
Пахвальна, пахвальна. Нябось, сацыяліст, га? спытала Кнульпіха.
Трошкі, фраў прафесар.
Нешта ў вас на душы, канстатаваў Карл Кнульпэ.
Так, гер прафесар, трошкі.
Дык пройдземцеся разам, сказала яна.
Я пайшоў з імі. Ішлі да «Паваў», так і не ўкінуты ліст у руцэ, па імгненнай забыўлівасці, але па дарозе былі яшчэ скрынкі.
Ну? спытаўся ён.
Я быў у д-ра h.c. Ісака Колера, гер прафесар. У турме.
Так, так. У нашага развясёлага забойцы. Ай-яй-яй, і Вам загадаў з'явіцца?
Ну так.
Распытвалі абое, то адно, то другое.
Ён усё яшчэ шчаслівы?
Яшчэ як!
Усё яшчэ цвіце і пахне?
Дзіва што!
Мы прайшлі міма чарговай паштовай скрынкі. Уласна, я ўжо быў хацеў спыніцца, укінуць свой ліст, але Кнульпы ішлі далей, нічога не падазраючы, паспешна і шырокім крокам. Я мусіў подбегам паспявацца, каб сысціся з імі.
Колер казаў мне, што Вы атрымалі вельмі своеасаблівае даручэнне, гер прафесар, сказаў я.
Своеасаблівае? Чаму своеасаблівае?
Гер прафесар! Руку на сэрца: што Колер даручае даследаваць сваё ж забойства на прадмет яго наступстваў, - гэта дзікая ідэя. Чалавек забівае сярод божага белага дня, без дай-прычыны, вось так ні з таго ні з сяго, а пасля яшчэ ўчыняе з усяго гэтага сацыялагічнае даследаванне, дзеля, як заяўляе, вымярэння рэчаіснасці.
Але Вы ўжо вымераны, малады чалавек. На поўную сажню.
За гэтым павінна нешта стаяць! Нейкая д'ябальшчына! усклікнуў я.
Кнульпы спыніліся. Я задыхаўся. Ён прачысціў свае безапраўныя шкельцы, ступіў да мяне, так што я павінен быў глядзець на яго ўгору, а ён на мяне ўніз. Зноў начапіў акуляры, вырачыўся. Яго жонка таксама абурана ўтапырылася на мяне, падсунулася да мужа, а тым самым і да мяне.
Навука, навука стаіць за гэтым, малады чалавек, толькі навука. Упершыню ў буржуазным грамадстве вынікі і наступствы забойства могуць быць даследаваны з метадычнай грунтоўнасцю і вычарпальна апісаны! Дзякуючы нашаму царскаму забойству. Каласальны шанец. Выплывуць усе ўзаемасувязі! Сваяцкія, прафесійныя, палітычныя, фінансавыя, культурныя. Ніякага дзіва. Усё ўзаемазалежна ў гэтым свеце, у нашым міленькім горадзе таксама, адзін абапіраецца на другога, адзін пратэжыруе другому, і калі адзін падае, другія кумільгам цераз яго, і колькі ж бо колькі так ужо кульнулася. Уявіце сабе наступствы для нашай шаноўнай альма матэр. І гэта толькі пачатак.
Прабачце, машына.
Я пацягнуў абаіх да сябе, Кнульпы ў запале гарачкі сышлі з тратуара на вуліцу, і перад імі раптам затармазіла таксі. У салоне машыныгвалт, нейкая старая дама ў капелюшы са штучнымі кветкамі кіпела за шыбай, гарласты таксіствельмі грубы. А Кнульпам хоця ж бы штося.
Абсалютна ўсё адно, сказаў ён, статыстычнануль: ці нас раздушаць, ці не. У залік толькі сам пачатак, толькі навука.
Але фраў прафесар была зусім іншае думкі:
А мне было б шкада, лічыла яна.
Таксі ад'ехала. Кнульпы зноў перайшлі да любімай тэмысацыялагічных даследаванняў.
Забойства ёсць забойства, вядома, але для навукоўца гэта феномен, які павінен быць даследаваны як і ўсе іншыя феномены. Дагэтуль абмяжоўваліся толькі канстатацыяй фактаў, матывамі, прычынамі, асяроддзем, а я цяпер нацэлены на наступствы. І тут ужо дазвольце сказаць: дабраславенне альма матары, дабраславенне ўсяму ўніверсітэту, гэтае забойства, хацелася б, так бы мовіць, аж самаму каго-небудзь забіць. Але ж, вядома, шкада, вельмі шкада, такое жудаснае дзейства, але, з другога боку, праз нечаканую шчыліну, што засталася ад Вінтэра, пранікае свежае паветра, новы дух. Дзіка, чаго толькі з гэтага не вынікае, аказваецца мілы, дарагі наш Вінтэр быў толькі пяском на вятры, толькі рэшткавым элементам, якога якраз і неставала, як яшчэ сказаў Шэкспір: «Зіма (Вінтэр) нашых прыкрасцяў і расчараванняў», але я не хачу ні вінаваціць, ні каламбурыць, я толькі канстатую, стаўлю перад фактамі, малады чалавек, факты і толькі факты.
Мы дайшлі да «Паваў».
Беражы вас Бог, гер адвакат, сказалі Кнульпы і развіталіся. На гэтай ніве яшчэ шмат чаго даследаваць трэба, уплыў Вінтэра на школьную камісіюадно гэта ёсць цэлы раздзел, сачыце за сенсацыямі.
Каля дзвярэй рэстарана яны яшчэ раз абярнуліся, паднялі палец:
Навукова мысліце, малады чалавек, навукова мысліце. Але яшчэ падвучыцца трэба. Хоць вы і адвакат, даражэнькі, - сказала фраў прафесар Кнульпэ, alias Майсей Штэгэлін. Яны зніклі, а мой ліст так і заставаўся ўсё яшчэ не ўкінуты.
б) Архітэктар Фрыдлі: неўзабаве пасля гэтага я сядзеў побач з ім у рэстаране «Сэлект», ліст усё яшчэ ў кішэні. «Сэлект»: кавярня, каля якое сядзяць і сядзяць, колькі свет стаіць, інакш кажучы, мільёны гадоў, яшчэ калі брантазаўры пераходзілі ўброд раку, тут сядзелі. Фрыдлі я ведаю з часоў майго знаёмства з Штусі-Лойпінам, у яго былі ўвесь гэты час цяжкасці з зямельнымі спекуляцыямі, але яго нічога не магло стрымаць, ён быў і застаецца лавінай тлушчу, што падмятае наш горад, так што на прасеках паўстаюць новыя гандлёвыя, службовыя, арэндныя дамы, толькі даражэйшыя, чым раней, па адпаведна тлустых цэнах. Прыродная катастрофа пры бліжэйшым разглядзе: пяцідзесяцігадовыя, велізарныя тлушчавыя нарасці, маленькія, бліскучыя вочкі, глыбокане разгледзецьпасаджаныя, нос малюсенькі, вушы таксама, усё астатняе велізарнае selfmademan, дзіця доўгай вуліцы («мая старая, дарагі Шпэт, хадзіла мыць да чужых людзей, мой стары дапіўся да смерці, я нават сам пры пахаванні выліў у яго магілу бутэльку піва»), не толькі арэна калёсных высцігаў, без яго спецыяльных цэнаў былі б немагчымыя шасцідзённыя гонкі, падчас якіх на стадыёне паглынаецца процьма венскіх сасісак, але ж і музычны мецэнат, дзякуючы якому аркестр Канцэртнай залы і наш Оперны не спаўзаюць у пасрэднасць, завабліваў дырыжыраваць у нас Клемпэрэра, Бруна Вальтэра і нават Караяна, а цяпер пратэжыруе Мондшайну, так што ён наш горад, які ён так грунтоўна зганьбіў новабудоўлямі і рэканструкцыямі, прынамсі, зноў крыху прасвятляе музамі.
Ён адразу пазнаў мяне. Раніца была, як ужо сказана, ветраная (дзьмуў фён) і цёплая, адчуваў сябе па-хатняму, расслаблена і зачараваным вяласцю клімату, сядзелі цесна, я амаль прыклеены да Фрыдлі, які быў у выдатным настроі, мачаючы грэнку за грэнкай у каву з малаком, бязмерна, плямкаючы, глытаючы і сёрбаючы, кава карычневымі палосамі сцякала па шаўковым гальштуку і па белай кашулі.
Запыт пракурору. Далей цягнуць нельга. Я проста абавязаны расказаць пра сваю першую сустрэчу з Элен. Пакутлівае мерапрыемства, ісці на яго трэба вельмі абачліва, унікнуць яго немагчыма. Нават калі ў маім пераказе выплывуць чыста асабістыя матывы. Нарэшце-такі асабістыя, бо вы з асаблівай цікавасцю прачытаеце і падкрэсліце гэтую частку. «Вы»я не абмовіўся, я маю на ўвазе менавіта вас, гер пракурор Ёахім Фойзэр. Трымціце і калаціцеся. Чаму б мне не перайсці на асобы, калі вы, як пераемнік Емэрліна, другім, пасля начальніка паліцыі, чытацьмеце гэтыя радкі, правільней сказаць, ужо чытаеце, і я адчуваю пякельную радасцьпякельную, магчыма, у двайным сэнсе гэтага словапрывітаць вас з таго свету. Па шчырасці: вы вельмі педантычны прадстаўнік сваёй пароды, хай нават у адрозненне ад нябожчыка Емэрліна ўдаяце з сябе чалавека прагрэсіўных поглядаў і не прапускаеце ніводнага псіхалагічнага сімпозіума. Вы любіце рэчавыя доказы. Толькі што дзеля парадку вы агледзелі мой труп у анатамічным тэатры, на вас быў светлы плашч, капялюш вы з павагі да жытлішча мёртвых трымалі ў руцэ і скруцілі прафесійна журботны твар, самазабойства праведзена так, што не падкапаешся, ужо прызнайцеся, але ж з Колерам я абышоўся паводле ўсіх правілаў, у яго вельмі ўрачысты выгляд, калі мы так вось пакоімся побач, адзін каля аднаго. Але ж вернемся з вашага рэальнага, якое для мяне ў будучым, у маё рэальнае, якое для вас ужо мінула. Часіны змяшчаюцца. Усеклі? Не думаю. Хіба што разгневаліся. Я вельмі старанна падрыхтаваўся.